ПЭКЧЭ́,
адна з трох карэйскіх дзяржаў (П., Кагуро, Сіла), якія ўзніклі ў пач. н.э. Займала ПнЗ Карэйскага п-ва. Першы вядомы цар (ван) П. — Кой [234—286], да часу кіравання якога адносяцца першыя юрыд. ўстанаўленні дзяржавы, пашырэнне будызму, які ў 384 быў абвешчаны дзярж. рэлігіяй. З канца 4 ст. вяла войны з Кагуро, з 5 — з Сіла, у выніку чаго страціла значную ч. сваёй тэрыторыі і вымушана была перанесці сталіцу ў 475 з Хансона (цяпер Кванджу) ва Унчхон (цяпер Канджу), а ў 538 — у Сабуры (цяпер Пуё). У 660 разгромлена аб’яднаным войскам Сіла і кіт. імперыі Тан. З канца 7 ст. тэр. П. ўвайшла ў склад аб’яднанай дзяржавы Сіла.
т. 13, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)