Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІНЕ́Ц (Abramis ballems),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў вадаёмах бас. Балтыйскага, Азоўскага, Каспійскага, Чорнага м. Жыве ў прэсных водах. На Беларусі ў невял. колькасці ў р. Дняпро і яго прытоках (Прыпяць, Сож, Бярэзіна). Нар. назвы кляпец, сіньга, сопа.

Даўж. цела да 40 см, маса да 1 кг. Падобны да ляшча Адрозніваецца больш выцягнутым і сціснутым целам, дробнай луской, завостраным ротам, злёгку накіраваным угору, больш доўгім анальным плаўніком і інш. Спіна цёмна-сіняя (адсюль назва), бакі і бруха серабрыста-белыя з залацістым адлівам, няпарныя плаўнікі бледна-шэрыя, грудныя — жаўтаватыя з чарнаватай аблямоўкай. Корміцца зоапланктонам і бентасам.

т. 14, с. 400

СІ́НЕ-ЗЯЛЁНЫЯ ВО́ДАРАСЦІ, цыянавыя водарасці (Cyanophyta, або Cyanomycota),

аддзел водарасцей. З кл.: храакокавыя, хамесіфонавыя і гармагоніевыя водарасці. Паводле будовы клетак (у т. л. арганізацыі ядзернага апарату, саставу і генет. уласцівасцей) адносяцца да пракарыётаў, а таксама да бактэрый і наз. цыянабактэрыямі. Адначасова С.-з.в. ўключаюць у бат. класіфікацыю, якая з’яўляецца філагенетычнай, і наз. цыянапракарыётамі. Каля 150 родаў, 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Вядомы з дакембрыю (узрост некат. з іх больш за 3 млрд. гадоў). На Беларусі 327 відаў, разнавіднасцей і форм з 55 родаў: асцыляторыя, насток, мікрацысціс, афанізаменон, глеятрыхія, глеякапса, фармідыум, калотрыкс, спіруліна, афанатэцэ, сінехакокус і інш.

Аднаклетачныя, каланіяльныя і шматклетачныя (ніткаватыя) арганізмы, мікраскапічныя, часта ўтвараюць буйныя скопішчы ў выглядзе корак і кусцікаў выш да 20 см (у трапічных морах). Афарбоўка ад сіне-зялёнай да чырвонай. Фотасінтэзуючыя, маюць хларафіл a, караціноіды і асобныя пігменты — фікабіліпратэіды Для С.-з.в. характэрна адсутнасць жгуцікавых стадый і палавога працэсу.

Размнажэнне вегетатыўнае. Уваходзяць у склад планктону, бентасу прэсных вод і мораў, жывуць на паверхні глебы, у гарачых крыніцах з т-рай вады да 80 °C, у вапнавым субстраце, гарах, Арктыцы і Антарктыцы. З’яўляюцца піянерамі жыцця ў крайніх умовах існавання. Часта знаходзяцца ў сімбіятычных адносінах з іншымі арганізмамі: аднаклетачнымі водарасцямі, што страцілі хларапласты, прасцейшымі, грыбамі (лішайнікі), моха- і папарацепадобнымі, сагаўнікавымі, пакрытанасеннымі. Выконваюць ролю азотфіксатараў і выкарыстоўваюцца як угнаенне (напр., на рысавых палях). Выклікаюць «цвіценне» вады ў вадасховішчах. Некат. ўжываюцца ў ежу (насток, спіруліна), выкарыстоўваюцца для культывавання (напр., для вырабу лекаў).

Літ.:

Громов Б.В. Ультраструктура сине-зеленых водорослей. Л., 1976;

Гусев М.В., Никитина К.А. Цианобактерии. М., 1979;

Komárek J, Anagnostidis K. Cyanoprokaryota. // Süsswasserflora von Mittel europa. Jena etc., 1999. Bd. 19, t. 1.

Т.​М.​Міхеева.

т. 14, с. 398

СІНІ́ЙСКІ КО́МПЛЕКС, сіній (ад позналац. Sina Кітай),

комплекс горных парод верхняга дакембрыю, адпавядае большай ч. рыфею. Вылучаны ням. геолагам Ф.​Рыхтгофенам у 1882 на тэр. Кітая. Складзены ўнізе з кварцытаў, сланцаў і андэзітавых лаваў, уверсе пераважна з вапнякоў і даламітаў са страматалітамі. Магутнасць 8 тыс. м. У бас. р. Янцзы С.к. уключае характэрную пачку ледавіковых кангламератаў — тылітаў. З адкладамі С.к. звязаны радовішчы жалезных і марганцавых руд.

