Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАМБКО́ЎСКІ (Dąbkowski) Пшэмыслаў

(23.2.1877, г. Львоў, Украіна — 18.12.1950),

польскі юрыст, гісторык права. Чл. Кракаўскай АН. Праф. Львоўскага ун-та (1916). У 1925—39 выдаваў «Гістарычна-прававы дзённік» (т. 1—13) і «Гістарычна-прававы даведнік». Аўтар адзінай на сёння сістэматызаванай працы «Прыватнае польскае права» (т. 1—2, 1910—11), навук. прац па гісторыі польскага права, архівістыцы, сац.-эканам. гісторыі («Парука», 1904, «Заклад», 1905, «Спадчынная і набытая маёмасць у праве літоўскім», 1916, і інш).

т. 6, с. 28

ДАМБРО́ЎСКАЯ (Dąbrowska) Марыя

(6.10.1889, г. Русаў, Польшча — 19.5.1965),

польская пісьменніца. У 1907—14 вучылася ў Лазанскім і Брусельскім ун-тах. Літ. дзейнасць пачала ў 1910-я г. Першыя зб-кі апавяданняў «Дзеці радзімы» (1918), «Галінка чарэшні» (1922) і «Усмешка дзяцінства» (1923) прысвечаны дзецям з іх своеасаблівым успрыманнем свету. У зб. навел «Людзі адтуль» (1926) паказаны жыццё і ўнутр. свет вясковай беднаты ў пач. 20 ст., у зб. «Прыкмета жыцця» (1938) — нялёгкае існаванне чалавека ў грамадстве. Самы вядомы твор Д. — эпічная тэтралогія «Ночы і дні» (1932—34), у якой намалявана гісторыя жыцця адной сям’і з 1860-х г. да 1-й сусв. вайны. Аўтар гіст. драм «Геній-сірата» (1939) і «Станіслаў і Багуміл» (1945), рамана-эпапеі «Прыгоды думаючага чалавека» (незакончаны, выд. 1970), «Дзённікаў» (1—5, выд. 1988), літ.-крытычных артыкулаў (зб. «Думкі аб падзеях і людзях», 1956).

Тв.:

Pisma wybrane. T. 1—3. Warszawa, 1956;

Бел. пер. — у кн.: Ад Буга да Одры: Апавяданні пол. пісьменнікаў. Мн., 1969;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974.

М.М.Хмяльніцкі.

т. 6, с. 28

ДАМБРО́ЎСКІ Антоній Самуэль

(10.6.1774, г. п. Тураў Гомельскай вобл. — 22.6.1838),

бел. жывапісец і тэатр. мастак. Вучыўся ў Ф.Смуглевіча. Творчую дзейнасць пачаў дэкаратарам у прыдворным т-ры М.К.Агінскага ў Слоніме ў 1880, потым працаваў у Варшаве. Аўтар фрэсак у палацах Мастоўскага і Сабалеўскага (Варшава); пісаў таксама жывапісныя карціны (партрэты, пейзажы і інш.).

т. 6, с. 29

ДАМБРО́ЎСКІ Юрый Восіпавіч

(12.6.1909, Масква — 29.5.1978),

рускі пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1932). У 1932 арыштаваны і высланы з Масквы ў Алматы. Працаваў у музеі. У 1930—50-я г. правёў у лагерах і ссылках каля 18 гадоў. Гісторыя ў святле маральных праблем сучаснасці ў раманах «Дзяржавін» (кн. 1, 1939), «Малпа прыходзіць па свой чэрап» (1959), кн. «Смуглая лэдзі. Тры навелы пра Шэкспіра» (1969). Механізм таталітарызму ў СССР аналізуе ў аповесці «Хавальнік старажытнасцей» (1964) і яе працягу — рамане «Факультэт непатрэбных рэчаў» (Парыж, 1978, М., 1989). У вершах Д. — драм. вопыт ахвяры рэпрэсій. Аўтар паэмы «Каменны тапор» (1939).

Тв.:

Хранитель древностей: Роман. Новеллы. Эссе. М., 1991;

Меня убить хотели эти суки. М., 1997.

