МАКА́РАЎ (Аскольд Анатолевіч) (н. 3.5.1925, в. Новамасальскае Зубцоўскага р-на Цвярской вобл., Расія),

расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1983). Канд. мастацтвазнаўства (1969). Праф. (1976). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1943). З 1943 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. З 1970 выкладае ў Санкг-Пецярбургскай кансерваторыі. З 1976 адначасова маст. кіраўнік трупы «Харэаграфічныя мініяцюры» ў С.-Пецярбургу. Для М.танцоўшчыка характэрны эпічнае абагульненне нар. характару ў канкрэтным персанажы, скульптурнасць пластыкі, энергія, псіхалагізм. Сярод партый: Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Базіль, Салор («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Вацлаў і Гірэй («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.​Глазунова), Ма Лічэн («Чырвоны мак» Р.​Гліэра), Прынц, Даніла («Папялушка», «Каменная кветка» С.​Пракоф’ева), Алі Батыр («Шурале» Ф.​Яруліна), Спартак («Спартак» А.​Хачатурана). Аўтар прац па праблемах харэаграфіі. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Літ.:

Ильичева М. А.​Макаров. Л., 1984.

т. 9, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)