Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЯРСЦЁНАК,

упрыгожанне, якое надзяваюць на палец (перст). Пашыраны ў большасці народаў свету. Касцяныя П. вядомы з эпохі палеаліту, металічныя — з бронзавага веку. У Стараж. Егіпце пашыраны т.зв. пячатныя П. з выразанымі надпісамі ці выявамі, адбітак якіх выкарыстоўваўся ў якасці подпісу ўладальніка. Пячатныя П. (у іх часта ўстаўляліся гемы) вядомы таксама ў эгейцаў, грэкаў і этрускаў. У Рымскай рэспубліцы сенатары і коннікі насілі залатыя П., простыя грамадзяне — жалезныя. З 3 ст. ўсе вольнанароджаныя Рымскай імперыі атрымалі права насіць залатыя П., вольнаадпушчаннікі — сярэбраныя. У сярэдневякоўі на Русі ў гарадах насілі залатыя і сярэбраныя пярсцёнкі з выявамі, на вёсцы — медныя з геам. арнаментам. У пазнейшыя часы пашырыліся залатыя і сярэбраныя П. з каштоўнымі ці паўкаштоўнымі камянямі. У каталіцкіх епіскапаў П. — знак іх улады. З часоў Стараж. Рыма гладкія, без упрыгожанняў П. выкарыстоўваюцца многімі народамі як заручальныя пры заключэнні шлюбу. На тэр. Беларусі П. з вузкіх бронзавых пласцінак вядомы з 7 ст. да н.э. ў плямён мілаградскай і зарубінецкай культур. У 10—14 ст. П. выраблялі з каляровых і каштоўных металаў, шкла з замкнёнымі і незамкнёнымі канцамі, паводле тыпалогіі і тэхналогіі вытв-сці бранзалетаў таго часу. Найб. вядомыя знаходкі залатых П. 10 ст. з Віцебска і 13—14 ст. з Гродна.

Т.​С.​Скрыпчанка.

Залаты пярсцёнак 12 ст. з Полацка.

т. 13, с. 159

ПЯРУ́Н,

вобраз стараж. міфалогіі слав. народаў; вярхоўнае язычніцкае бажаство ўсх. славян., бог грому і маланкі. Падобны да стараж.-грэчаскага бога Зеўса і стараж.-рым. Юпітэра. У стараж. славян увасабляў навальнічную хмару, якая дае дождж і спрыяе ўрадлівасці. У «Аповесці мінулых гадоў» сярод багоў П. названы першым. У гонар П. будавалі свяцілішчы-капішчы (рэшткі некат. выяўлены на Беларусі). Ідалы П. былі пастаўлены ў Кіеве (побач з Дажбогам) і Ноўгарадзе. Пасля ўвядзення хрысціянства функцыі і рысы П. нададзены Ільі.

Паводле стараж. бел. павер’яў П. трымаў у руках велізарныя жорны, удараў каменем аб камень і выклікаў гром і маланку, асколкі жорнаў ляцелі на зямлю і паражалі, як стрэлы. Лічылі, што П. накіроўвае свае ўдары супраць дэмана Жыжаля, пазней — супраць чорта. Рэлігійнае значэнне вобраз П. страціў у канцы 19 — пач. 20 ст.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 13, с. 159

ПЯРУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1990). Размешчаны за 1 км на У ад в. Расходна Сенненскага р-на Віцебскай вобл. Валун буйназярністага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату. Даўж. 4 м, шыр. 3,8 м, выш. 2,7 м, у абводзе 11,8 м, аб’ём бачнай часткі 22 м³, маса каля 58 т. Доўгая вось арыентавана з ПнЗ на ПдУ, што адпавядае напрамку руху ледавіка, які прынёс валун каля 20—18 тыс. гадоў назад з тэр., што прылягае да Фінскага заліва. У мінулым меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 159

ПЯРЦО́ЎСКІ (Аркадзь Ліцмінавіч) (н. 2.4.1939, г. Калінкавічы Гомельскай вобл.),

бел. хімік-аналітык. Д-р хім. н. (2001). Скончыў БДУ (1961). З 1963 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі, з 1971 у Бел. н.-д. санітарна-гігіенічным ін-це (у 1973—91 заг. лабараторыі). З 1994 у Рэсп. навукова-практычным цэнтры па экспертнай ацэнцы якасці і бяспекі прадуктаў харчавання. Навук. працы па ўдасканаленні газахраматаграфічных метадаў хім. аналізу. Распрацаваў комплекс метадаў вызначэння мікраколькасцей шкодных арган. і неарган., а таксама біялагічна актыўных рэчываў у розных асяроддзях.

