ГРЫГАРО́ВІЧ Іван Іванавіч
(12.9.1790, паводле інш. звестак 6.9.1792, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 13.11.1852),
бел. археограф, гісторык, краязнавец, пісьменнік. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю (1811), Пецярбургскую духоўную акадэмію (1819). У 1811—15 выкладчык Магілёўскага духоўнага вучылішча, з 1820 саборны протаіерэй, рэктар Гомельскага духоўнага вучылішча, з 1829 саборны протаіерэй у Віцебску, з 1831 — у Пецярбургу. Выдаў першы бел. археаграфічны зб. «Беларускі архіў старажытных грамат» (ч. 1, 1824), зб. твораў архіепіскапа Г.Каніскага са сваёй прадмовай (т. 1—2, 1835), удзельнічаў у падрыхтоўцы і выданні Актаў Заходняй Расіі (т. 1—5, 1846—53). Складаў слоўнік бел. мовы.
Тв.:
Беларуская іерархія. Мн., 1992.
Літ.:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению Белоруссии феодального периода. М., 1973. С. 16—40.
М.В.Нікалаеў.
т. 5, с. 474
ГРЫГАРО́ВІЧ Ігар Уладзіміравіч
(23.1.1936, Мінск — 26.7.1986),
бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965) і выкладаў у ім. Працаваў пераважна ў галіне тэматычнай карціны і партрэта. Асн. творы: «Сувязіст» (1964), «У лабараторыі» (1965), «У заўтра» (1967), «Бібліятэка» (1970), «За гонар краіны» (1971), «Перад пускам» (1973), «Пошук» (1976), «Змена» (1979), «Выпрабавальнікі» (1981) і інш. Аўтар партрэтаў бел. вучоных А.А.Зубкова (1963), У.С.Камарова (1968), А.К.Красіна (1976), А.У.Руцкага (1982) і інш.
т. 5, с. 474
ГРЫГАРО́ВІЧ,
Грэгаровіч Карл Карлавіч (25.10.1868, С.-Пецярбург — 25.3.1921), рускі скрыпач-віртуоз, педагог. Вучыўся ў В.Безякірскага (Масква) і І.Іоахіма (Берлін). З 1883 канцэртаваў па Расіі і краінах Еўропы, шматразова выступаў на Беларусі (найб. у Віцебску). У 1910—14 узначальваў у Пецярбургу т.зв. Мекленбургскі квартэт. З 1904 праф. Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва, у 1918—20 — Віцебскай нар. кансерваторыі. Выступаў у суправаджэнні Віцебскага сімф. аркестра на чале з М.Малько, удзельнічаў у вечарах камернай музыкі (выконваў творы Л.Бетховена, Ф.Мендэльсона, Э.Лало, А.Тама, П.Сарасатэ і інш.). Тонкі інтэрпрэтатар скрыпічнай і квартэтнай класікі.
А.Л.Капілаў.
т. 5, с. 474
ГРЫГАРО́ВІЧ Міхаіл Фролавіч
(1.10.1897, в. Кавалічы Гродзенскага р-на — 24.11.1946),
генерал-маёр (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1928), паскораныя курсы ваен. акадэміі Генштаба (1943). У арміі з 1916, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20, разгрому войск Булак-Балаховіча, Антонава на Тамбоўшчыне, басмачоў у Сярэдняй Азіі. У Вял. Айч. вайну з 1943 на 1-м Укр. фронце. Вызначыўся ў ліп. 1944 у баях на Львоўскім напрамку: стралк. корпус на чале з Грыгаровічам прарваў абарону ворага, выйшаў у тыл варожай групоўкі, удзельнічаў у яе ліквідацыі, авалодаў паўн.-ўсх. часткай Львова. У час наступлення на гэтым напрамку падраздзяленні яго корпуса вызвалілі каля 100 тыс. нас. пунктаў. Удзельнік вызвалення Чэхаславакіі, Венгрыі.
