Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НА́СТЫІ (ад грэч. nastos ушчыльнены),

рухі (выгіны) органаў раслін у адказ на змены фактараў навакольнага асяроддзя (святло, т-ра і інш.). Напр., хуткае складанне лісця ў мімозы пры дакрананні да яго, раскрыццё кветак у залежнасці ад надвор’я, рух лісця насякомаедных раслін і інш. Пераважна абумоўлены зменай у спецыялізаваных клетках канцэнтрацый асматычна актыўных рэчываў (малату, іонаў калію, хлору), што прыводзіць да змены тургару. Адбываюцца таксама ў выніку нераўнамернага росту расцяжэннем. Напр., пры больш хуткім росце верхняга боку ліст або пялёстак выгінаецца ўніз. У залежнасці ад прыроды раздражняльніка адрозніваюць тэрма-, фота-, гідра-, хема-, сейсма-; нікці- (рэакцыя на змену дня і ночы), траўма-, электранастыі. Забяспечваюць ахову органаў (зачыненне кветак, вусцейкаў, апусканне лісця), захопліванне прадметаў (рух вусікаў, залозістых валаскоў). З’яўляюцца больш дасканалай формай руху, чым трапізмы.

т. 11, с. 202

НАСЫ́РАВА (Халіма) (н. 29.12.1913, кішлак Таглык Ферганскай вобл., Узбекістан),

узбекская спявачка (сапрана). Нар. арт. СССР (1937). Вучылася ў Бакінскім тэатр. тэхнікуме (1924—27), ва ўзб. опернай студыі пры Маскоўскай кансерваторыі. З 1927 актрыса Узорнай краявой драм. трупы (Ташкент), у 1930—85 салістка Узб. т-ра оперы і балета імя Наваі. Выконвала лірычныя, драм. і камедыйныя партыі: Наргюль («Буран» М.Ашрафі і С.Васіленкі), Лейлі, Гюльсара («Лейлі і Меджнун», «Гюльсара» Р.Гліэра і Т.Садыкава), Сін Дун-фан («Улугбек» А.Казлоўскага), Зухра («Тахір і Зухра» Т.Джалілава і Б.Броўцына), Майсара («Хітрыкі Майсары» С.Юдакова), Наргіз («Наргіз» А.М.М.Магамаева), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ). Аўтар кн. «Сонца над Усходам» (1962), «Я дачка ўзбекскага народа» (1968). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1951. Дзярж. прэмія Узбекістана 1968.

Літ.:

Саидов А. Халима Насырова. Ташкент, 1974.

т. 11, с. 203

НАСЫРЫ́ (Каюм) (сапр. Насыраў Габдэлкаюм Габдэлнасыравіч; 14.2.1825, в. Верхнія Шырданы Зеленадольскага р-на, Татарстан — 2.9.1902),

татарскі вучоны-асветнік, пісьменнік. Вучыўся ў медрэсэ ў Казані (1841—55). З 1855 вольны слухач Казанскага ун-та. Заснавальнік першай руска-тат. школы ў Казані. Складальнік граматыкі тат. мовы, слоўнікаў, у т. л. «Татарска-рускага слоўніка» (1875), правілаў правапісу, першых кніг для чытання на рус. мове «Рускае чытанне» (1889), падручнікаў па рус. граматыцы (1891), па матэматыцы, геаграфіі, л-ры, гісторыі, прыродазнаўстве, земляробстве, «Штогадовага настольнага календара» (1871—97). Выдаў працы па тат. фальклоры і этнаграфіі: «Павер’і і абрады казанскіх татар...» (1880), «Узоры народнай літаратуры казацскіх татар» (1896), «Казкі казанскіх татар у супастаўленні з казкамі іншых народаў» (1900, з П.Л.Паляковым). Аўтар «Аповесці аб сарака везірах» (1868), аповесцей «Авіцэна» (1872), «Кабуснама» (1881), павучальна-дыдактычнай «Кнігі для субяседнікаў па літаратуры» (1884), навук.-папулярных твораў для дзяцей «Вольнай часінай» (1860). Яго навелы садзейнічалі развіццю нац. маст. прозы.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произведения. Казань, 1977.

т. 11, с. 203

НАСЫ́ЧАНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні, у малекулах якіх атамы вугляроду злучаны толькі простымі (ардынарнымі) сувязямі. Да Н.з. адносяцца насычаныя вуглевадароды ацыклічныя (гл. Ацыклічныя злучэнні) і цыклічныя (гл. Аліцыклічныя злучэнні), а таксама іх вытворныя: спірты, альдэгіды, к-ты, аміны і інш.

