НАРУТО́ВІЧ ((Narutowicz) Габрыэль) (17.3.1865, г. Цельшай, Літва — 16.12.1922),
польскі дзярж. дзеяч, інжынер-канструктар. Вучыўся ў Пецярбургскім (1884—86) і Цюрыхскім (1886—91) ун-тах. Праектаваў і кіраваў буд-вам ГЭС у Швейцарыі, Італіі, Іспаніі. З 1908 праф. Вышэйшай політэхн. школы ў Цюрыху. У 1-ю сусв. вайну ўзначальваў Польскі грамадскі к-т у Цюрыху, быў чл. дырэкцыі Ген. к-та дапамогі ахвярам вайны ў Польшчы, т.зв. к-та ў Веве. З 1920 у Польшчы: міністр публічных работ (1920—21), міністр замежных спраў (1922). 9.12.1922 выбраны першым прэзідэнтам Польскай Рэспублікі пры падтрымцы левых, цэнтрыстаў і прадстаўнікоў нац. меншасцей, што выклікала рэзкія нападкі правых. Застрэлены ў Варшаве нацыяналістам Э.Невядомскім.
Н.К.Мазоўка.
т. 11, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)