НУТАЛІЁЗ коней,

трансмісіўная інвазійная хвароба з групы піраплазмідозаў, якая выклікаецца конскай нуталіяй (гл. Нуталіі), што паразітуе ў эрытрацытах. Хварэюць таксама аслы, мулы, зебры. Пашыраны ў Афрыцы, Паўд. Амерыцы, Аўстраліі, Еўропе і Азіі пераважна на Пд і У. Крыніца інвазіі — хворыя і носьбіты. Пераносчыкі — пашавыя іксодавыя кляшчы з родаў гіялома (найб. небяспечныя), рыпіцэфалус і дэрмацэнтар. Цячэнне вострае ці падвострае, зрэдку хранічнае. Назіраюцца перыяд. ліхаманка, прыгнечанасць, анемічнасць, жаўтушнасць слізістых абалонак (часам кровазліцці), эрытрацыты разбураюцца, парушаецца дзейнасць стрававальных і інш. органаў (гл. Бабезіёзы). Можа працякаць разам з піраплазмозам і інш.

т. 11, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)