ГРЫГАРО́ВІЧ Дзмітрый Васілевіч
(31.3.1822, г. Ульянаўск, Расія — 3.1.1900),
рускі пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1888). Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў (Пецярбург, 1836—40), служыў у Дырэкцыі імператарскіх т-раў. Вядомасць яму прынеслі першыя аповесці «Вёска» (1846) і «Антон Гаротнік» (1847), напісаныя ў рэчышчы натуральнай школы, пабудаваныя на супрацьпастаўленні дэспатызму памешчыкаў і бяспраўя сялян. Аўтар аповесцей «Капельмейстар Суслікаў» (1848), «Прыгоды Накатава» (1849), «Няўдалае жыццё» (1850), «Свістулькін» (1855—56), раманаў «Прасёлачныя дарогі» (1852), «Рыбакі» (1853), «Перасяленцы» (1855). Для твораў Грыгаровіча характэрна нарысавая манера выкладання, перавага сац. аналізу над псіхалагічным, па-майстэрску напісаныя пейзажы. Пасля падарожжа вакол Еўропы ў 1858—59 напісаў дарожныя нарысы «Карабель «Рэтвізан» (1859—63). У пач. 1860-х г. адышоў ад літ. дзейнасці і прысвяціў сябе мастацтвазнаўству. Пазней вярнуўся да л-ры, выдаў аповесць «Гутаперчавы хлопчык» (1883) і «Літаратурныя ўспаміны» (1892—93).
Тв.:
Соч. Т. 1—3. М., 1988.
Літ.:
Мещеряков В.П. Д.В.Григорович — писатель и искусствовед. Л., 1985.
т. 5, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)