вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Валожын — Івянец. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдУ ад горада і 31 км ад чыг. ст. Валожын, 63 км ад Мінска. 678 ж., 270 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Цэнтр рэабілітацыі насельніцтва, якое пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АС. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл св. Юрыя і Маці Божай (1933).
Вядома з 1492 як сяло, уласнасць касцёла. У 1539 мястэчка, цэнтр воласці. У 1800 уласнасць І.Ражэрсона, у-1858 — В.Тышкевіча. У 1897 сяло, цэнтр воласці Мінскага пав., 391 ж., 59 двароў, царква, нар. вучылішча, аптэка, крама, хлебазапасны магазін, карчма, маёнтак. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага, з 1926 — Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР. З 12.10.1940 цэнтр сельсавета Валожынскага р-на.
М.Б.Батвіннік.
Вёска Пяршаі. Касцёл святога Юрыя і Маці Божай. 1933. Фота 2000.