Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЯ́СІНА,

рака ў Таймырскай (Даўгана-Ненецкай) аўт. акрузе Расіі. Даўж. 818 км, пл. басейна 182 тыс. км². Выцякае з воз. Пясіна, цячэ па Паўн.-Сібірскай нізіне, у нізоўях прарываецца цераз горы Быранга. Упадае ў Пясінскі зал. Карскага м., утварае эстуарый. Гал. прытокі: Дудыпта (справа), Агапа (злева). Сярэдні расход у ніжнім цячэнні каля 2,6 тыс. м³/с. Ледастаў ад канца вер. — пач. кастр. да чэрвеня. Рыбалоўства. Суднаходная.

т. 13, с. 161

ПЯСКО́Ў (Васіль Міхайлавіч) (н. 14.3.1930, с. Арлова Новаусманскага р-на Варонежскай вобл., Расія),

рускі пісьменнік, журналіст. З 1953 на журналісцкай працы. Уражанні ад паездак у кнігах нарысаў «Нататкі фотарэпарцёра» (1960), «Крокі па расе» (1963; Ленінская прэмія 1964), «Белыя сны» (1965), «Падарожжа з маладым месяцам» (1969), «Па дарогах Амерыкі» (1973, з Б.​Стрэльнікавым), «Прасёлкі» (1988) і інш. Кніга дакумент. нарысаў «Чакайце нас, зоркі!» (1963; з М.​Рабровым) пра лётчыкаў-касманаўтаў В.​Церашкову і В.​Быкоўскага. Пра сям’ю пустэльнікаў-старавераў дакумент. аповесць «Таежны тупік» (1990). Аўтар кн. «Вайна і людзі» (1970). Самабытна піша пра прыроду (цыклы нарысаў «Акно ў прыроду», «Прасёлкі»), выступае ў яе абарону. Многія кнігі П. праілюстраваны яго фотаработамі.

Тв.:

Дороги и тропы. М., 1976;

Аляска больше, чем вы думаете. М., 1994;

Странствия. М., 1999.

т. 13, с. 161

ПЯСО́К,

дробнаабломкавая рыхлая асадкавая горная парода. Складаецца з абкатаных і вуглаватых зерняў (пясчынак) розных мінералаў, абломкаў горных парод, шкілетаў арганізмаў. Існуе шмат класіфікацый П., найчасцей карыстаюцца геалагічнай, дзе паводле пераважных памераў зерняў П. падзяляецца на тонказярністы (0,05—0,1 мм), дробназярністы (0,1—0,25 мм), сярэднезярністы (0,25—0,5 мм), буйназярністы (0,5—1 мм). У інжынерна-геал. класіфікацыі вылучаецца грубазярністы П. (1—2 мм). У горнай справе П. вызначаецца памерам часцінак да 5 мм. П. змяшанай зярністасці прыблізна ў роўнай колькасці наз. розназярністым. У саставе П. — кварц (больш за 50 %), палявы шпат, слюда, глаўканіт, вулкан. шкло; як дамешкі — ільменіт, магнетыт, рагавая падманка, цыркон, рутыл, гранат, турмалін і інш. Паводле мінер. саставу вылучаюць монамінер. П. (пераважна 1 мінерал, напр., кварцавыя), алігаміктавыя П. (1 мінерал і некалькі падпарадкаваных яму, напр., кварцавапалявашпатавыя), паліміктавыя П. (з розных мінералаў). Паверхня зерняў часам укрыта плеўкай з гідраксідаў жалеза, гліністага або карбанатнага рэчыва; сцэментаваныя такім матэрыялам П. ўтвараюць пясчанікі. Выкарыстоўваюцца П. ў шкляной, керамічнай прам-сці, буд-ве, вытв-сці дынасавай цэглы, ліцейных форм. Змяшчаюць россыпныя радовішчы карысных выкапняў, падземныя воды. На Беларусі П. рознага ўзросту (ад дакембрыю да антрапагену ўключна), звязаны з адкладамі марскога, алювіяльнага, азёрнага, водна-ледавіковага, эолавага і інш. паходжання. Складаюць 39% аб’ёму антрапагенавых адкладаў, на паверхні займаюць 45% плошчы рэспублікі, дзе ўтвараюць пясчаныя глебы. Гл. таксама Неметалічныя карысныя выкапні, Абломкавыя горныя пароды, Псаміты.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 13, с. 162

ПЯСО́ЧНАЕ,

вёска ў Слабада-Кучынскім с/с Капыльскага р-на Мінскай вобл. на левым беразе р. Нёман. Цэнтр саўгаса. За 26 км на Пн ад г. Капыль, 93 км ад Мінска, 37 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 620 ж., 269 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

Вядома з 16 ст. як мястэчка Капыльскага княства ВКЛ, уласнасць Алелькавічаў, з 17 ст. — Радзівілаў. Паводле прывілея Жыгімонта II Аўгуста Алелькавічам мяшчане П. карысталіся правам «людзей вольных». З 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв., з 1793 у Рас. імперыі ў Магільнянскай вол. Ігуменскага пав. Мінскай губ. У 1849 мела паромную пераправу, прыстань, 2 млыны, склады для лесаматэрыялаў, існаваў выраб лёгкіх суднаў («шугалеяў»). У пач. 20 ст. ў Цялядавіцкай вол. Слуцкага пав. З 1924 вёска, да 1963 цэнтр сельсавета Капыльскага р-на.

В.​М.​Удальцоў.

