сферы аб’ектыўнай рэчаіснасці, якія адрозніваюцца структурным узроўнем матэрыі. Кожная сфера характарызуецца своеасаблівасцю будовы матэрыі, прасторава-часавых і прычынных адносін, заканамернасцей руху. Макрасвет — гэта звычайны свет, дзе жыве і дзейнічае чалавек (планеты, зямныя целы, крышталі і інш.). Аб’екты макрасвету маюць рэзка выяўленую карпускулярную або хвалевую прыроду і іх рух падпарадкаваны дынамічным законам класічнай механікі. Сфера мікрасвет у — аб’екты, недаступныя непасрэднаму назіранню (малекулы, атамы, ядры атамныя, элементарныя часціцы і інш.). Для з’яў мікрасвету характэрна цесная сувязь карпускулярных і хвалевых уласцівасцей, што адлюстроўваецца ў статыстычных законах квантавай механікі. Своеасаблівая мяжа паміж М. і м. усталявана ў сувязі з адкрыццём пастаяннай Планка — кванта дзеяння. Спецыфіка кожнай сферы знаходзіць сваё адлюстраванне ў пазнанні, прыводзіць да абмежавання дастасоўнасці старых фіз. тэорый і ўзнікнення новых (адноснасці тэорыя, квантавая механіка, фізіка элементарных часціц).
палібласты, клеткі мезенхімнага, манацытарнага паходжання ў жывёльным арганізме, здольныя да актыўнага захопу і засваення бактэрый, чужародных і таксічных для арганізма часцінак, рэшткаў пашкоджаных клетак і інш. Тэрмін уведзены І.І.Мечнікавым (1892). М. — буйныя клеткі (20—100 мкм) са зменлівай формай, псеўдаподыямі, маюць арганелы для ўнутрыклетачнага ператраўлення паглынутага матэрыялу (лізасомы, фагасомы, мультывезікулярныя рэшткавыя цельцы) і сінтэзу (эндаплазматычная сетка, мітахондрыі) антыбактэрыяльных і інш. біялагічна актыўных рэчываў. Адыгрываюць вядучую ролю ў імунітэце, ажыццяўляюць фагацытоз. Знаходзяцца ў крыві (манацыты), злучальнай тканцы (гістыяцыты), крывятворных органах, печані (купфераўскія клеткі), сценках альвеол лёгкага (лёгачныя М.), брушной і плеўральнай поласцях (перытаніяльныя і плеўральныя М.). У млекакормячых утвараюцца ў чырв. касцявым мозгу. Гл. таксама Мезенхіма, Рэтыкулацыты, Фагацыты.
сукупнасць клетак-фагацытаў тканак і органаў, якія маюць агульнае паходжанне ад манацытаў крыві. Мае 3 звяны: клеткі-папярэднікі (манабласты і праманацыты) чырв. касцявога мозгу; транспартная форма — манацыты крыві (6—8% у лейкацытарнай формуле); клеткі-эфектары — мікрафагі ў тканках і органах, нашчадкі манацытаў, што пакінулі крывяное рэчышча. Клеткі М.с. выконваюць функцыі: выпрацоўкі біялагічна актыўных рэчываў, якія рэгулююць утварэнне імунакампетэнтных лімфоідных клетак; аховы арганізма ад чужародных мікраарганізмаў, таксінаў, інш. часцінак; удзелу ў рэакцыях запалення, рэарганізацыі тканак, загойванні ран, рэгуляцыі кроваўтварэння і інш. Рэгуляцыя функцыянавання М.с. ажыццяўляецца пры дапамозе пасрэднікаў, якія ўтвараюцца макрафагамі, лімфоіднымі і інш. імунакампетэнтнымі клеткамі. Макрафагі ўзбуджаюцца антыгеннымі сігналамі праз комплекс антыген-антыцела, кааперацыя з лімфацытамі ажыццяўляецца пры дапамозе розных рэцэптараў і антыгенаў.
