Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЭЙ, Пей (Pei) Ёх Мінг (н. 26.4.1917, г. Гуанчжоў, Кітай), амерыканскі архітэктар. З 1935 вывучаў архітэктуру ў ЗША. Раннія работы выкананы пад уплывам ням. архітэктараў В.Гропіуса і Л.Міс ван дэр Роэ (вышынны будынак «Цэнтр» у Дэнверы, 1955). З канца 1960-х г. развівае ўласны арх. стыль: Нац. цэнтр атм. даследаванняў у Булдэры (1967), Нац. галерэя мастацтваў у Вашынгтоне (1978), б-ка імя Кенэдзі ў Бостане (1979), шкляныя піраміды перад будынкам Луўра ў Парыжы (1985—93) і інш. Праектаваў таксама ў Кітаі.

т. 13, с. 153

ПЭ́ЙДЖЫНГАВАЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,

від радыёсувязі, які забяспечвае аднабаковую перадачу інфармацыі, прызначанай для пэўнага абанента. Прыём інфармацыі ажыццяўляецца з дапамогай пэйджэра. Часам нараўне з тэрмінам «П.р.» карыстаюцца тэрмінам «сістэма персанальнага радыёвыкліку».

Функцыі П.р. развіваліся ад аднабаковай перадачы сігналу выкліку да перадачы лічбавым спосабам моўных і факсімільных паведамленняў, даных з камп’ютэра і інш., а таксама да двухбаковай сувязі з магчымасцю пасылаць адказ на прынятае паведамленне, перадаваць інфармацыю з аднаго пэйджэра на другі і інш. П.р. бывае ведамасная і агульнага прызначэння, паводле тэрыторыі абслугоўвання — лакальная, занальная (напр., у межах нас. пункта), нац. і міжнародная. Сеткі П.р. будуюцца па радыяльным ці сотавым прынцыпе. Паведамленні, адрасаваныя абаненту па-за межамі зоны абслугоўвання, назапашваюцца ў сетцы сувязі і перадаюцца абаненту, калі ён ізноў апынецца ў гэтай зоне.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 13, с. 154

ПЭ́ЙДЖЭР (англ. pager),

партатыўны радыёпрыёмнік з вадкакрышталічным экранам для прыёму моўнай інфармацыі і літарна-лічбавага тэксту, што адлюстроўваецца на экране. Мае блок памяці для запамінання і прагляду раней прынятых паведамленняў. Кожнаму П. прысвойваецца індывідуальны нумар (код адраса), па якім аператар сеткі пэйджынгавай радыёсувязі накіроўвае паведамленні пэўнаму абаненту. З дапамогай П. можна таксама перадаваць інфармацыю з камп’ютэра, ажыццяўляць двухбаковую сувязь, пасылаць паведамленні з аднаго П. на другі і інш.

т. 13, с. 154

ПЭ́ЙПСІ,

назва Чудска-Пскоўскага возера ў Эстоніі.

т. 13, с. 154

ПЭКТУСА́Н,

кіт. Байтаўшань, вулкан на Пн КНДР, каля мяжы з Кітаем, найвыш. пункт Маньчжура-Карэйскіх гор (2750 м). Складзены з трахітаў і белай пемзы. Апошняе вывяржэнне ў 1898.

т. 13, с. 154

ПЭКЧЭ́,

адна з трох карэйскіх дзяржаў (П., Кагуро, Сіла), якія ўзніклі ў пач. н.э. Займала ПнЗ Карэйскага п-ва. Першы вядомы цар (ван) П. — Кой [234—286], да часу кіравання якога адносяцца першыя юрыд. ўстанаўленні дзяржавы, пашырэнне будызму, які ў 384 быў абвешчаны дзярж. рэлігіяй. З канца 4 ст. вяла войны з Кагуро, з 5 — з Сіла, у выніку чаго страціла значную ч. сваёй тэрыторыі і вымушана была перанесці сталіцу ў 475 з Хансона (цяпер Кванджу) ва Унчхон (цяпер Канджу), а ў 538 — у Сабуры (цяпер Пуё). У 660 разгромлена аб’яднаным войскам Сіла і кіт. імперыі Тан. З канца 7 ст. тэр. П. ўвайшла ў склад аб’яднанай дзяржавы Сіла.

т. 13, с. 154

ПЭН, Пейн (Paine) Томас (29.1.1737, г. Тэтфард, Вялікабрытанія —8.6.1809), грамадскі і паліт. дзеяч ЗША і Вялікабрытаніі; асветнік радыкальнага кірунку.

