ДАТА́ЦЫЯ
(ад лац. dotatio падарунак, ахвяраванне),
дзяржаўная дапамога арг-цыям і прадпрыемствам, а таксама грамадзянам для пакрыцця расходаў або на інш. мэты; сродкі, якія выдаюцца ніжэйстаячаму бюджэту са сродкаў вышэйстаячага. Адрозніваюць Д. прадпрыемствам, сабекошт прадукцыі якіх перавышае выручку ад яе рэалізацыі, грамадзянам, жыццёвы ўзровень якіх не адпавядае элементарным патрэбам, і бюджэтную. Ва ўмовах Беларусі Д. прадпрыемствам шырока выкарыстоўвалася ў аднаўленчы перыяд, у гады індустрыялізацыі, пасля Вял. Айч. вайны для развіцця нар. гаспадаркі. У сучасны перыяд развіццё гасп.-разліковых адносін дало магчымасць адмовіцца ад сістэмы Д. у большасці галін нар. гаспадаркі. Яна захавалася толькі ў сельскай гаспадарцы, некаторых галінах перапрацоўчай і здабыўной прам-сці, на планава-стратных прадпрыемствах, у асобных арг-цыях невытворчай сферы.
т. 6, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)