Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІМПЕРА́ТАРСКІ ПАЛА́Ц, Гугун у Пекіне,

адзін з буйнейшых сярэдневяковых гар. ансамбляў Кітая. З 1925 музей. Былая афіц. рэзідэнцыя імператараў. Павінен быў сімвалізаваць упарадкаванасць, адзінства і гармонію сусвету і ўсяго Кітая. Буд-ва пачата ў 1-й пал. 15 ст. Тэрыторыя прамавугольная ў плане (960 м × 750 м), абкружана цаглянымі сценамі (выш. 10 м) з 4 варотамі і ровам. Комплекс складаецца з трох гал. павільёнаў — Тайхэдзянь (Павільён вышэйшай гармоніі, 1421, рэканструяваны ў 1697), Чжунхэдзянь (Павільён поўнай гармоніі) і Баохэдзянь (Павільён захавання гармоніі; абодва 15 ст.; перабудаваны ў 17—18 ст.). Палацавай архітэктуры ўласцівы пышнасць, дэкаратыўнасць. Асн. яе тып — аднапавярховы чатырохвугольны павільён «дзянь», падзелены калонамі на тры часткі і завершаны высокім, загнутым па краях дахам. Уключаны ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны.

І.​М.​Каранеўская.

Адзін з павільёнаў Імператарскага палаца.

т. 7, с. 210

ІМПЕРАТЫ́Ў (ад лац. imperativus уладны, катэгарычны, загадны),

безумоўнае, катэгарычнае патрабаванне, загад, закон. Імператыўныя выказванні з’яўляюцца прадметам логікі норм. У філасофіі І.​Канта — усеагульны маральны закон, якім ён імкнуўся замяніць усе ант. нормы адной (катэгарычны І.). Кант разумеў катэгарычны І. як нешта першапачаткова ўласцівае розуму, вечнае і нязменнае. Выключныя нормы, што неабходна прымаць пры пэўных абставінах, у этыцы ён называў гіпатэтычным І. Паводле дыялектычнага матэрыялізму, мараль, як і ўсё на свеце, гістарычна развіваецца і змяняецца, і ў ёй не можа быць нязменных патрабаванняў і законаў.

В.​М.​Пешкаў.

т. 7, с. 211

ІМПЕРАТЫ́ЎНАЯ НО́РМА,

гл. ў арт. Норма права.

т. 7, с. 211

ІМПЕ́РСКІЯ ГАРАДЫ́, вольныя імперскія гарады,

нямецкія гарады ў «Свяшчэннай Рымскай імперыі», якія ў межах сваёй акругі валодалі вярх. уладай і падпарадкоўваліся непасрэдна імператару. Найбольш іх было ў Швабіі і Франконіі (Нюрнберг, Рэгенсбург, Аўгсбург, Гейльброн і інш.). У час аслаблення (з 13 ст.) цэнтралізаванай улады ў Германіі яны дамагліся шырокіх правоў самакіравання. З умацаваннем ролі княстваў у 17 ст. пачынаецца заняпад І.г. Да пач. 18 ст. іх засталося каля 50. Пасля ліквідацыі «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (1806) перастаў існаваць статус І.г. З утварэннем Германскага саюза (1815) вольнымі гарадамі засталіся толькі Брэмен, Гамбург, Любек і Франкфурт-на-Майне.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 211

ІМПЕ́РСКІ СЕЙМ,

гл. Рэйхстаг.

т. 7, с. 211

ІМПЕРФЕ́КТ (ад лац. imperfectum незакончаны),

у індаеўрапейскіх мовах простая дзеяслоўная форма прошлага часу, якая абазначала працяглае дзеянне ў мінулым. У стараслав. і стараж.-рус. мовах І. абазначаў незакончанасць або шматразовасць і ўтвараўся ад асновы інфінітыва з дапамогай суфікса «ѣах->-аах- (-яах-)>-ах- (-ях-)»: «несѣахъ> несяахь> несяхъ» — «я нёс» ці «я насіў». У 12—13 ст. ва ўсх.-слав. мовах перастаў быць жывой формай. Ролю І. выконваюць дзеясловы незакончанага трывання. У сучасных слав. мовах І. як жывая форма захоўваецца ў балг. і македонскай мовах.