Тв.:

Использование газовой хроматографии для определения загрязнений окружающей среды // Гигиена и санитария. 1988. №9.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 13, с. 159

ПЯРША́І,

вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Валожын — Івянец. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдУ ад горада і 31 км ад чыг. ст. Валожын, 63 км ад Мінска. 678 ж., 270 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Цэнтр рэабілітацыі насельніцтва, якое пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АС. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл св. Юрыя і Маці Божай (1933).

Вядома з 1492 як сяло, уласнасць касцёла. У 1539 мястэчка, цэнтр воласці. У 1800 уласнасць І.​Ражэрсона, у-1858 — В.​Тышкевіча. У 1897 сяло, цэнтр воласці Мінскага пав., 391 ж., 59 двароў, царква, нар. вучылішча, аптэка, крама, хлебазапасны магазін, карчма, маёнтак. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага, з 1926 — Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР. З 12.10.1940 цэнтр сельсавета Валожынскага р-на.

М.​Б.​Батвіннік.

Вёска Пяршаі. Касцёл святога Юрыя і Маці Божай. 1933. Фота 2000.

т. 13, с. 159

ПЯРЭ́ВАРАЦЕНЬ,

фантастычны персанаж нар. павер’яў і казак; чалавек, ператвораны ці здольны сам дзівосным чынам ператварыцца ў звера, расліну, камень. У слав., у т. л. ў бел. міфалогіі найчасцей набываў аблічча воўка (гл. Ваўкалак). Уяўленне пра П. ўзнікла на аснове татэмізму, звязана з вераю ў чараўнікоў, адлюстравалася ў фальклоры — былічках, баладах (напр., у бел. купальскай песні — баладзе «Пойдзем, сястра, у лясок а скінемся травіцай»).

т. 13, с. 159

ПЯРЭ́ДЗЕЛКА,

вёска ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро, каля аўтадарогі Лоеў — Рэчыца. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 15 км на ПнЗ ад г.п. Лоеў, 78 км ад Гомеля, 45 км ад чыг. ст. Рэчыца. 431 ж., 187 двароў (2001). Сярэдняя школа, вучэбна-вытв. камбінат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, лазнева-пральны і быт. абслугоўвання камбінаты, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Курган Славы на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — сядзібны дом (1-я пал. 19 ст.) і Свята-Пакроўская царква (2-я пал. 19 ст.).

т. 13, с. 159

ПЯРЭДНЕАЗІЯ́ЦКІЯ НАГО́Р’І,

група нагор’яў на З Азіі, што ўключае Малаазіяцкае нагор’е, Армянскае нагор’е, Іранскае нагор’е. Даўж. з З на У амаль 4 тыс. км; шыр. 600—1500 км. Агульная пл. больш за 3,5 млн. км². Унутр. ч. П.н. заняты пласкагор’ямі выш. да 2000 м, якія часта не маюць знешняга сцёку і акаймаваны ўскраіннымі гарамі (выш. да 4000 м). Знешнія, больш вільготныя, схілы гор укрыты лясамі і хмызнякамі, унутр. схілы і пласкагор’і маюць пустынна-стэпавыя рысы. Пераважаюць ландшафты сухіх субтропікаў, на Пд — сухіх тропікаў, на знешніх схілах — вільготных субтропікаў.

т. 13, с. 159

ПЯРЭ́ДНЕЎ (Уладзімір Пятровіч) (10.5.1935, в. Пугачова Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 27.9.2000),

бел. вучоны ў галіне агародніцтва і аграхіміі. Д-р с.-г. н. (1994), праф. (1995). Скончыў БСГА (1962). З 1962 у Бел. НДІ агародніцтва (з 1969 заг. лабараторыі). Навук. працы па праблемах інтэнсіўных тэхналогій вырошчвання агародніны, павелічэння ўрадлівасці глебы, ураджаяў, паляпшэння якасці агароднінных культур.

Тв.:

Удобрение овощных культур. Мн., 1987;

Огород без химии. Мн., 1996 (разам з Я.​А.​Стальмашком);

Выращивание овощей. Мн. 2001 (разам з Л.​І.​Лявонавай).

т. 13, с. 160

ПЯРЭ́ДНІ МО́ЗГ,

пярэдні аддзел галаўнога мозга пазваночных жывёл і чалавека. Развіваецца з пярэдняга мазгавога пузыра. У кругларотых і рыб — мазгавая ч. нюхальнага аналізатара, выконвае пераважна ролю цэнтр. рэгулятара дзейнасці органаў нюху. У земнаводных і паўзуноў П.м. ускладняецца, падзяляецца на прамежкавы і канечны мозг; уключаецца ў кіраванне складанымі формамі паводзін. У птушак і млекакормячых падзел П.м. найб. выразны. У наземных жывёл з развіццём П.м. як органа вышэйшай нерв. дзейнасці ўзнікае дзяленне рэфлекторнай дзейнасці на сістэму складаных безумоўных (інстынктаў) і ўмоўных (мазгавая кара) рэфлексаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 160