Алканы — ацыклічныя (аліфатычныя) насычаныя вуглевадароды ўтвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n+2, які складаецца з вуглевадародаў неразгалінаванай (нармальнай) будовы і іх ізамераў. Ніжэйшыя члены рада з 1—4 атамамі вугляроду ў малекуле: метан, этан, прапан, бутаны — газы без колеру і паху, з 5—17 атамамі — бясколерныя вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ў арган. растваральніках.

З’яўляюцца найменш рэакцыйназдольнымі арган. злучэннямі, чым абумоўлена інш. назва алканаў — парафіны (ад лац. parum — мала i affinis — роднасць). Узаемадзейнічаюць з фторам, хлорам, бромам, пры награванні — з дымнай сернай і азотнай к-тамі. Пры т-ры вышэй за 400 °C адбываецца крэкінг алканаў. У прам-сці атрымліваюць пры перапрацоўцы нафты і прыроднага газу, а таксама вугалю і гаручых сланцаў. Выкарыстоўваюць пераважна ў саставе маторнага і рэактыўнага паліва, як сыравіну для хім. і нафтахім. прам-сці, растваральнікі, цвёрдыя (парафін, цэрэзін) — у вытв-сці пластмас, каўчуку, мыйных сродкаў, сінт валокнаў.

Ю.Р.Егіязараў.

т. 11, с. 203

НАСЫ́ЧАНЫ РАСТВО́Р,

раствор, што знаходзіцца ва ўмовах тэрмадынамічнай раўнавагі з лішкам растворанага рэчыва. Канцэнтрацыю рэчыва ў Н.р. наз. растваральнасцю рэчыва ў дадзеным растваральніку. Ненасычаным наз. раствор з канцэнтрацыяй рэчыва, меншай за канцэнтрацыю Н.р. ў дадзеных умовах (т-ра, ціск). Перанасычаны раствор, канцэнтрацыя якога перавышае канцэнтрацыю Н.р., можа існаваць толькі ў пераахалоджаным стане.

т. 11, с. 203

НА́СЭР, Асуан, ас-Сад аль-Алі,

вадасховішча на тэр. Егіпта і Судана, на р. Ніл, каля вышыннай Асуанскай плаціны. Пл. 5120 км², аб’ём 156 км³, даўж. 500 км. Створана ў 1970 для мэт суднаходства, ірыгацыі і энергетыкі, а таксама для барацьбы з навадненнямі. ГЭС. Названа ў гонар Г.А.Насэра.

т. 11, с. 203

НА́СЭР Гамаль Абдэль, Гамаль Абд ан-Насыр (15.1.1918 Бені-Мур, Егіпет — 29.9.1970), егіпецкі паліт. і дзярж. дзеяч. Палкоўнік. Герой Сав. Саюза (1964). Скончыў ваен. вучылішча Генштаба. Вызначыўся ў араба-ізраільскай вайне 1948—49: Адзін з заснавальнікаў тайнай арг-цыі «К-т свабодных афіцэраў», які 23.7.1952 скінуў караля Фарука II і ліквідаваў у Егіпце манархію. З 1953 вярх. галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі, нам. прэм’ер-міністра і міністр унутр. спраў, з 1954 прэм’ер-міністр Егіпта. У кастр. 1954 дамогся ад Вялікабрытаніі згоды на вывад брыт. войск з Егіпта. У 1956 абраны прэзідэнтам Егіпта. У ліп. 1956 нацыяналізаваў міжнар. кампанію Суэцкага канала, што прывяло да англа-франка-ізраільскай агрэсіі 1956 супраць Егіпта. У знешняй палітыцы арыентаваўся на СССР і краіны сацыяліст. лагера. Быў прыхільнікам панарабскага руху. Падтрымаў ідэю аб’яднання Егіпта і Сірыі ў Аб’яднаную Араб. Рэспубліку (назва ААР; у 1961 Сірыя выйшла, назва ААР захавалася за Егіптам да 1971), абраны яе прэзідэнтам у 1958. Ва ўнутр. палітыцы прытрымліваўся ідэй «араб. сацыялізму», імкнуўся ператварыць Егіпет у развітую, індустр. дзяржаву, для чаго праведзена агр. рэформа, пачата індустрыялізацыя, будавалася вышынная Асуанская плаціна. У паліт. сферы ўсталяваў аўтарытарны, аднапартыйны рэжым. Першым з араб. лідэраў прыйшоў да ўсведамлення неабходнасці мірнага ўрэгулявання Блізкаўсходняга канфлікту. У жн. 1970 пагадзіўся на 90-дзённае спыненне агню з Ізраілем.

