ДАМБРО́ЎСКІ Юрый Восіпавіч

(12.6.1909, Масква — 29.5.1978),

рускі пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1932). У 1932 арыштаваны і высланы з Масквы ў Алматы. Працаваў у музеі. У 1930—50-я г. правёў у лагерах і ссылках каля 18 гадоў. Гісторыя ў святле маральных праблем сучаснасці ў раманах «Дзяржавін» (кн. 1, 1939), «Малпа прыходзіць па свой чэрап» (1959), кн. «Смуглая лэдзі. Тры навелы пра Шэкспіра» (1969). Механізм таталітарызму ў СССР аналізуе ў аповесці «Хавальнік старажытнасцей» (1964) і яе працягу — рамане «Факультэт непатрэбных рэчаў» (Парыж, 1978, М., 1989). У вершах Д. — драм. вопыт ахвяры рэпрэсій. Аўтар паэмы «Каменны тапор» (1939).

Тв.:

Хранитель древностей: Роман. Новеллы. Эссе. М., 1991;

Меня убить хотели эти суки. М., 1997.

т. 6, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)