т. 7, с. 211

ІМПЕ́РЫЯ (ад лац. imperium улада, дзяржава),

1) найменне манарх. дзяржаў, на чале якіх стаіць імператар. Звычайна вялізная дзяржава, якая ўключае ў свой склад (у т. л. шляхам заваяванняў) тэр. інш. дзяржаў і народаў. Напр., І. наз. Рымская дзяржава (з канца 1 ст. да н.э.), Франкская дзяржава (з 800), Расія (1721—1917), Аўстра-Венгрыя (1867—1918), Германія (1871—1918) і інш. Асобныя рысы І. мела і Полацкае княства (узначальвалася князем).

2) Буйная дзяржава, якая мае вял. калан. ўладанні (калан. І.). Складаецца з метраполіі і калоній. Прыклад — б. Брытанская імперыя, якая разам з Вялікабрытаніяй уключала ўсе яе калоніі і дамініёны. З 1979 у свеце афіц. не існуе І.

т. 7, с. 211

ІМПЕРЫЯ́Л (ад лац. impérialis імператарскі),

залатая манета Рас. імперыі вартасцю ў 10 руб. Эмітаваны ў 1755—1911 з перапынкамі, і паўімперыял вартасцю ў 5 руб., у 1755 — падвоены І. У выніку грашовай рэформы Вітэ ў 1897 выпушчаны І. з адзнакай наміналу ў 15 руб. і паўімперыял у 7 руб. 50 кап. (у 1910 зняты з абарачэння).

Імперыял: 1—2. Лізавета Пятроўна, 1755, 1757; 3. Кацярына II, 1781; 4. Аляксандр I, 1804; 5. Аляксандр III, 1886; 6—7. Мікалай II 1896, 1899.

т. 7, с. 211

ІМПЕРЫЯЛІ́ЗМ (франц. impérialisme ад лац. imperium улада),

1) гістарычны перыяд, які адзначаецца сусв. дамінаваннем некалькіх вял. дзяржаў. Пачаўся ў апошняй чвэрці 19 ст. Тэрмін асабліва стаў пашыраны пасля выхаду працы англ. эканаміста Дж.​Хобсана «Імперыялізм» (1902).

2) У марксізме вызначэнне вышэйшай стадыі развіцця капіталізму [працы О.​Баўэра (Аўстрыя), Р.​Гільфердынга, Р.​Люксембург (Германія), У.​І.​Леніна, М.​І.​Бухарына (Расія)]. Паводле марксісцкай канцэпцыі, з усталяваннем манаполіі над вытв-сцю адбыўся падзел рынкаў збыту, павялічыўся вываз капіталу, узмацніліся барацьба за авалоданне сусв. рэсурсамі і каланіяльная экспансія (гл. Каланіялізм), абвастрыліся супярэчнасці паміж грамадскім характарам вытв-сці і прыватным спосабам прысваення яе вынікаў. Каб пазбегнуць узнікнення сур’ёзных крызісных сітуацый у грамадстве, рэгуляваць дзейнасць манаполій і стрымліваць забастовачную барацьбу працоўных, у эканам. і грамадскае жыццё пачала актыўна ўмешвацца дзяржава, якая адстойвала інтарэсы манаполій. Так узнікла новая форма І. — дзяржаўна-манапалістычны капіталізм, для якога характэрны колькасны рост дзярж. апарата, мілітарызацыя знешняй палітыкі і яе падпарадкаванне асн. мэтам дзейнасці шматнацыянальных карпарацый.

3) У шырокім сэнсе І. — дзярж. палітыка, накіраваная на заваяванне тэрыторый, калоній, устанаўленне паліт. або эканам. кантролю над інш. дзяржавамі.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 211

«ІМПІ́РЫЯЛ КЕ́МІКАЛ ІНДА́СТРЫС ЛІ́МІТЭД»

(Imperial Chemical Industries P.L.C.),

брытанскі хім. канцэрн, адно з буйнейшых хім. прамысл. аб’яднанняў у свеце. Створаны ў 1926 у Лондане. Прадпрыемствы больш як у 100 краінах свету. Прадукцыя ўключае с.-г. і спец. хімікаліі, фарбы, кінаплёнку, тэхн. ўзрыўчатку, парфумерыю, фармацэўтычныя прэпараты, поліурэтан, прадукцыю нафтахіміі, пластмасы, сінт. валокны і інш.

т. 7, с. 211