Тв.:

Рус. пер. — Проблемы египетской революции: Избр. речи и выступления 1952—1970 гг. М., 1979.

Літ.:

Dekmedjian R.H. Egypt under Nasir. New York, 1971;

Lacouture J. Nasser. Paris, 1971;

Nutting A. Nasser. London;

New York, 1972;

Stephens R.H. Nasser: A political biography. New York, 1972;

Vatikiotis P.J. Nasser and his generation. London, 1978.

У.С.Кошалеў.

Г.А.Насэр.

т. 11, с. 203

НАСЯКОМАЕ́ДНЫЯ (Insectivora),

атрад млекакормячых. 7 сямействаў: кратовыя (гл. Краты), землярыйкавыя (гл. Землярыйкі), вожыкавыя (Erinaceidae), залатакратовыя (Chrysochloridae), скакунчыкавыя (Macroscelididae), тэнрэкавыя (Tenrecidae), шчыліназубыя (Solenodontidae), 52—63 роды, каля 400 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Амерыцы, Афрыцы. Пераважна начныя жывёлы, некат. вядуць падземны (залатакраты, краты) ці паўводны (куторы, хахуля, землярыйка выдравая) спосаб жыцця. Вядомы з мелавога перыяду мезазою (каля 130 млн. гадоў назад). На Беларусі 10 відаў з 4 сямействаў. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў.

Даўж. ад 3 см (белазубка карлікавая) да 44 см (гімнура); маса ад 1,2 г (белазубка карлікавая) да 1,6 кг (вожык звычайны). Вонкава нагадваюць грызуноў. Галава падоўжаная, нос выцягнуты накшталт хабатка. Цела ўкрыта кароткімі валасамі (краты, землярыйкі і інш.), шчаціннем (тэнрэкі), іголкамі (вожыкі). Найб. развітыя нюх і дотык. Маюць мускусныя залозы. Усёедныя, кормяцца пераважна насякомымі (адсюль назва). Нараджаюць 1—6 (некат. віды да 25) дзіцянят да 3 разоў за год. Краты і хахуля — аб’екты промыслу (футра).

А.М.Петрыкаў.

Насякомаедныя: 1 — крот звычайны; 2 — белазубка карлікавая.

т. 11, с. 204

НАСЯКОМАЕ́ДНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

аўтатрофныя расліны, здольныя ўлоўліваць насякомых і часткова іх засвойваць з дапамогай пратэалітычных ферментаў, арган. к-т і т.ч. папаўняць недахоп пажыўных рэчываў у субстраце. 6 сям., каля 500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 10 відаў з родаў; альдраванда, плывунец, расянка, тлушчанка. Трапляюцца ў вадаёмах, на забалочаных лугах, балотах, пераважна ў месцах з недахопам азоту, фосфару, калію. У Н.р. сфарміраваліся розныя складаныя прыстасаванні для прываблівання насякомых. Напр.. у плывунца — мешкападобныя органы ўтвораны сегментамі падводнага лісця; у трапічнага віду непентэса верхняя ч. лісцевага чаранка мае выгляд збана, лісце альдраванды ўкрыта ліпкімі залозістымі валаскамі, венерынай мухалоўцы ўласціва актыўнае зачыненне лісця-пастак. За дзень адна расліна расянкі здольна засвойваць некалькі дзесяткаў насякомых.

