ВЯРЭ́ЙСКІЯ,
малодшая лінія маскоўскіх вялікіх князёў. Паходзяць ад Дзмітрыя Данскога, прозвішча ад г. Вярэя, які ім належаў. Найб. вядомыя:
Міхаіл Андрэевіч (?—1486), у час вайны за трон Маскоўскага вял. княства паміж звянігарадскім князем Юрыем Дзмітрыевічам і Васілём II падтрымліваў спачатку першага, пасля другога. Разам з Васілём II хадзіў супраць хана Улуг-Мухамеда, у 1471 з Васілём III — на Ноўгарад. Пасля смерці Міхаіла Андрэевіча Вярэйскае княства далучана да Маскоўскай дзяржавы. Васіль Міхайлавіч Удалы (? — каля 1501), удзельнічаў у паходах маскоўскіх войск на Казань (1468, 1469), Ноўгарад (1471), супраць хана Ахмата (1472, 1480). У 1484 з-за пагрозы арышту ўцёк у ВКЛ, дзе атрымаў ва ўладанне Любеч, Койданаў, Усу, Старынкі, Іслач, Валожын, Радашковічы. Соф’я Васілеўна (пасля 1480 — 1549), дачка Васіля Міхайлавіча, выйшла замуж за А.Гаштольда (да 1506). У 1563 атрымала ад мужа Трабы, Гальшаны і інш., пасля яе смерці ўсе маёнткі адышлі да вял. князя ВКЛ як вымарачныя.
А.П.Грыцкевіч.
т. 4, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)