Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАКАРАНІ́ЧНЫ ВЕРШ, макаранічная паэзія (італьян. poesia maccheronica ад maccheroni макароны),

від жартоўнага ці сатыр. верша, камізм якога ствараецца перанасычанасцю тэксту варварызмамі, падпарадкаванымі марфал. законам роднай мовы. Узнік у старажытнасці, калі асобныя рым. паэты перамяжалі сваю мову грэч. словамі. У перыяд франкаманіі ў Расіі (18—19 ст.) І.​Мятлеў высмейваў сумесь «французскага з ніжагародскім» у мове пануючых класаў. У паэме І.​Катлярэўскага «Энеіда» сатыр. гучанне набыло ўвядзенне лац. лексікі ва ўкр. моўны кантэкст. Аснова для з’яўлення М.в. ў бел. паэзіі была яшчэ ў сярэдневякоўі, калі на Беларусі шырока ўжывалася лац., стараслав. і польск. мовы. Найб. раннія з такіх вершаў — «Плач пакінутага каханай» і «За пенкнай паненкай аж душа сумуе...» (апубл. А.​Рыпінскім, 1840). М.в. зрэдку трапляецца ў сучаснай бел. паэзіі (К.​Крапіва) і прозе (Я.​Купала, Я.​Колас).

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 528

МАКА́РАНКА (Антон Сямёнавіч) (13.3. 1888, г. Белаполле Сумскай вобл., Украіна — 1.4.1939),

савецкі педагог і пісьменнік. Скончыў Палтаўскі настаўніцкі ін-т (1917). Пед. дзейнасць пачаў у 1905. У 1920 стварыў пад г. Палтава і ўзначаліў прац. калонію для непаўналетніх правапарушальнікаў (з 1922 калонія імя М.​Горкага). З 1927 сумяшчаў работу ў калоніі з арганізацыяй дзіцячай прац. камуны імя Дзяржынскага пад Харкавам. З 1935 нач., з 1937 нам. нач. аддзела прац. калоніі НКУС УССР. З 1937 у Маскве, займаўся літ. і грамадска-пед. дзейнасцю. Распрацаваў методыку выхаваўчай работы з дзіцячым калектывам. У калоніі і камуне стварыў высокаарганізаваны дзіцячы калектыў, дзе выхаванцы набывалі адукацыю, спалучалі навучанне з вытв. працай, маральным і фіз. выхаваннем. Шырока ўкараняў прынцып самакіравання. Характэрная рыса выхаваўчага стылю М. — спалучэнне высокага даверу з вял. патрабавальнасцю. Ва ўмовах аўтарытарных тэндэнцый у жыцці грамадства, насуперак уціску з боку пед. чыноўнікаў, ён змагаўся за ўсталяванне гуманіст. педагогікі. Пісаў аповесці, апавяданні, п’есы, кінасцэнарыі, выступаў як крытык і публіцыст. Пед. вопыт і погляды М. адлюстраваны ў маст. творах: «Педагагічная паэма» (ч. 1—3, 1933—35), «Сцягі на вежах» (1938); «Кніга для бацькоў» (1937) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—7. 2 изд. М., 1959—60;

Пед. соч. Т. 1—8. М., 1983—86;

Избр. пед. соч. Т. 1—2. М., 1978.

Літ.:

А.​С.​Макаренко: Указ. тр. и лит. о жизни и деятельности. М., 1988.

А.С.Макаранка.

т. 9, с. 528

МАКА́РАНКА (Іван Раманавіч) (19 6.1907, в. Гута Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.5.1971),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з 1943 на 1-м Укр., 1-м і 3-м Прыбалт., 1-м Бел. франтах. Удзельнік вызвалення Украіны, Беларусі, Польшчы, баёў на тэр. Германіі. Пам. камандзіра сапёрнага ўзвода М. вызначыўся ў 1944 і 1945 у баях на тэр. Украіны, Беларусі і Германіі.

т. 9, с. 528

МАКА́РАНКА (Сяргей Лаўрэнцьевіч) (н. 11.9.1937, г. Крывы Рог, Украіна),

бел. спартсмен і трэнер па веславанні на байдарках і каноэ. Засл. майстар спорту СССР (1960), майстар спорту СССР міжнар. класа (1965). Засл. трэнер Беларусі (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1969). З 1975 старшы трэнер Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства і зборнай каманды Беларусі, у 1995—99 старшы трэнер нац. каманды па веславанні на байдарках і каноэ. Чэмпіён XVII Алімп. гульняў (1960, Рым) на дыстанцыі 1000 м. Чэмпіён свету і Еўропы (1963, г. Яйцы, Югаславія), Еўропы (1961, г. Познань, Польшча) на дыстанцыі 10 тыс. м. Чэмпіён СССР (19 59—63, на дыстанцыях 1000 і 10 тыс. м; усюды на каноэ-двойцы, разам з Л.Гейштарам).

