Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НУРЭ́КСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

На р. Вахш, у Таджыкістане. Утворана плацінай аднайменнай ГЭС. Запаўненне з 1972. Пл. 98 км2, аб’ём 10,5 км3, даўж. 70 км, найб. шыр. 1 км. Сезоннае рэгуляванне сцёку; праектнае ваганне ўзроўню вады да 53 м. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 11, с. 390

НУТ (Cicer),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Усх. Афрыцы. Трапляюцца па камяністых месцах на горных лугах, утвараюць характэрныя для мясц. расліннасці фітацэнозы. Культывуюць Н. культурны, або бараноў гарох (C. arietinum), які інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі.

Н. культурны — адналетнік выш да 80 см з верт. або ўзыходнымі парасткамі, густа апушанымі залозістымі валаскамі. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі адзіночныя, дробныя, чырв., ружовыя або белыя. Плод — боб. Насенне мае да 30% бялку, да 60% вугляводаў, да 7% тлушчу. Харч. (гатуюць крупу, муку, кандытарскія вырабы), кармавая расліна.

В.В.Маўрышчаў.

Нут.

т. 11, с. 390

НУТАЛІЁЗ коней,

трансмісіўная інвазійная хвароба з групы піраплазмідозаў, якая выклікаецца конскай нуталіяй (гл. Нуталіі), што паразітуе ў эрытрацытах. Хварэюць таксама аслы, мулы, зебры. Пашыраны ў Афрыцы, Паўд. Амерыцы, Аўстраліі, Еўропе і Азіі пераважна на Пд і У. Крыніца інвазіі — хворыя і носьбіты. Пераносчыкі — пашавыя іксодавыя кляшчы з родаў гіялома (найб. небяспечныя), рыпіцэфалус і дэрмацэнтар. Цячэнне вострае ці падвострае, зрэдку хранічнае. Назіраюцца перыяд. ліхаманка, прыгнечанасць, анемічнасць, жаўтушнасць слізістых абалонак (часам кровазліцці), эрытрацыты разбураюцца, парушаецца дзейнасць стрававальных і інш. органаў (гл. Бабезіёзы). Можа працякаць разам з піраплазмозам і інш.

т. 11, с. 391

НУТА́ЛІІ (Nuttallia),

род паразітычных прасцейшых сям. бабезіідаў атр. піраплазмідаў. Паразітуюць у эрытрацытах коневых (пераважна коней), вожыкаў, катоў, пясчанак і некат. інш. цеплакроўных жывёл (выклікаюць нуталіёзы) і ў клетках іксодавых кляшчоў, пераважна з родаў дэрмацэнтар, гіялома, рыпіцэфалус і гемафізаліс. Найб. вядомы Н. конская (трапляецца на Беларусі) і кашэчая.

Даўж. 0,7—2 мкм. Форма акруглая ці грушападобная. Бясколерныя, з адзіночнымі храмацінавымі ўключэннямі. У адным эрытрацыце 1—4 (да 10) паразіты. Размнажэнне (бясполае) простым ці множным дзяленнем (шызаганія), у эрытрацытах — часта на 4 клеткі (размяшчэнне ў форме мальтыйскага крыжа).

А.М.Петрыкаў.

Нуталіі ў эрытрацытах (у 2 верхніх радах этапы дзялення).

т. 11, с. 391

НУТА́ЦЫІ (ад лац. nutatio ваганне, калыханне),

кругавыя або вагальныя рухі органаў раслін. Уласцівы кветаносам, лісцю, караням, калеоптылям, сталонам і інш. органам вышэйшых, а таксама спарангіяносцам ніжэйшых раслін. Кругавыя Н. абумоўлены нераўнамерным ростам розных ч. органаў (рухі росту). Выражаны ў сцёблаў і вусікаў павойных і лазячых раслін. Хістальныя і кругавыя Н. органаў, што спынілі рост, напр., лісця і прылісткаў, адбываюцца ў выніку паслядоўных змен тургару ў клетках лісцевых сучляненняў.

т. 11, с. 391

НУТА́ЦЫЯ,

вагальны рух восі ўласнага вярчэння цела, які адбываецца адначасова з прэцэсіяй і пры якім змяняецца вугал паміж воссю ўласнага вярчэння цела і воссю, вакол якой адбываецца прэцэсія, (вугал нутацыі Θ; гл. Эйлеравы вуглы).

У гіраскопа (ваўчка), што рухаецца пад дзеяннем сілы цяжару P, Н. ўяўляе сабой ваганні восі гіраскопа, амплітуда і перыяд якіх тым меншыя. чым большая вуглавая скорасць яго ўласнага вярчэння Ω. Частата Н. пры вялікіх Ω можа быць такая вялікая. што нутацыйныя ваганні восі ваўчка будуць успрымацца на слых (гудзенне). Пры наяўнасці супраціўлення (трэння) нутацыйныя ваганні дастаткова хутка затухаюць, пасля чаго ў гіраскопа застаецца толькі прэцэсійны рух.

