ВЯРЭ́ЙКІ,
вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Верацейка, на аўтадарозе Ваўкавыск—Індура. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 23 км на ПнЗ ад г. Ваўкавыск, 79 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Ваўкавыск. 1327 ж., 360 двароў (1996). Сярэдняя школа і санаторная школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква, касцёл.
т. 4, с. 399
ВЯРЭ́ЙСКІ Арэст Георгіевіч
(н. 20.7.1915, в. Аносава Смаленскай вобл., Расія),
рускі графік. Нар. мастак СССР (1983). Правадз. чл. АМ СССР (1983). Сын Г.С.Вярэйскага. У 1936—38 свабодны слухач Ленінградскай АМ. Асн. работы: ілюстрацыі да кн. «Васіль Цёркін» А.Твардоўскага (1942—48); «Ціхі Дон» (1951—52), «Лёс чалавека» (1958) і «Паднятая цаліна» (1967) М.Шолахава і інш. Выканаў серыі станковых работ: «Твар ворага» (1942), «А.В.Сувораў» (1950), «Ангара» (1959—60), «Петраградцы 1917 г.» (1967) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1978.
Н.В.Шаранговіч.
т. 4, с. 399
ВЯРЭ́ЙСКІ Георгій Сямёнавіч
(30.7.1886, г. Хмяльніцкі, Украіна — 19.12.1962),
рускі графік. Правадз. чл. АМ СССР (1949). Нар. мастак Расіі (1962). Скончыў Пецярб. ун-т (1912). Вучыўся ў Пецярбургу (1913—16) у М.Дабужынскага, Б.Кустодзіева, Г.Астравумавай-Лебедзевай. У 1918—30 — хавальнік аддзела гравюр у Эрмітажы. Майстар графічнага партрэта (літаграфія, афорт, малюнак). Стварыў серыі літаграфій: альбомы «Партрэты рускіх мастакоў» (1922, 1927), «Вёска» (1924), «Партрэты рускіх пісьменнікаў» (т. 1 — 2, 1927—29). Пейзажы Вярэйскага вызначаюцца тонкім лірызмам («Сад Рускага музея», 1925). Аўтар артыкулаў па мастацтвазнаўстве. Дзярж. прэмія СССР 1946.
Літ.:
Чернова Г.А. Г.С.Верейский. М., 1965.
Н.В.Шаранговіч.
т. 4, с. 399
ВЯРЭ́ЙСКІЯ,
малодшая лінія маскоўскіх вялікіх князёў. Паходзяць ад Дзмітрыя Данскога, прозвішча ад г. Вярэя, які ім належаў. Найб. вядомыя:
Міхаіл Андрэевіч (?—1486), у час вайны за трон Маскоўскага вял. княства паміж звянігарадскім князем Юрыем Дзмітрыевічам і Васілём II падтрымліваў спачатку першага, пасля другога. Разам з Васілём II хадзіў супраць хана Улуг-Мухамеда, у 1471 з Васілём III — на Ноўгарад. Пасля смерці Міхаіла Андрэевіча Вярэйскае княства далучана да Маскоўскай дзяржавы. Васіль Міхайлавіч Удалы (? — каля 1501), удзельнічаў у паходах маскоўскіх войск на Казань (1468, 1469), Ноўгарад (1471), супраць хана Ахмата (1472, 1480). У 1484 з-за пагрозы арышту ўцёк у ВКЛ, дзе атрымаў ва ўладанне Любеч, Койданаў, Усу, Старынкі, Іслач, Валожын, Радашковічы. Соф’я Васілеўна (пасля 1480 — 1549), дачка Васіля Міхайлавіча, выйшла замуж за А.Гаштольда (да 1506). У 1563 атрымала ад мужа Трабы, Гальшаны і інш., пасля яе смерці ўсе маёнткі адышлі да вял. князя ВКЛ як вымарачныя.
А.П.Грыцкевіч.
т. 4, с. 399
ВЯРЭ́ЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1790,
гл. ў арт. Руска-шведскія войны 17—19 ст.
т. 4, с. 399
ВЯРЭ́НЬКА,
у беларусаў каробка, плеценая з лубу, бяросты, лазы. Мела круглую, авальную або прадаўгаватую форму, з адной ці дзвюма ручкамі, з глыбокім вечкам або без яго. Прызначалася для пераноскі прадуктаў і гародніны.
т. 4, с. 400
ВЯРЭ́НЬКА Францішак Леапольдавіч
(15.3.1862, в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 4.3.1892),
бед. краязнавец і археолаг. Скончыў Мінскую гімназію (1881), Варшаўскі ун-т (1887). У 1886 за навук. працу па бел. нар. медыцыне ўзнагароджаны залатым медалём. Рабіў археал. раскопкі на тэр. сучаснага Ушацкага р-на: даследаваў гарадзішчы каля в. Гвазды, Вял. Бірулі, М. Дольцы, Афераўшчына; у наваколлі в. Пуцілкавічы выявіў 9 гарадзішчаў жал. веку, каля 50 курганных груп раннефеад. часу (раскапаў 36 курганоў) і склаў археал. карту ваколіц вёскі (уключана 85 помнікаў). У рукапісах засталіся працы «Курганы ў Пуцілкавічах» (1887—92), «Курганы і два дагістарычныя пасяленні ў Пуцілкавічах», археал. карты, схемы гарадзішчаў, замчышчаў, запісы бел. фальклору. Частка матэрыялаў захоўваецца ў Кракаўскім археал. музеі.
Тв.:
Przyczynek do lecznictwa ludowego // Materiały antropologiczno-archeologiczne i etnograficzne... Kraków, 1986. T.1.
Г.А.Каханоўскі.
т. 4, с. 400
ВЯРЭ́ЧЧА,
вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на р. Аўсянка. Цэнтр сельсавета. За 49 км на ПнУ ад г. Гарадок, 98 км ад Віцебска, 46 км ад чыг. ст. Гарадок. 328 ж., 159 двароў (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, ахвяр фашызму.
т. 4, с. 400