раслінныя арганізмы, прыстасаваныя для жыцця ў вадзе, незалежна ад іх арганізацыі і сістэматычнага становішча. Растуць у вадаёмах, утвараюць палосы ўздоўж берагоў, вакол астравоў, падводных меляў. Існуе некалькі класіфікацый М. (біял., марфал., экалагічная, жыццёвых форм і інш.), іх аснова — падзел водных раслін на 3 катэгорыі: паглыбленыя ў ваду (напр., харавыя водарасці, імхі), плаваючыя (наводныя, напр., гарлачыкі, рдзест) і што ўзвышаюцца над вадой (надводныя, напр., стрэлкаліст, трыснёг, чарот). Рэдкія віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (напр., касач сібірскі, лабелія Дортмана, палушнік азёрны). М. садзейнічаюць самаачышчэнню вадаёмаў, добра растуць у забруджаных водах, акумулююць мінер., баластныя і таксічныя рэчывы, выкарыстоўваюцца для ачысткі сцёкавых вод, у меліярацыі, як лек. расліны і інш. У зоне прыбярэжных М. кормяцца і нерастуюць рыбы, селяцца птушкі, млекакормячыя.
сямейства даўгавусых насякомых атр. двухкрылых. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных і тундравых зон. М.-крывасмокі, што жывуць у тайзе, — адзін з кампанентаў гнюсу. Часовыя эктапаразіты і пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (анхацэркозаў, тулярэміі, філярыятозаў, гемаспарыдыёзу, японскага энцэфаліту і інш.). Расліннаедныя М. — апыляльнікі раслін. На Беларусі 28 відаў М.-крывасмокаў з роду Culicoides. Найб. трапляюцца М. аперанакрылы (C. fascipennis), М. звычайны (C. obsoletus), М. пякучы (C. pulicaris). Жывуць у забалочаных мясцінах і вільготных лясах.
Даўж. цела да 4 мм. Крылы плямістыя або бясколерныя. Вочы вял., вусікі 13—14-членікавыя. Ротавыя органы ў выглядзе колючага хабатка. Самцы кормяцца нектарам, самкі найчасцей крывасмокі. Развіццё з поўным ператварэннем.
эвалюцыйныя пераўтварэнні, якія вядуць да фарміравання таксонаў больш высокага рангу, чым від (родаў, сямействаў, атрадаў, класаў і інш.). Тэрмін уведзены рас. біёлагам Ю.А.Філіпчанкам (1927). М. ўяўляе сабой абагульненую карціну эвалюц. змяненняў, якая назіраецца ў шырокай гіст. перспектыве. На ўзроўні М. выяўляюцца агульныя тэндэнцыі, кірункі і заканамернасці эвалюцыі арган. свету. Паводле ўяўленняў эвалюцыяністаў, у М. адсутнічаюць спецыфічныя механізмы, яна ажыццяўляецца праз працэсы мікраэвалюцыі і з’яўляецца іх інтэграваным выяўленнем. Пры назапашванні мікраэвалюц. працэсы знешне праяўляюцца ў макраэвалюц. з’явах.
раздзел эканам. навукі, які даследуе буйнамаштабныя з’явы і працэсы эканомікі краіны, яе гаспадаркі як адзінае цэлае. Аб’ектамі даследавання М. з’яўляюцца зводныя абагульняльныя паказчыкі па гаспадарцы — нац. багацце, валавы нац. і валавы ўнутр. прадукт, нац. даход, сумарныя дзярж. і прыватныя інвестыцыі, агульная колькасць грошай у абарачэнні; вывучае таксама сярэднія па краіне паказчыкі (напр., сярэднія даходы, заработная плата, узровень інфляцыі, беспрацоўе, занятасць), абагульняльныя паказчыкі росту, тэмпы павелічэння або зніжэння велічынь, што характарызуюць эканоміку краіны і эканам. працэсы. Асноўнае кола паказчыкаў сучаснага макраэканамічнага аналізу склалася пад уплывам Дж.М.Кейнс. Гл. таксама Мікраэканоміка.