ПЯРУ́Н,

вобраз стараж. міфалогіі слав. народаў; вярхоўнае язычніцкае бажаство ўсх. славян., бог грому і маланкі. Падобны да стараж.-грэчаскага бога Зеўса і стараж.-рым. Юпітэра. У стараж. славян увасабляў навальнічную хмару, якая дае дождж і спрыяе ўрадлівасці. У «Аповесці мінулых гадоў» сярод багоў П. названы першым. У гонар П. будавалі свяцілішчы-капішчы (рэшткі некат. выяўлены на Беларусі). Ідалы П. былі пастаўлены ў Кіеве (побач з Дажбогам) і Ноўгарадзе. Пасля ўвядзення хрысціянства функцыі і рысы П. нададзены Ільі.

Паводле стараж. бел. павер’яў П. трымаў у руках велізарныя жорны, удараў каменем аб камень і выклікаў гром і маланку, асколкі жорнаў ляцелі на зямлю і паражалі, як стрэлы. Лічылі, што П. накіроўвае свае ўдары супраць дэмана Жыжаля, пазней — супраць чорта. Рэлігійнае значэнне вобраз П. страціў у канцы 19 — пач. 20 ст.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 13, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)