т. 11, с. 204

НАСЯКО́МЫЯ (Insecta, або Hexapoda),

надклас (клас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Найбуйнейшая група жывёл (больш за 1 млн. відаў, каля 70% ад агульнай колькасці відаў). Вядомы з сярэдняга дэвону (каля 380 млн. гадоў назад). Пашыраны ўсюды, большасць наземныя, жывуць таксама ў вадаёмах, глебе, інш. арганізмах, арган. рэштках. 2 класы (падкласы): скрытнасківічныя (Entognatha) і адкрытасківічныя (Ectognatha). Клас скрытнасківічных уключае падкласы (атр.): бязвусікавыя насякомыя, двуххвосткі і нагахвосткі; адкрытасківічных — шчацінахвостак і вышэйшых, або крылатых, Н. (Pterygota, каля 30 атр.), якіх падзяляюць на 2 групы: з няпоўным і поўным ператварэннем. У групу з няпоўным ператварэннем уваходзяць атр.: аўсянікі, багамолы, вошы, вяснянкі, клапы, палачнікі, пузыраногія, пухаеды, раўнакрылыя хобатныя, сенаеды, скурыстакрылыя, стракозы, тараканавыя, тэрміты, эмбіі, гемімерыды, грылаблатыды, зараптары, прамакрылыя; у групу з поўным ператварэннем — блохі, вееракрылыя, віслакрылыя, вярблюдкі, двухкрылыя, жукі, матылі, перапончатакрылыя, сеткакрылыя, скарпіёнавы мухі, шыцікі. На Беларусі больш за 30 тыс. відаў з 26 атр. (найб.: блохі, двухкрылыя, жукі, клапы, матылі, перапончатакрылыя, пузыраногія, раўнакрылыя хобатныя, стракозы, шыцікі). У Чырв. кнізе Беларусі 79 відаў з 16 атрадаў.

Даўж. ад 0,2 мм (наезнікі-яйцаеды) да 33 см (трапічныя палачнікі). Цела членістае, укрыта кутыкулай (утварае вонкавы шкілет) і адчувальнымі ўтварэннямі — сэнсіламі; падзелена на галаву, грудзі і брушка. Галава нясе ротавыя органы (грызучага, сысучага, колюча-сысучага або ліжучага тыпу), простыя і пару складаных (фасетачных) вачэй, пару вусікаў — антэн. Грудзі з 3 членікаў (пярэдня-, сярэдня- і заднягрудзі), якія нясуць па пары членістых ног і ў большасці відаў 1—2 пары перапончатых крылаў (на сярэдне- і заднегрудзях). Брушка з некалькіх (да 11) сегментаў, у многіх Н. мае канцавыя прыдаткі (джалы, яйцаклады, цэркі). Поласць цела другасная. Будова органаў стрававання залежыць ад тыпу корму. Крывяносная сістэма незамкнёная, рух крыві (гемалімфы) забяспечваецца пульсуючым аддзелам спіннога сасуда — сэрцам. Органы дыхання — сістэма трубачак (трахей), праз якія паветра непасрэдна дасягае тканак і клетак цела, у водных лічынак — шчэлепы. Развіты эндакрынныя, пахучыя, слінныя, воска- і шоўкааддзяляльныя, ядавітыя і інш. залозы. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена мальпігіевымі сасудамі, ц. н. с.т.зв. галаўным мозгам, падглотачным гангліем і брушным ланцужком тулаўных гангліяў. Валодаюць зрокам, нюхам, слыхам, дотыкам, смакам і гігратэрмічным пачуццем. Паводзіны разнастайныя і складаныя. Большасць Н. раздзельнаполыя, з выяўленым палавым дымарфізмам. Развіццё з метамарфозам — няпоўным (уключае 3 стадыі: яйцо, лічынка, або німфа, і дарослае Н., або імага) ці поўным (паміж лічынкай і імага — стадыя кукалкі).

Н. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у біясферы (выкарыстоўваюць разнастайныя кармы і самі з’яўляюцца кормам для многіх арганізмаў, выконваюць сан. функцыю), у глебаўтварэнні, апыляюць расліны. Многія Н. — шкоднікі раслін (гл. Шкоднікі збожжа і збожжапрадуктаў, Шкоднікі лесу, Шкоднікі сельскагаспадарчых культур), паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (напр., крывасмокі). Некат Н. выкарыстоўваюць для атрымання харч., лек. рэчываў, тэхн. сыравіны (напр., пчол, шаўкапрадаў), у біял. ахове с.-г. і лясных раслін (напр., божых каровак, жужаляў, наезнікаў). Вывучае Н. энтамалогія.

Літ.:

Яхонтов В.В. Экология насекомых. 2 изд. М., 1969;

Бей-Биенко Г.Я. Общая энтомология. 3 изд. М., 1980;

Фабр П.Ж.А. Инстинкт и нравы насекомых: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1993;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984.

А.М.Петрыкаў.

Да арт. Насякомыя: 1 — нагахвостка паранана; 2 — шчацінахвостка тармобія хатняя; 3 — багамол звычайны; 4 — клоп шчаўевы; 5 — конік пеўчы; 6 — гладыш звычайны; 7 — цыкада ліхтарніца кітайская; 8 — слонік-зелянушка; 9 — страказа пляскатая; 10 — матыль еўрытыдас; 11 — амафіла пясчаная; 12 — муха палявая; 13 — сколія-гігант.

т. 11, с. 204