У астраноміі Н. — абумоўленыя прыцягненнем Сонца і Месяца невялікія ваганні зямной восі, якія накладваюцца на яе прэцэсійны рух. Адкрыў у 1737 англ. астраном Дж.Брадлей.

Да арт. Нутацыя.

т. 11, с. 391

НУТРАМЕ́Р,

прылада, якой вымяраюць унутр. лінейныя памеры адтулін, пазоў і інш. ў дэталях і вырабах. Найпрасцейшыя Н. — цыркулі з загнутымі вонкі канцамі ножак (з’явіліся ў 16—17 ст.), гранічныя калібры (штыхмасы).

Для больш дакладных вымярэнняў існуюць Н. мікраметрычныя (гл. Мікрометр) са зменнымі падаўжальнікамі (межы вымярэнняў ад 50 да 2500 мм, з дадатковымі індыкатарамі гадзіннікавага тыпу — да 10 м), і індыкатарныя з рычажнымі і клінавымі перадачамі (3—1000 мм). Для малых адтулін выкарыстоўваюць Н. з конуснымі перадачамі (межы вымярэнняў ад 0,2 мм да 18 мм).

Нутрамеры: а — мікраметрычны (1 — мікраметрычная галоўка, 2 — вымяральны наканечнік, 3 — установачная скаба); б — шарыкавы індыкатарны (1 — адліковае прыстасаванне, 2 — вымяральная ўстаўка, 3 — іголка, 4 — вымяральны шарык).

т. 11, с. 391

НУ́ТРЫЯ, бабёр балотны (Myocastor coypus),

млекакормячая жывёла атр. грызуноў. Адзіны прадстаўнік сям. нутрыевых. Пашырана ў Паўд. Амерыцы (мясц. назва каіпу). Акліматызавана ў шэрагу краін Еўропы і Паўн. Амерыкі, на Беларусі — у пач. 1950-х г. Паўводная цеплалюбівая жывёла, у натуральных умовах жыве па берагах вадаёмаў, на балотах (адсюль другая назва), у зарасніках трыснягу ці ў норах. Добра плавае і нырае.

Даўж. да 85 см, хваста да 50 см, маса да 12 кг. Поўсць цёмна-карычневая. Хвост укрыты валаскамі. Заднія канечнасці з плавальнымі перапонкамі. Расліннаедныя, часам спажываюць жывёльныя кармы (малюскі, ракападобныя, рыба і інш.). Нараджаюць да 14 (звычайна 4—6) дзіцянят двойчы за год. Мяса ядомае. Аб’ект промыслу і гадоўлі (выведзены Н. з розным колерам футра).

Э.Р.Самусенка.

Нутрыя.

т. 11, с. 391

НУЦЭ́ЛУС(ад лац. nucella арэшак), цэнтральная частка (ядро) семязавязі (семязачатка) раслін. Гамалагічны мегаспарангію папарацепадобных. У Н. адбываюцца працэсы семяўтварэння. Пасля апладнення тканка Н. звычайна разбураецца. Захаваны ў спелым насенні Н. выконвае функцыю назапашвання і наз. перыспермам.

т. 11, с. 392

НУ́ШЫЧ (Браніслаў) (сапр. Нуша Алкібіяд; 8.10.1864, г. Смедарава, Сербія — 19.1.1938),

сербскі пісьменнік, драматург. Правадз. чл. Сербскай АН і мастацтваў (з 1933). Скончыў Бялградскі ун-т. Дырэктар т-раў у гарадах Нові-Сад, Скоп’е, Сараева. Літ. дзейнасць пачаў у 1883 камедыяй «Народны дэпутат» (паст. 1896). Найб. вядомыя камедыі: «Падазроная асоба» (нап. 1887, паст. 1923), «Звычайны чалавек» (паст. 1899), «Пані міністэрша» (нап. і паст. 1929), «Д-р» (1936), «Нябожчык» (1937). Аўтар гумарыстычнага рамана «Дзіця абшчыны» (1902), зб. апавяд. «Рамазанскія вечары» (1898), аповесці «Аўтабіяграфія» (1924), нарысаў, успамінаў. На бел. сцэне паводле камедый Н. пастаўлены спектаклі «Пані міністэрша» (1956, Бел. т-р імя Я.Купалы), «Доктар» (1956, Дзярж. рус. драм. т-р і Гродзенскі абл. драм. т-р), «Доктар філасофіі» (1956, Гомельскі абл. драм. т-р; 1972, Бел. т-р імя Я.Коласа), «Звычайны чалавек» (1966, Брэсцкі абл. драм. т-р). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.Астрэйка, А.Грэцкі, Л.Самасейка, І.Чарота.

Тв.:

Бел. пер. — Аўтабіяграфія. Мн., 1985;

Рус. пер. — Избранное. М., 1958;

Комедии. М., 1956;

Ослиная скамья: Фельетоны, рассказы. М.; Л., 1964;

Автобиография. М., 1972;

Дитя общины: Избранное. М., 1975.

Літ.:

Жуков Д.А. Бранислав Нушич. М., 1972;

Бранислав Нушич: Биобиблиогр. указ. М., 1965.

І.А.Чарота, Т.Я.Гаробчанка.

т. 11, с. 392