т. 9, с. 528

Макаранка Генадзь Макаравіч

т. 18, кн. 1, с. 424

МАКА́РАЎ (Алег Рыгоравіч) (н. 6.1.1933, г. Удомля Цвярской вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1973, 1978), лётчык-касманаўт СССР (1973). Канд. тэхн. н. (1980). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя М.​Э.​Баўмана (1957). З 1966 у атрадзе касманаўтаў. 27—29.9.1973 з В.Р.Лазаравым здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-12»; 5.4.1975 з Лазаравым — субарбітальны палёт на КК «Саюз 18-1»; 10—16.1.1978 з У.А.Джанібекавым — палёт на КК «Саюз-27» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6» з прыстыкаваным да яе КК «Саюз-26», на якім вярнуўся на Зямлю; 27.11—10.12.1980 з Л.​Дз.Кізімам і Г.М.Стракалавым — палёт на КК «Саюз Т-3» і АС «Салют-6». У палётах удзельнічаў як бортінжынер. Правёў у космасе 20,74 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 9, с. 528

МАКА́РАЎ (Аскольд Анатолевіч) (н. 3.5.1925, в. Новамасальскае Зубцоўскага р-на Цвярской вобл., Расія),

расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1983). Канд. мастацтвазнаўства (1969). Праф. (1976). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1943). З 1943 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. З 1970 выкладае ў Санкг-Пецярбургскай кансерваторыі. З 1976 адначасова маст. кіраўнік трупы «Харэаграфічныя мініяцюры» ў С.-Пецярбургу. Для М.танцоўшчыка характэрны эпічнае абагульненне нар. характару ў канкрэтным персанажы, скульптурнасць пластыкі, энергія, псіхалагізм. Сярод партый: Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Базіль, Салор («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Вацлаў і Гірэй («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.​Глазунова), Ма Лічэн («Чырвоны мак» Р.​Гліэра), Прынц, Даніла («Папялушка», «Каменная кветка» С.​Пракоф’ева), Алі Батыр («Шурале» Ф.​Яруліна), Спартак («Спартак» А.​Хачатурана). Аўтар прац па праблемах харэаграфіі. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Літ.:

Ильичева М. А.​Макаров. Л., 1984.

т. 9, с. 528

МАКА́РАЎ (Барыс Паўлавіч) (28.4.1915, г. Набярэжныя Чаўны, Татарстан — 9.12.1991),

бел. спявак (тэнар). Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Цэнтр. вучылішча тэатр. самадзейнасці ў Маскве (1936). У 1943—78 саліст Ансамбля песні і танца БВА. Творчую манеру М. вызначалі мяккая інтанацыя, шчырасць, сцэн. свабода. У рэпертуары песні сучасных, у т. л. бел., кампазітараў. Валодаў таксама мастацтвам канферансу. Найб. значная работа — вобраз Васіля Цёркіна ў муз.-літ. кампазіцыі «Цёркін у запасе» паводле паэмы А.​Твардоўскага «Васіль Цёркін».

т. 9, с. 529

МАКА́РАЎ (Валянцін Мікалаевіч) (30.8. 1919, г. Севастопаль, Украіна — 20.5. 1978),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943), ген.-маёр авіяцыі (1954). Скончыў Качынскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1939), Ваен. акадэмію Генштаба (1956). З чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., Зах., Сталінградскім, Данскім, Цэнтр., 1-м Бел. франтах. Удзельнік ліквідацыі бабруйскага «катла», вызвалення Бабруйска, Мінска, Баранавіч, Брэста, баёў у Польшчы, Германіі. Камандзір знішчальнага авіяпалка маёр М. зрабіў 635 баявых вылетаў, удзельнічаў у 150 паветр. баях, асабіста збіў 30 і ў складзе групы 9 самалётаў праціўніка. Да 1976 у Сав. Арміі.

т. 9, с. 529

МАКА́РАЎ (Васіль Емяльянавіч) (27.2.1903, Масква — 1.9.1975),

генерал-лейтэнант (1944). Скончыў Маскоўскі прамысл.-эканам. ін-т (1930). З 1933 на выкладчыцкай і парт. рабоце ў Маскве. З жн. 1941 чл. ваен. савета Бранскага, нач. палітупраўлення Зах. франтоў, з крас. 1944 чл. ваен. савета 3-га Бел. фронту, які ўдзельнічаў у Беларускай аперацыі 1944. У 1945—46 чл. ваен. савета Баранавіцкай ваен. акругі. Да 1962 на ваенна-паліт. рабоце ў Сав. Арміі.

т. 9, с. 529