ПЯСКО́Ў (Васіль Міхайлавіч) (н. 14.3.1930, с. Арлова Новаусманскага р-на Варонежскай вобл., Расія),
рускі пісьменнік, журналіст. З 1953 на журналісцкай працы. Уражанні ад паездак у кнігах нарысаў «Нататкі фотарэпарцёра» (1960), «Крокі па расе» (1963; Ленінская прэмія 1964), «Белыя сны» (1965), «Падарожжа з маладым месяцам» (1969), «Па дарогах Амерыкі» (1973, з Б.Стрэльнікавым), «Прасёлкі» (1988) і інш. Кніга дакумент. нарысаў «Чакайце нас, зоркі!» (1963; з М.Рабровым) пра лётчыкаў-касманаўтаў В.Церашкову і В.Быкоўскага. Пра сям’ю пустэльнікаў-старавераў дакумент. аповесць «Таежны тупік» (1990). Аўтар кн. «Вайна і людзі» (1970). Самабытна піша пра прыроду (цыклы нарысаў «Акно ў прыроду», «Прасёлкі»), выступае ў яе абарону. Многія кнігі П. праілюстраваны яго фотаработамі.
Тв.:
Дороги и тропы. М., 1976;
Аляска больше, чем вы думаете. М., 1994;
Странствия. М., 1999.
т. 13, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)