т. 6, с. 29

ДАМБРО́ЎСКІ (Dąbrowski) Ян Генрык

(2 ці 29.8.1755, Пяржовец, каля Кракава, Польшча — 6.6.1818),

польскі ваен. дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1815). З 1771 у саксонскай, з 1792 у польск. арміі. Удзельнік паўстання 1794, вызначыўся пры абароне Варшавы ад рас. войск. У 1796—1814 у эміграцыі (з перапынкамі). У 1797 стварыў у Італіі легіёны польскія. У 1806 арганізаваў антыпрускае паўстанне ў Вялікай Польшчы. Удзельнік напалеонаўскіх войнаў — кампаній 1806—07, 1809, 1812 (гл. ў арт. Бабруйская абарона 1812, Бярэзінская аперацыя 1812). У кастр. 1813 — сак. 1814 галоўнакаманд. польск. войскамі ў складзе франц. арміі. У Каралеўстве Польскім сенатар-ваявода. Прысвечаная яму песня легіёнаў польскіх «Мазурка Д.» — нац. гімн Польшчы. Аўтар дзённіка (1864).

Літ.:

Pachoński J. General Jan Henryk Dąbrowski 1755—1818. Warszawa, 1981.

Я.Г.Дамброўскі.

т. 6, с. 29

ДАМБРО́ЎСКІ (Dąbrowski) Яраслаў

(13.11.1836, г. Жытомір, Украіна — 23.5.1871),

дзеяч польск. і міжнар. рэв. руху. Вучыўся ў кадэцкіх карпусах у Брэсце (1845—53) і Пецярбургу (1853—55), Акадэміі генштаба ў Пецярбургу (1859—61). З 1855 у рас. арміі. Удзельнік Каўказскай вайны 1817—64. Разам з З.Серакоўскім узначальваў рэв. арг-цыю ў Пецярбургу (у яе ўваходзілі браты К. і В.Каліноўскія і інш. выхадцы з Беларусі і Літвы), прапагандаваў ідэі рус.-польск. рэв. саюзу. З 1862 у Варшаве, кіраўнік «чырвоных». Чл. Цэнтр. нац. к-та. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы. Правёў нарады ў Вільні з рэвалюцыянерамі Літвы і Беларусі, абавязаўся прадстаўляць іх інтарэсы ў Варшаве. Разлічваючы на спрыяльную сітуацыю і падтрымку рас. рэв. сіл, распрацаваў план неадкладнага ўзбр. паўстання, які адхілілі правыя. У жн. 1862 арыштаваны, з турмы кіраваў падрыхтоўкай паўстання 1863—64. У канцы 1864 уцёк па дарозе на катаргу, выехаў за мяжу. Адзін з лідэраў польск. дэмакр. эміграцыі, кантактаваў з А.І.Герцэнам, Дж.Гарыбальдзі. Генерал і галоўнакаманд. ўзбр. сіламі Парыжскай камуны 1871, загінуў у баі з версальцамі. Аўтар шэрагу ваен.-тэарэт. прац.

Літ.:

Дьяков В. Ярослав Домбровский. М., 1969.

Я.Дамброўскі.

т. 6, с. 29

ДАМДЗІ́НАЎ Мікалай Гармаевіч

(н. 6.1.1932, улус Угнасай, Бурація, Рас. Федэрацыя),

бурацкі пісьменнік. Нар. паэт Бураціі (1973). Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1957). Аўтар паэт. зб-каў «Баргузін» (1955), «Чатыры небы» (1963), «Красавік» (1973, за 2 апошнія Дзярж. прэмія Расіі імя М.Горкага 1975), «На гэтай планеце» (1979), п’ес «Даўняя справа» (1967—68), «Даржы Банзараў» (1969), «Кавалі перамогі» (1971), «Кальцо дзекабрыста» (1979 у вершах), кінааповесці «Пара таежнай пралескі» (1958), кніг літ.-крытычных артыкулаў. Паэзіі Д. ўласцівы эмацыянальная адкрытасць, інтэлектуальнасць, гуманізм і гіст. аптымізм.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1981.

Літ.·. Очирова Т.Н. Николай Дамдинов: Лит. портрет. М., 1980.

