САМАСТРЭ́ЛЬНІКІ,
геалагічнае агаленне стараж. азёрна-балотных адкладаў; палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963); з 1998 у складзе геолага-геамарфалагічнага помніка прыроды рова Яна і Цэцыліі. Размешчаны ў рове на левабярэжжы р. Нёман, каля в. Багатырэвічы (б. Самастрэльнікі) Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. У борце рова (выш. да 13 м) на працягу 50 м агаляюцца адклады муравінскага міжледавікоўя (магутнасць 3,3 м), багатыя на рэшткі рэліктавых раслін (больш за 100 відаў) выкапнёвай флоры ляснога тыпу, што існавала каля 100 тыс. г. назад. У агаленні выяўлены новыя для адкладаў муравінскага міжледавікоўя віды раслін.
В.Ф.Вінакураў.
т. 14, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)