т. 5, с. 474
ГРЫГАРО́ВІЧ Юрый Мікалаевіч
(н. 2.1.1927, С.-Пецярбург),
рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1973). Герой Сац. Працы (1986). Праф. (1973). Прэзідэнт Камітэта танца Міжнар. ін-та т-ра (1975—85), Асацыяцыі дзеячаў харэаграфіі (з 1989), фонду «Рускі балет» (з 1990). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1946). З 1946 саліст, з 1961 балетмайстар Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Выконваў пераважна гратэскавыя партыі. У 1964—95 гал. балетмайстар Вял. т-ра ў Маскве. Спектаклі Грыгаровіча ўключаюць складаныя формы харэаграфічнага сімфанізму, класічны танец у іх узбагачаны элементамі інш. танц. сістэм, балеты класічнай спадчыны набываюць сучаснае гучанне. Сярод пастановак: «Каменная кветка» (1957), «Іван Грозны» (1975), «Рамэо і Джульета» (1979) С.Пракоф’ева, «Легенда аб каханні» А.Мелікава (1961, 1965), «Шчаўкунок» (1966), «Лебядзінае возера» (1969), «Спячая прыгажуня» (1963, 1973) П.Чайкоўскага, «Спартак» А.Хачатурана (1968, Ленінская прэмія 1970), «Ангара» А.Эшпая (1970), «Залаты век» Дз.Шастаковіча (1982), «Раймонда» А.Глазунова (1984), «Баядэрка» Л.Мінкуса (1991), «Карсар» А.Адана і Ц.Пуні (1994; усе паводле яго ўласных сцэнарыяў). Дзярж. прэміі СССР 1977, 1985.
т. 5, с. 474
ГРЫГАРО́ВІЧ-БА́РСКІ Іван Рыгоравіч
(1713, Кіеў — 1785),
украінскі архітэктар. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай акадэміі. Працаваў у традыц. прыёмах укр. барока, часам з выкарыстаннем элементаў ранняга рус. класіцызму. Пабудаваў у Кіеве: гар. водаправод на Падоле з павільёнам-фантанам «Феліцыян» (1748—49, не збярогся), цэрквы Пакроўскую (1766) і Ніколы Набярэжнага (1772—85), гасціны рад (1778), надбрамную званіцу ў Кірылаўскім манастыры (1748—60, не захавалася), а таксама магістрат у г. Казялец (каля 1756).
Літ.:
Заболотний В. Український архітектор XVIII століття Григорович-Барський // Українська література. 1942. № 5—6.
т. 5, с. 474
ГРЫГАРЫ́ШЫН Іван Лявонцьевіч
(н. 25.8.1931, с. Грынчук Хмяльніцкай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне электроннай оптыкі і мікраэлектронікі. Д-р тэхн. н. (1988). Скончыў Чарнавіцкі дзярж. ун-т (1955). З 1961 у Ін-це электронікі АН Беларусі. Навук. працы па мадэляванні і разліку электронна-аптычных сістэм, вакуумнай мікраэлектроніцы. Распрацаваў вакуумныя інтэгральныя мікрасхемы для звышжорсткіх умоў эксплуатацыі, тэхнал. працэсы стварэння магн. галовак запісу і счытвання інфармацыі.
Тв.:
Моделирование электронно-оптических систем на сетках сопротивлений. Мн., 1974 (разам з С.Л.Мельнікавым, І.І.Беланучкінай).
т. 5, с. 474
ГРЫГАРЫ́ШЫНА Валянціна Іванаўна
(н. 4.7.1942, г.п. Лясны Кіраўскай вобл., Расія),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1962), Бел. тэатр.-маст. Ін-т (1968). Сярод работ у кераміцы — кампазіцыі «Восеньскі букет» (1983), «Старое люстэрка» (1991); цыкл аб’ёмнай пластыкі з фаянсу «Ноч нараджэння», «Пейзаж з птушкай», «Дрэва, якое спявае» і інш. (1989); серыя дэкар. пластоў «І ўпала на зямлю зорка» (1996) і інш. Аўтар габеленаў «Залаты сад» (1979, з Г.Гаркуновым) у пасольстве Беларусі ў Індыі, габелены-заслоны «Натхненне» (1982, з Гаркуновым) для Барысаўскага Палаца культуры, «Шчодрасць зямлі бацькоў» (1984). Творчая манера вылучаецца дакладнасцю трактоўкі вобразна-пластычнай ідэі, тонкім адчуваннем колеру.
т. 5, с. 475
ГРЫГАРЫ́ШЫНА Ірына Валер’еўна
(н. 5.4.1966, Мінск),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Дачка В.І.Грыгарышынай. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1981), Бел. АМ (1993). Працуе пераважна ў фарфоры. Сярод твораў: кампазіцыі «Метамарфозы», «Зімовы сад», серыі анімалістычнай пластыкі «Знакі задыяка», дэкар. блюд «Папараць-кветка», кубкаў «Адвечнае», сервізы «Тэатральны», «Перламутр», «Рэтра», «Святочны», «Брыганціна» і інш. (усе 1992—96). Валодае вытанчаным пачуццём колерапластыкі, стварае адметную вобразнасць і стылістыку.
т. 5, с. 475