т. 6, с. 29

ДАМ’Е́ (Daumier) Анарэ Віктар’ен

(26.2.1808, г. Марсель, Францыя — 11.2.1879),

французскі графік, жывапісец і скульптар. З 1814 жыў у Парыжы, у 1820-я г. браў урокі жывапісу і малюнка, вучыўся мастацтву літаграфіі. Аўтар вострагратэскавых карыкатур на кіруючыя вярхі грамадства, у т.л. на караля Луі Філіпа. Асновай для серыі літаграфічных партрэтаў-шаржаў «Славутасці залатой сярэдзіны» (1832—33) сталі скульпт. эскізы-бюсты паліт. дзеячаў (1830—32, захавалася 36 бюстаў). У літаграфіях 1834 Д. выкрываў бяздарнасць і своекарыслівасць улад («Заканадаўчае чэрава», «Усе мы сумленныя людзі, абдымемся»), ствараў вобразы рабочых («Сучасны Галілей», «Вуліца Транснанен 15 красавіка 1834 года» і інш.). Пасля забароны ў 1835 паліт. карыкатуры Д. звярнуўся да быт. сатыры: серыя «Карыкацюрана» (1836—38), «Лепшыя ў жыцці» (1843—46), «Добрыя буржуа» (1846—49). У перыяд і пасля рэв. 1848—49 стварыў (спачатку ў статуэтцы, потым у шэрагу літаграфій) абагульнены вобраз паліт. прайдзісвета Ратапуаля. У жывапісе Д. па-наватарску пераасэнсоўваліся традыцыі рамантызму, трагічная велічнасць спалучалася з гратэскам, драма з сатырай, вострая характарнасць вобразаў са свабодай пісьма, смелай абагульненасцю формаў, выразнасцю пластыкі і светлавымі эфектамі. У яго карцінах адлюстраваліся пафас рэв. барацьбы («Паўстанне», каля 1848), прыгажосць простага чалавека («Прачка», каля 1859—60); улюбёнымі матывамі жывапісу былі цырк, тэатр, вандроўныя камедыянты: «Меладрама» (каля 1856—60), «Крыспэн і Скапэн» (каля 1860), серыя карцін «Дон Кіхот» (каля 1868) і інш.

Літ.:

Пассерон Р. Домье: Пер. с фр. М., 1984.

А.Дам’е. Дон Кіхот. Каля 1868.

т. 6, с. 29

ДАМЕ́ЙКА Ігнат Іпалітавіч

(31.7.1802, маёнтак Мядзведка, Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. — 23.1.1889),

геолаг, мінералог, даследчык Чылі. Скончыў Віленскі ун-т (1822). Удзельнік паўстання 1830—31. З 1832 у Парыжы, дзе скончыў Горную школу (1836). З 1838 у Чылі, арганізаваў вывучэнне геалогіі і мінералогіі Андаў, пустыні Атакама і аўтаномнай прав. Араўканіі на Пд Чылі; заснаваў метэаралагічную службу; стварыў этнагр. музей, Горную школу ў г. Какімба (з 1838 праф.); адкрыў медныя і сярэбраныя капальні, арганізаваў золатаздабычу і здабычу салетры; увёў метрычную сістэму вагі і мер; напісаў падручнікі па мінералогіі і метэаралогіі. У 1866—83 абраны рэктарам ун-та ў Сант’яга. У 1884 наведаў радзіму (Мядзведка, Мір, Крошын). Чылійскі ўрад абвясціў Д. нац. героем. Яго імем названы: мінерал дамейкіт, выкапнёвы слімак, фіялка, аманіт чылійскі; горад у Араўканіі на Пд, рабочы пасёлак паблізу порта Антафагаста на Пн Чылі, хрыбет у Андах (Кардыльера-Д.); ун-т і нац. б-ка ў Сант’яга. У яго гонар выбіты медаль і пастаўлены помнік у Сант’яга. У б. фальварку Д. (в. Заполле Лідскага р-на) адкрыты музей.

Тв.:

Moje podróze: Pamiętniki wygnańca. T. 1—-3. Wrocław etc., 1962—63.

Літ.:

Мальдзіс A Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969.;

Szwejcerowa A. Jgnacy Domeyko. Warszawa, 1975;

Wójcik Z. Jgnacy Domeyko. Warszawa;

Wroclaw, 1995.

В.А.Ярмоленка.

І.І.Дамейка.

т. 6, с. 29

ДАМЕЙКІ́Т

(ад прозвішча бел. геолага І.І.Дамейкі),

мінерал, прыродны арсенід медзі, Cu3As. Крышталізуецца ў кубічнай і гексаганальнай сінганіях з т-рай пераходу 225 °C. Агрэгаты шчыльныя, пупышка- і гронкападобныя. Колер серабрыста-белы, шэры, з жаўтавата-бурай пабегласцю. Бляск металічны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 7,5 г/см³. Крохкі. Гідратэрмальнага паходжання, асацыіруе з самароднымі меддзю, серабром, сульфідамі медзі і арсенідамі нікелю, кобальту і інш.

т. 6, с. 30