ПЯСО́ЧНІКІ (Calidris),

род птушак сям. бакасавых атр. сеўцападобных. 14 відаў. Пашыраны на Пн Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. Гняздуюць пераважна ў тундры, на зімоўку мігрыруюць. На Беларусі зрэдку гняздуе 1 від — чорнаваллёвік; на пралётах трапляюцца 5 відаў: кулік-верабей, чырвонаваллёвік, П. марскі (C. maritima), П. белахвосты (C. temminckii) і пясчанка (C. alba).

Даўж. да 25 см, маса да 205 г. Крылы доўгія, вострыя. Дзюба прамая ці крыху сагнутая ўніз, ногі доўгія, хвост кароткі. Апярэнне зверху цёмнае, стракатае, знізу пераважна белае. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Нясуць 3—5 (звычайна 4) яец.

Э.​Р.​Самусенка.

Пясочнікі: 1 — белахвосты; 2 — пясчанка; 3 — кулік-верабей; 4 — марскі.

т. 13, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)