атрад млекакормячых. 7 сямействаў: кратовыя (гл.Краты), землярыйкавыя (гл.Землярыйкі), вожыкавыя (Erinaceidae), залатакратовыя (Chrysochloridae), скакунчыкавыя (Macroscelididae), тэнрэкавыя (Tenrecidae), шчыліназубыя (Solenodontidae), 52—63 роды, каля 400 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Амерыцы, Афрыцы. Пераважна начныя жывёлы, некат. вядуць падземны (залатакраты, краты) ці паўводны (куторы, хахуля, землярыйка выдравая) спосаб жыцця. Вядомы з мелавога перыяду мезазою (каля 130 млн. гадоў назад). На Беларусі 10 відаў з 4 сямействаў. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў.
Даўж. ад 3 см (белазубка карлікавая) да 44 см (гімнура); маса ад 1,2 г (белазубка карлікавая) да 1,6 кг (вожык звычайны). Вонкава нагадваюць грызуноў. Галава падоўжаная, нос выцягнуты накшталт хабатка. Цела ўкрыта кароткімі валасамі (краты, землярыйкі і інш.), шчаціннем (тэнрэкі), іголкамі (вожыкі). Найб. развітыя нюх і дотык. Маюць мускусныя залозы. Усёедныя, кормяцца пераважна насякомымі (адсюль назва). Нараджаюць 1—6 (некат. віды да 25) дзіцянят да 3 разоў за год. Краты і хахуля — аб’екты промыслу (футра).