т. 14, с. 400

СІНІ́ЛАЎ (Кузьма Раманавіч) (14.5.1902, в. Бывалькі Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. — 31.12.1957),

генерал-лейтэнант (1944). Скончыў ваен. школу ВЦВК (1924), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). З 1919 у Чырв. арміі і войсках НКУС. Удзельнік грамадз. 1918—20, сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У пач. Вял. Айч. вайны нач. пагранвойск Мурманскай акругі, камандзір дывізіі войск НКУС, з кастр. 1941 да 1953 камендант Масквы, потым выкладчык у ВНУ.

т. 14, с. 400

СІНІ́ЛЬНАЯ КІСЛАТА́, цыяністы вадарод, цыяніставадародная кіслата, нітрыл мурашынай кіслаты,

слабая аднаасноўная к-та, HCN. У свабодным і звязаным стане ёсць у раслінах.

Бясколерная лёгкалятучая вадкасць з пахам горкага міндалю, tкіп 25,65 °C, шчыльн. 687,08 кг/м³ (20 °C). Сумесь пары С.к. з паветрам (4,9—39,7% С.к.) выбухованебяспечная.

Змешваецца з вадой і многімі арган. растваральнікамі. З металамі ўтварае солі — цыяніды, арган. вытворныя С.к. — нітрылы Асн. прамысл. метад атрымання С.к. — акісляльны аманоліз метану на каталізатары (сплаў плаціны з родыем) пры 1000 °C. Выкарыстоўваюць у вытв-сці цыянідаў, акрыланітрылу, акрылатаў і інш., як фумігант. Вельмі атрутная, затрымлівае акісляльныя і ферментатыўныя працэсы, паралізуе дыхальныя цэнтры і выклікае ўдушша; ГДК у атм. паветры 0,01 мг/м³, у вадзе 0,1 мг/л.

т. 14, с. 400

СІНІ́Н,

горад на ПнЗ Кітая, на р. Хуаншуй (бас. Хуанхэ). Адм. і гал. прамысл. цэнтр прав. Цынхай. Каля 1 млн. ж. з прыгарадамі (2001). Чыг. ст., вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: металургічная, маш.-буд., хім., папяровая, буд. матэрыялаў, харчовая. На ПнЗ ад С. — Датунскі кам.-вуг. басейн.

т. 14, с. 400

СІНІ́НГІЯ,

род кветкавых раслін, гл. ў арт. Глаксінія.

т. 14, с. 400

СІ́НІСАЛА (Гельмер-Райнер Нестаравіч) (14.6.1920, г. Златауст Чэлябінскай вобл., Расія —3.8.1989),

карэльскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1978). Вучыўся ў Маскоўскай і Ленінградскай кансерваторыях (1952—55). Яго творчасці ўласціва выкарыстанне нар. карэльскай музыкі, нац. эпасу «Калевала». Аўтар першых карэльскіх балета «Сампа» (1959) і твораў для арк., у т. л. сімфоніі «Волаты лесу» (1949). Сярод інш. твораў: балеты, кантаты, канцэрты для фп. і інш. інстр. з арк., для арк. кантэле, кам.-інстр. ансамблі, фп. п’есы, рамансы, песні, музыка для т-ра і кіно, апрацоўкі фін., карэльскіх, вепскіх і паморскіх нар. песень. Дзярж. прэмія Карэліі 1974. Дзярж. прэмія Расіі 1986.

Літ.:

Городниикая Н.Ю. Г.-Р.​Синисало. Л., 1984.

Г.Сінісала.

т. 14, с. 400

СІНІ́ЦАВЫЯ (Paridae),

сямейства птушак атр. вераб’інападобных. 2 падсям.: рэмезы і сініцы (Parinae). 55 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Паўд. Амерыкі, Аўстраліі, в-ва Мадагаскар. Жывуць у лясах, парках, скверах, рэмезы зрэдку ў трыснягу. На Беларусі 8 відаў. Найб. пашыраны: сініца вялікая (Parus major), блакітніца звычайная (гл. Блакітніцы), сініца чубатая (P. cristatus), гаічка чорнагаловая (гл. Гаічкі). 2 віды — блакітніца белая і рэмез занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела 7,6—20 см, маса 7—25 г. Апярэнне мяккае. Ногі моцныя. Крылы невял., тупыя. Дзюба прамая, канічная, зрэдку вострая. Кормяцца насякомымі, насеннем, пладамі раслін. Нясуць 4—16 яец.

Да арт. Сініцавыя. Сініцы: 1 — вялікая; 2 — чорная, або маскоўка; 3 — чубатая. 4 — Гаічка чорнагаловая.

т. 14, с. 400

СІ́НІЦКАЕ ПО́ЛЕ,

вёска ў Буйнавіцкім с/с Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр калект. с.-г. унітарнага прадпрыемства. За 35 км на У ад г.п. Лельчыцы, 202 км ад Гомеля, 58 км ад чыг. ст. Ельск. 407 ж., 135 двароў (2001). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 14, с. 401