ПЭН, Пейн (Paine) Томас (29.1.1737, г. Тэтфард, Вялікабрытанія —8.6.1809), грамадскі і паліт. дзеяч ЗША і Вялікабрытаніі; асветнік радыкальнага кірунку.

З 1774 у Паўн. Амерыцы. У памфлеце «Здаровы сэнс» (1776) заклікаў англ. калоніі абвясціць сваю незалежнасць. Разам з Т.Джэферсанам выступаў за адмену рабства. Удзельнік вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. У 1777—79 П. — сакратар К-та кангрэса па замежных справах. Аўтар трактата «Правы чалавека» (1791—92), скіраванага ў абарону франц. рэвалюцыі, пасля яго забароны эмігрыраваў у Францыю; абраны чл. Канвента. У 1792—94 зняволены якабінцамі. У працы «Век розуму» (1794) выступіў як прыхільнік радыкальнага дэізму. У 1802 вярнуўся ў ЗША. Погляды П. зрабілі ўплыў на чартысцкі рух (гл. Чартызм) у Вялікабрытаніі.

т. 13, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)