Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САМАСТРЭ́ЛЬНІКІ,

геалагічнае агаленне стараж. азёрна-балотных адкладаў; палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963); з 1998 у складзе геолага-геамарфалагічнага помніка прыроды рова Яна і Цэцыліі. Размешчаны ў рове на левабярэжжы р. Нёман, каля в. Багатырэвічы (б. Самастрэльнікі) Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. У борце рова (выш. да 13 м) на працягу 50 м агаляюцца адклады муравінскага міжледавікоўя (магутнасць 3,3 м), багатыя на рэшткі рэліктавых раслін (больш за 100 відаў) выкапнёвай флоры ляснога тыпу, што існавала каля 100 тыс. г. назад. У агаленні выяўлены новыя для адкладаў муравінскага міжледавікоўя віды раслін.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 14, с. 136

САМАСУ́Д (Самуіл Абрамавіч) (14.5.1884, Тбілісі — 6.11.1964),

расійскі дырыжор. Нар. арт. СССР (1937). Скончыў Тыфліскае муз. вучылішча (1906), вучыўся ў Празе і Парыжы. З 1910 дырыжор опернага т-ра пецярбургскага Нар. дома. У 1917—19 у Марыінскім т-ры, з 1918 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Ленінградскага Малога опернага т-ра, з 1936 гал. дырыжор Вял. т-ра, у 1943—50 — Муз. т-ра імя К.​Станіслаўскага і У.​Неміровіча-Данчанкі. З 1953 узначальваў сімф. аркестр Маскоўскай філармоніі; з 1957 арганізатар і маст. кіраўнік оперна-сімф. аркестра Усесаюзнага радыё і тэлебачання. З яго дзейнасцю звязана станаўленне сав. опернага мастацтва. Сярод твораў, пастаўленых пад яго кіраўніцтвам, оперы «Нос» (1930) і «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (1934) Дз.​Шастаковіча, «Іван Сусанін» М.​Глінкі (1939) і інш.; 7-я сімф. Шастаковіча (1942) і 7-я сімфонія С.​Пракоф’ева (1952) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947, 1952.

т. 14, с. 136

САМАТАТРО́ПНЫ ГАРМО́Н,

тое, што гармон росту.

т. 14, с. 136

САМАТЛО́РСКАЕ РАДО́ВІШЧА нафтавае.

У Цюменскай вобл., Расія. Уваходзіць у Заходне-Сібірскую нафтагазаносную правінцыю. Адкрыта ў 1965, эксплуатуецца з 1969. Паклады ў тэрыгенных адкладах ніжняга мелу і верхняй юры на глыб. 1610—2350 м. Выяўлена 10 пакладаў нафты нафтэнаметанавага тыпу, у т. л. з газавай шапкай. Пач. дэбіт свідравін 47—200 т/сут. Шчыльн. нафты 0,85 г/см³, мае 0,68—0,86% серы. Цэнтр здабычы — г. Ніжнявартаўск.

т. 14, с. 136

САМАТУ́ЖНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

дробная хатняя таварная вытворчасць прамысл. прадукцыі, заснаваная на невысокай тэхн. аснове. Гл. ў арт. Рамяство.

т. 14, с. 136

САМАТЫ́ЧНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,

частка нервовай сістэмы, якая мае адчувальныя і рухальныя валокны, што інервуюць апорна-рухальны апарат і скуру. Падзел нерв. сістэмы на саматычную і вісцэральную (унутр. органаў), уведзены англ. фізіёлагам У.​Х.​Гаскелам, умоўны. Гл. таксама Вегетатыўная нервовая сістэма.

т. 14, с. 136

САМАТЫ́ЧНЫЯ МУТА́ЦЫІ,

змены генет. матэрыялу ў клетках цела. Абумоўліваюць мазаіцызм. Праяўляюцца ў арганізме і перадаюцца пры вегетатыўным размнажэнні (не перадаюцца патомкам пры палавым размнажэнні).

Напр., розны колер вачэй, радзімыя плямы, пухліны ў чалавека, жывёл і раслін.

