ГРЫГАРО́ВІЧ (Юрый Мікалаевіч) (н. 2.1.1927, С.-Пецярбург),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1973). Герой Сац. Працы (1986). Праф. (1973). Прэзідэнт Камітэта танца Міжнар. ін-та т-ра (1975—85), Асацыяцыі дзеячаў харэаграфіі (з 1989), фонду «Рускі балет» (з 1990). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1946). З 1946 саліст, з 1961 балетмайстар Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Выконваў пераважна гратэскавыя партыі. У 1964—95 гал. балетмайстар Вял. т-ра ў Маскве. Спектаклі Грыгаровіча ўключаюць складаныя формы харэаграфічнага сімфанізму, класічны танец у іх узбагачаны элементамі інш. танц. сістэм, балеты класічнай спадчыны набываюць сучаснае гучанне. Сярод пастановак: «Каменная кветка» (1957), «Іван Грозны» (1975), «Рамэо і Джульета» (1979) С.​Пракоф’ева, «Легенда аб каханні» А.​Мелікава (1961, 1965), «Шчаўкунок» (1966), «Лебядзінае возера» (1969), «Спячая прыгажуня» (1963, 1973) П.​Чайкоўскага, «Спартак» А.​Хачатурана (1968, Ленінская прэмія 1970), «Ангара» А.​Эшпая (1970), «Залаты век» Дз.​Шастаковіча (1982), «Раймонда» А.​Глазунова (1984), «Баядэрка» Л.​Мінкуса (1991), «Карсар» А.​Адана і Ц.​Пуні (1994; усе паводле яго ўласных сцэнарыяў). Дзярж. прэміі СССР 1977, 1985.

т. 5, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)