Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАРО́ЎЛЯ,

горад у Гомельскай вобл., прыстань на правым беразе р. Прыпяць. Цэнтр Нараўлянскага р-на. За 125 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Ельск на лініі Калінкавічы — Оўруч. Аўтадарогамі злучана з Мазыром, Ельскам. 7,4 тыс. ж. (2000).

Вядома з 18 ст. як прыватнае мястэчка. Належала Аскеркам. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1800 каля Н. працавалі гута, вінакурны завод. У 1897 у Н. 1,1 тыс. ж., школа, царква. З крас 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з ліп 1924 у БССР, цэнтр раёна Мазырскай акругі. Працавалі агароднінасушыльная ф-ка, 5 гарбарных з-даў, паравы млын. У 1931 арганізавана суднабудаўнічая арцель, пабудаваны суднарамонтны з-д, кандытарская ф-ка «Чырвоны мазыранін», лесазавод. З 27.9.1938 гар. пасёлак у Палескай вобл., 4,7 тыс. ж. (1941). У Вял. Айч. вайну 27.8.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Н. і раёне 600 чал. 29—30.8.1943 партызаны правялі Нараўлянска-Шчакатаўскую аперацыю 1943. Вызвалена 30.11.1943 воінамі 61-й арміі Бел. фронту ў выніку Нараўлянскай аперацыі 1943 сумесна з партызанамі 27-й Нараўлянскай брыгады імя Кірава. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1959—4,8 тыс. ж., у 1970—6,6 тыс. ж. У снеж. 1962 — студз. 1965 у Ельскім р-не. З 3.11.1971 горад. Горад і раён моцна пацярпелі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, частка іх насельніцтва пераселена.

Прадпрыемствы харч. (Нараўлянская кандытарская фабрыка «Чырвоны мазыранін», сумеснае прадпрыемства «Нордэкс», малаказавод, хлебазавод), буд. матэрыялаў прам-сці, з-д гідраапаратуры, дрэваперапрацоўчы камбінат, Райаграпрамтэхніка, лясгас, камбінат быт. абслугоўвання. Нараўлянскі этнаграфічны музей. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Нараўлянскі сядзібна-паркавы ансамбль. Каля Н. — паселішча бронзавага веку.

Да арт. Нароўля. Школа-інтэрнат (былы сядзібны дом 19 ст.).

т. 11, с. 192

НАРТА́МБЕРЛЕНД-ДА́РЭМ (Northumberland—Durham),

вугальны басейн у Вялікабрытаніі (графствы Нартамберленд і Дарэм), на зах. узбярэжжы Паўночнага м. Пл. 2 тыс. км². Агульныя запасы каля 13,5 млрд. т. Распрацоўка з 13 ст. Вугляносная тоўшча карбону (магутнасць 3,4 тыс. м) складае пакатую сінкліналь, 14—15 рабочых пластоў магутнасцю 0,48—2,82 м, глыб. распрацоўкі 60—560 м. Вуглі каменныя, сярэдне- і нізкаметамарфізаваныя. Здабыча падземным спосабам, ч. шахтаў пад дном Паўночнага мора.

т. 11, с. 192

НАРТГЕ́МПТАН (Northampton),

горад у Вялікабрытаніі, адм. цэнтр графства Нартгемптаншыр, на р. Нін. Вядомы з 914. 184 тыс. ж. (1991). Прам-сць: гарбарна-абутковая, машынабудаванне (абсталяванне для абутковай прам-сці, пад’ёмна-трансп. землярыйнае, аўта- і авіядэталі), радыёэлектроніка. Раманскі сабор (11—12 ст.), інш. арх. помнікі 12 і 17 ст.

т. 11, с. 193

НАРТГЕ́МПТАНШЫР (Northamptonshire),

жалезарудныя радовішчы ў Вялікабрытаніі (графства Нартгемптаншыр). Асадкавага паходжання. Руды аалітавыя, гётыт-шамазітавыя. Агульныя запасы — больш за 2,1 млрд. т руды (жалеза 30%). Асн. цэнтр — г. Нартгемптан.

т. 11, с. 193

НАРТУ́МБРЫЯ (Northumbria),

адно з каралеўстваў, якое склалася ў ходзе англа-саксонскага заваявання Брытаніі. Утварылася каля 605 у выніку зліцця каралеўстваў англаў Берніцыі і Дэйры. У 829 тэр. Н. заваявана англа-саксонскім каралеўствам Уэсекс, а да канца 9 ст. — датчанамі. Каля 924 тэр. Н. далучана да Уэсекса, пасля 954 канчаткова ўвайшла ў склад аб’яднанай Англіі.

т. 11, с. 193

НА́РТЫ,

героі стараж. эпічных паданняў (нарцкага эпасу) многіх горскіх каўк. народаў. Як правіла, гэта магутныя воіны-асілкі, якія змагаюцца супраць сіл зла, але займаюцца і мірнай працай, носьбіты пазітыўнага пачатку. Яны ўступаюць у цесныя (часам сваяцкія) адносіны з багамі, што прымаюць непасрэдны ўдзел у іх гераічных здзяйсненнях. Некаторыя Н. змагаюцца супраць злых багоў і перамагаюць іх.

т. 11, с. 193

НА́РТЫ,

лёгкія санкі для сабачай або аленевай запрэжкі. Сродак перамяшчэння на поўначы Еўропы, Азіі, Амерыкі. Вядомы яшчэ да н.э. Сабачыя Н. больш нізкія і лёгкія, у іх запрагаюць цугам або веерам, звычайна 6—12 сабак, у аленевыя — ад 1 да 7 аленяў. Есць таксама ручныя Н.

Нарты.

т. 11, с. 193

НАРТЭ́КС (познагрэч. narthēx),

прытвор, уваходнае памяшканне ў пярэдняй частцы хрысц. храма, прызначанае для асоб, якія не маюць права ўваходзіць у гал. храмавае памяшканне. Трапляецца двайны Н. — знешні (экзанартэкс) і ўнутраны. У культавых збудаваннях на Беларусі Н. называюць бабінцам.

Нартэкс.

т. 11, с. 193

НАРУ́ТАВІЧЫ,

вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля аўтадарогі Бяроза—Пружаны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Бяроза, 119 км ад Брэста. 550 ж., 204 двары (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 11, с. 193

НАРУТО́ВІЧ ((Narutowicz) Габрыэль) (17.3.1865, г. Цельшай, Літва — 16.12.1922),

польскі дзярж. дзеяч, інжынер-канструктар. Вучыўся ў Пецярбургскім (1884—86) і Цюрыхскім (1886—91) ун-тах. Праектаваў і кіраваў буд-вам ГЭС у Швейцарыі, Італіі, Іспаніі. З 1908 праф. Вышэйшай політэхн. школы ў Цюрыху. У 1-ю сусв. вайну ўзначальваў Польскі грамадскі к-т у Цюрыху, быў чл. дырэкцыі Ген. к-та дапамогі ахвярам вайны ў Польшчы, т.зв. к-та ў Веве. З 1920 у Польшчы: міністр публічных работ (1920—21), міністр замежных спраў (1922). 9.12.1922 выбраны першым прэзідэнтам Польскай Рэспублікі пры падтрымцы левых, цэнтрыстаў і прадстаўнікоў нац. меншасцей, што выклікала рэзкія нападкі правых. Застрэлены ў Варшаве нацыяналістам Э.Невядомскім.

Н.К.Мазоўка.

т. 11, с. 193