Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАСТО́ЕВА,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПнУ ад Іванава, 156 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 748 ж., 295 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Літ.-краязнаўчы музей Ф.М.Дастаеўскага.

т. 6, с. 61

ДАСУ́ЖАЎ Аляксандр Ігаравіч

(н. 31.10.1945, г. Пухавічы Мінскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1970). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Для яго твораў характэрна імкненне да стварэння канцэптуальнага кірунку ў пейзажным жывапісе, дзе гал. выяўл. сродкі — паверхня, лінія, пляма: «Лету адыходзячаму» (1984), «Па дарозе да зімы» (1985), «Праз чырвонае «Пераход», «Праз блакітнае «Да ракі на назве...», «Праз чорнае «Азбука хлусні» (1988), серыя «Канцэптуальны пейзаж» (1993—94) і інш. Творчасць вылучаецца выразнасцю, мэтанакіраванай абмежаванасцю маст. сродкаў, радыкальным адыходам ад прыродных формаў.

Ч.Ч.Шамшур.

т. 6, с. 61

ДАСЬЕ́

(ад франц. dossier справа),

збор дакументаў па якім-н. пытанні, справе, асобе, а таксама папка з такімі дакументамі.

т. 6, с. 62

ДАСЭ́ (Dausset) Жан Батыст Габрыэль

(н. 19.10.1916, г. Тулуза, Францыя),

французскі імунолаг. Чл. Франц. акадэміі навук і медыцыны, Бельг. каралеўскай акадэміі медыцыны, ганаровы чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Праф. эксперым. медыцыны (1978). Скончыў Парыжскі ун-т (1945). З 1946 дырэктар лабараторыі Франц. нац. цэнтра пералівання крыві, з 1948 у Гарвардскім, з 1958 у Парыжскім ун-тах, з 1968 дырэктар Франц. нац. ін-та навук. даследаванняў. Навук. працы па імунагематалогіі, выявіў новую сістэму лейкацытарных антыгенаў, даследаваў іх ролю ў транспланталогіі. Першыя работы ў Францыі па трансплантацыі. Нобелеўская прэмія (1980; разам з Б.Бенасерафам і Дж.Д.Снелам).

Ж.Дасэ.

т. 6, с. 62

ДАСЭ́Н (Dassin) Джо

(5.11.1938, Нью-Йорк — 21.8.1980),

французскі шансанье, кампазітар. Сын франц. кінарэжысёра Жуля Д. і скрыпачкі Б.Лонер. Дзед Д. — выхадзец з Расіі (эмігрыраваў у ЗША у пач. 20 ст.). Скончыў Мічыганскі ун-т як этнолаг. Вывучаў амер. і індзейскі фальклор, інтанацыі якога пазней ляглі ў аснову многіх яго песень. У 1950-я г. пакінуў ЗША, жыў у іншых краінах, застаўся ў Францыі. У пач. творчасці зазнаў уплыў франц. кампазітара і шансанье Ж.Брасенса. З 1967 выступаў на эстрадзе (з 1969 у т-ры «Алімпія»). Сярод яго песень найб. папулярныя «Бабіна лета», «Елісейскія палі».

т. 6, с. 62

ДАТАЛІ́Т

(ад грэч. dateomai дзялю, падзяляю + ...літ),

мінерал падкласа борасілікатаў, гідраксілборасілікат кальцыю, CaB[SiO4]OH. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі, зярністыя і шчыльныя агрэгаты, нацёчныя і радыяльна-прамянёвыя выдзяленні. Колер белы да бясколернага, часта з зеленаватым адценнем. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв. 5—5,6. Шчыльн. 2,8—3 г/см3. Гідратэрмальнага паходжання. Выкарыстоўваецца як другарадны вырабны матэрыял і борная руда.

У.Я.Бардон.

т. 6, с. 62

ДАТА́ЦЫЯ

(ад лац. dotatio падарунак, ахвяраванне),

дзяржаўная дапамога арг-цыям і прадпрыемствам, а таксама грамадзянам для пакрыцця расходаў або на інш. мэты; сродкі, якія выдаюцца ніжэйстаячаму бюджэту са сродкаў вышэйстаячага. Адрозніваюць Д. прадпрыемствам, сабекошт прадукцыі якіх перавышае выручку ад яе рэалізацыі, грамадзянам, жыццёвы ўзровень якіх не адпавядае элементарным патрэбам, і бюджэтную. Ва ўмовах Беларусі Д. прадпрыемствам шырока выкарыстоўвалася ў аднаўленчы перыяд, у гады індустрыялізацыі, пасля Вял. Айч. вайны для развіцця нар. гаспадаркі. У сучасны перыяд развіццё гасп.-разліковых адносін дало магчымасць адмовіцца ад сістэмы Д. у большасці галін нар. гаспадаркі. Яна захавалася толькі ў сельскай гаспадарцы, некаторых галінах перапрацоўчай і здабыўной прам-сці, на планава-стратных прадпрыемствах, у асобных арг-цыях невытворчай сферы.

т. 6, с. 62

ДА́ТАЧНЫЯ ЛЮ́ДЗІ,

асобы, якія пажыццёва выконвалі ваенную дзярж. павіннасць на Русі ў канцы 15—17 ст. Выстаўляліся ад гар. і сельскага цяглага насельніцтва. Колькасць Д.л. у арміі была значная (у час паходу на Полацк 1563 іх было 80 тыс.). У сярэдзіне 17 ст. Д.л. ў складзе палкоў новага строю. З 1705 заменены рэкрутамі.

т. 6, с. 62

ДАТУ́Н,

горад на Пн Кітая, у паўн. ч. прав. Шаньсі. Каля 1 млн. ж. (1994). Вузел чыгунак. Адзін з гал. цэнтраў здабычы каменнага вугалю ў краіне. Буйныя маш.-буд. і цэм. з-ды.

т. 6, с. 62

ДАТЧА́НЕ,

нацыя, асн. насельніцтва Даніі (5 млн. чал.). Жывуць таксама ў ЗША, Германіі, Канадзе, Швецыі, Нарвегіі і інш. Агульная колькасць 5,6 млн. чал. (1992). Гавораць на дацкай мове. Вернікі пераважна лютэране, частка — католікі.

т. 6, с. 62