МАКРАЭВАЛЮ́ЦЫЯ (ад макра... + эвалюцыя),
эвалюцыйныя пераўтварэнні, якія вядуць да фарміравання таксонаў больш высокага рангу, чым від (родаў, сямействаў, атрадаў, класаў і інш.). Тэрмін уведзены рас. біёлагам Ю.А.Філіпчанкам (1927). М. ўяўляе сабой абагульненую карціну эвалюц. змяненняў, якая назіраецца ў шырокай гіст. перспектыве. На ўзроўні М. выяўляюцца агульныя тэндэнцыі, кірункі і заканамернасці эвалюцыі арган. свету. Паводле ўяўленняў эвалюцыяністаў, у М. адсутнічаюць спецыфічныя механізмы, яна ажыццяўляецца праз працэсы мікраэвалюцыі і з’яўляецца іх інтэграваным выяўленнем. Пры назапашванні мікраэвалюц. працэсы знешне праяўляюцца ў макраэвалюц. з’явах.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)