т. 13, с. 162

ПЯСО́ЧНАЕ ВО́ЗЕРА.

У Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Бярэзіна, за 30 км на ПнУ ад г. Чэрвень. Пл. 0,24 км², даўж. 700 м, найб. шыр. 480 м, даўж. берагавой лініі 1,86 км. Схілы катлавіны невыразныя, на Пд выш. да 10 м, пад лесам. Берагі забалочаныя, на Пд пясчаныя. Бяссцёкавае.

т. 13, с. 162

ПЯСО́ЧНІКІ (Calidris),

род птушак сям. бакасавых атр. сеўцападобных. 14 відаў. Пашыраны на Пн Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. Гняздуюць пераважна ў тундры, на зімоўку мігрыруюць. На Беларусі зрэдку гняздуе 1 від — чорнаваллёвік; на пралётах трапляюцца 5 відаў: кулік-верабей, чырвонаваллёвік, П. марскі (C. maritima), П. белахвосты (C. temminckii) і пясчанка (C. alba).

Даўж. да 25 см, маса да 205 г. Крылы доўгія, вострыя. Дзюба прамая ці крыху сагнутая ўніз, ногі доўгія, хвост кароткі. Апярэнне зверху цёмнае, стракатае, знізу пераважна белае. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Нясуць 3—5 (звычайна 4) яец.

Э.​Р.​Самусенка.

Пясочнікі: 1 — белахвосты; 2 — пясчанка; 3 — кулік-верабей; 4 — марскі.

т. 13, с. 162

ПЯСО́ЧНЫ ГАДЗІ́ННІК,

найпрасцейшая прылада для вымярэння часу. 2 лейкападобныя пасудзіны (ці цэлая сістэма) злучаны вузкай гарлавінай; адна часткова запоўнена пяском. Прамежак часу, за які пясок праз гарлавіну перасыпаецца з адной пасудзіны ў другую, можа складаць ад некалькіх гадзін да некалькіх секунд. Гл. таксама Гадзіннік.

т. 13, с. 162

«ПЯСТ», Польская народная партыя «Пяст» (PSL «Piast»; Polskie Stronnictwo Ludowe «Piast»),

палітычная партыя ў Польшчы ў 1913—31. Узнікла ў снеж. 1913 у выніку расколу галіцыйскай Польскай нар. партыі (ПСЛ). Ініцыятар стварэння — групоўка, што ўтварылася вакол штотыднёвіка «Piast» («Пяст»; 1913). Кіраўнік — В.Вітас (прэм’ер-міністр у 1920—21, 1923, 1926). Прадстаўляла памяркоўную ч. сял. руху. На выбарах 1919 у сейм «П.» атрымаў 42 месцы і ў далейшым займаў паз шыю паліт. цэнтра, якая паступова схілялася ўправа. Выступаў у абарону дэмакратыі і прыватнай уласнасці, за умацаванне падкантрольнай парламенту выканаўчай улады. Агр. палітыка Польшчы (законы пра асаднікаў і асадніцтва, прыватную парцэляцыю зямлі, польскую каланізацыю ўсх. зямель і інш.) праводзілася па ініцыятыве або з удзелам «П.», які ў 1923 заключыў пагадненне аб узгодненай палітыцы з нацыянал-дэмакр. партыяй. З 1926 у апазіцыі да санацыйнага рэжыму. У 1931 ПСЛ «П.» уз’яднаўся з ПСЛ «Вызволенне» і Стронніцтвам хлопскім, стварыўшы Стронніцтва людовэ (Народную партыю).

Літ.:

Borkowski J. Ludowcy w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1987.

А.​А.​Цітова.

т. 13, с. 162

ПЯ́СТЫ (Piastowie),

польская княжацкая і каралеўская дынастыя. Названа ў гонар легендарнага родапачынальніка селяніна Пяста. Першы гістарычна вядомы польскі князь дынастыі П. Мешка I (960—992), нашчадкі якога займалі польскі трон. Пасля смерці Баляслава III Крывавустага (1138) дынастыя падзялілася на некалькі княжацкіх ліній. Ад Уладзіслава II пачалася сілезская лінія (згасла ў 1675), ад Мешкі III Старога — велікапольская (згасла ў 1296), ад Казіміра II Справядлівага — малапольская (згасла ў 1279), мазавецкая (згасла ў 1526) і куяўская (згасла ў 1388). У аб’яднаным Польскім каралеўстве трон заняла лінія куяўскіх князёў (Уладзіслаў I Лакетак, Казімір III Вялікі — апошні П. на польскім троне).

Літ.:

Balzer O.M. Genealogia Piastów. Kraków, 1895. Jasienica P. Polska Piastów. Warszawa, 1996.

т. 13, с. 162

ПЯСЦЕ́ХІН (Сяргей Іванавіч) (н. 21.7.1949, Мінск),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1979). Скончыў Бел. харэагр. вучылішча (1967), у 1972—78 і з 1993 выкладае ў ім. З 1967 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У 1987—92 працаваў у спарт. дзіцячай юнацкай школе алімп. рэзерву. П. вылучаюць выразная пластыка, добрыя сцэнічныя даныя. Сярод партый: Драсельмеер («Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Эспада («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына), Іван, Князь, Вялікі інквізітар («Альпійская балада», «Курган», «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава), Д’ябал («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Крас («Спартак» А.​Хачатурана), Абат («Карміна Бурана» К.​Орфа), Пер Гюнт («Пер Гюнт» Э.​Грыга).

т. 13, с. 162