З 1774 у Паўн. Амерыцы. У памфлеце «Здаровы сэнс» (1776) заклікаў англ. калоніі абвясціць сваю незалежнасць. Разам з Т.Джэферсанам выступаў за адмену рабства. Удзельнік вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. У 1777—79 П. — сакратар К-та кангрэса па замежных справах. Аўтар трактата «Правы чалавека» (1791—92), скіраванага ў абарону франц. рэвалюцыі, пасля яго забароны эмігрыраваў у Францыю; абраны чл. Канвента. У 1792—94 зняволены якабінцамі. У працы «Век розуму» (1794) выступіў як прыхільнік радыкальнага дэізму. У 1802 вярнуўся ў ЗША. Погляды П. зрабілі ўплыў на чартысцкі рух (гл. Чартызм) у Вялікабрытаніі.

т. 13, с. 154

ПЭН, Пен (Penn) Уільям (14.10.1644, Лондан — 30.7.1718), англійскі паліт. дзеяч, заснавальнік англ. калоніі Пенсільванія. Вучыўся ў Оксфардзе, дзе далучыўся да квакераў. За пропаведзі квакерскага вучэння зняволены ў Таўэры, дзе ў 1669 напісаў праграмны твор «Ні крыжа, ні кароны». У 1676 заснаваў у зах. ч. англ. калоніі Нью-Джэрсі пасяленне для квакераў і інш. эмігрантаў з Англіі, якіх праследавалі за рэліг. вераванні. У 1681 атрымаў ад англ. караля Карла II Сцюарта хартыю на права валодання значнай тэр. на З ад р. Дэлавэр. На гэтых землях, названых Пенсільваніяй, увёў рэліг. цярпімасць і прыязныя адносіны з індзейцамі. У 1682 заснаваў г. Філадэльфія. З 1684 жыў у Англіі.

т. 13, с. 154

ПЭН (Юдаль) (Іегуда) Моўшавіч (5.6.1854, г. Зарасай Уценскага пав., Літва —28.2.1937),

бел. жывапісец, педагог. Скончыў Пецярбургскую АМ (1885). У 1886—91 працаваў у г. Дзвінск (цяпер г. Даўгаўпілс, Латвія), Рызе, Крэйцбургу (цяпер г. Екабпілс, Латвія). З 1891 жыў у Віцебску. У 1897 стварыў Віцебскую школу-майстэрню Ю.​Пэна, у 1918—23 кіраваў майстэрняй ў Віцебскім нар. маст. вучылішчы. Працаваў пераважна ў жанры кампазіцыйнага партрэта, а таксама пейзажа, тэматычнай карціны. У творчасці развіваў традыцыі перасоўнікаў. У шэрагу работ звяртаўся да адлюстравання гар. побыту: «Вуліца ў Віцебску», «Старая з пісьмом» (1903); «Гадзіншчык», «Стары кравец», «Яўрэйскі рабін», «Апошняя субота» і інш.); сац. тэматыкі: «Стары салдат» (1902), «Жабрак», «Пасля забастоўкі» (1905), «У турме» (1920-я г.). Высокім майстэрствам выканання вылучаюцца партрэты-тыпы: «Шавец-камсамолец» (1925), «Сват» (1926), «Швачка», «Партрэт стогадовага селяніна» (абодва 1927), «Пекар» (1928), партрэты мастакоў М.​Шагала, Л.​Шульмана, «Аўтапартрэт у саламяным капелюшы», «Партрэт брата», «Аўтапартрэт» (1922), «Аўтапартрэт з пэндзлем», «Дама ў аксамітавай сукенцы» і інш. У 1939—41 у Віцебску існавала карцінная галерэя твораў П. (каля 800 работ).

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Казовский Г. Художники Витебска: Иегуда Пэн и его ученики: Пер. с англ. М., 1994;

Рывкин М., Шульман А. Запомните его имя: Юдель (Юрий) Пэн (1854—1937): Художник и педагог. Витебск, 1994;

Лисов А. Из истории витебской картинной галереи имени Ю.​М.​Пэна // Шагаловский сборник: Материалы I—V Шагаловских дней в Витебске (1991—1995). Витебск, 1996. Матэрыялы да выстаўкі твораў Ю.​М.​Пэна. Мн., 1993.

А.​Г.​Лісаў.

Ю.Пэн. Аўтапартрэт. 1922.

т. 13, с. 154

ПЭ́НДЗАЛЬ,

асноўны інструмент у жывапісе, выкарыстоўваецца таксама ў графіцы і каліграфіі. Вырабляецца з абястлушчанага і загартаванага воласа або поўсці жывёл, часам сінтэт. валокнаў. Адрозніваюцца паводле матэрыялу — цвёрдыя (шчацінныя) і мяккія (каланковыя, вавёркавыя, барсуковыя, тхаровыя і інш.); формы — плоскія і круглыя, завостраныя і тупыя. У гравюры выкарыстоўваюцца шкляныя і драцяныя П. Пад словам «П.» разумеюць таксама характар або спосаб выканання жывапісных твораў (напр., сухі П. — работа цвёрдымі П., слаба насычанымі алейнымі фарбамі на незагрунтаваным палатне).

т. 13, с. 154