т. 14, с. 136

САМАТЭ́ВІЧЫ, Самацеевічы,

б. вёска, цэнтр сельсавета і калгаса (да вер. 1991) у Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Касцюковічы—Красная Гара. За 30 км на ПдЗ ад Касцюковіч, 33 км ад чыг. ст. Камунары. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1585 як сяло Крычаўскай вол. і староства Мсціслаўскага ваяв. ВКЛ. З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1795 сяло Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., 220 ж., 46 двароў. У 1842 пабудавана Троіцкая царква, у 1864 адкрыта нар. вучылішча. З 1867 праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1888 мяст. С. (яно ж Дзімітраўск) — уласнасць Дз.​С.​Галынскага; цэнтр воласці, 744 ж., 97 двароў, валасное праўленне, царква, касцёл, школа, бальніца, вятрак, заезны двор, вінакурны завод, 6 крам, Гайдукоўскае паштовае аддзяленне. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Касцюковіцкага р-на Калінінскай акр., з 20.2.1938 — Магілёўскай вобл. У Вял. Айч. вайну ў снеж. 1942 ням. фашысты загубілі 283 жыхары і ў 1943 часткова спалілі вёску. Вёска С. — радзіма нар. паэта Беларусі А.​Куляшова, дзе ў 1984 быў адкрыты літ. музей паэта. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (26.4.1986) жыхары вёскі ў 1991 сселены ў пабудаваны пасёлак у Бялынкавіцкім с/с, які атрымаў назву Новыя Саматэвічы. Новыя С. — цэнтр калгаса. За 7 км на ПдУ ад г. Касцюковічы, 10 км ад чыг. ст. Камунары, 167 км ад Магілёва. 890 ж., 330 двароў (2001). Філіял жыллёва-камунальнага камбіната. Сярэдняя школа, аддз. сувязі.

т. 14, с. 137

САМАЎЗГАРА́ННЕ,

узнікненне ачага гарэння без крыніцы запальвання. Абумоўлена рэзкім нарастаннем скорасці экзатэрмічных працэсаў у выніку саманагравання гаручых цвёрдых матэрыялаў (торф, вугаль, драўнянае пілавінне і інш.). Паводле прыроды працэсу, што выклікае саманаграванне матэрыялу, адрозніваюць С. хім. (гл. Пірафорныя рэчывы), мікрабіял. і цеплавое. Адбываецца пры пэўных умовах, калі цеплавыдзяленне ў ходзе рэакцыі большае за цеплаадвод у навакольнае асяроддзе. Механізм узнікнення гарэння пры С. падобны на механізм узнікнення цеплавога самазагарання. У адрозненне ад С., якое праяўляецца ў выглядзе тлення ці полымнага гарэння, самазагаранне ўзнікае ў выглядзе аб’ёмнага полымнага гарэння газаў і вадкасцей. Гл. таксама Узгаранне.

т. 14, с. 137

САМАЎНУШЭ́ННЕ, аўтасугестыя,

працэс унушэння, накіраваны на самога сябе, пры якім суб’ект і аб’ект уздзеяння ўнушэння супадаюць. Прыводзіць да павышэння ўзроўню самарэгуляцыі, што дазваляе суб’екту выклікаць у сабе пэўныя адчуванні, успрыняцці, кіраваць працэсамі ўвагі, памяці, эмацыянальнымі і саматычнымі рэакцыямі. Можа быць адвольнае і неадвольнае. Адвольнае С. дасягаецца пры дапамозе вербальных (моўных) самаінструкцый або ўзнаўлення ў думках пэўных сітуацый, адназначна звязаных з патрэбным змяненнем псіхічнага або фіз. стану. Эфектыўнаму адвольнаму С. спрыяюць псіхічная рэлаксацыя, багатая фантазія. Неадвольнае С. характарызуецца некрытычнымі адносінамі суб’екта да ўласных ідэй, канцэпцый, ацэнак, адсутнасцю сумненняў у іх правільнасці і верагоднасці, зніжэннем кантралюючых функцый свядомасці. Вынікам гэтага можа стаць рыгіднасць (адсутнасць гібкасці) псіхічнай дзейнасці. С. можа выкарыстоўвацца як метад самакіравання ў псіхатэрапіі, спорце, педагогіцы.

т. 14, с. 137