Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІЛЬЯМПУ́ (Illampú),

гара ў Паўд. Амерыцы, у хр. Кардыльера-Рэаль. Выш. 6485 м. Ледавікі.

т. 7, с. 204

ІЛЬЯ́НСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1940—57. Утвораны 15.1.1940 у складзе Вілейскай вобл., з 1944 — у Маладзечанскай вобл. Цэнтр — в. Ілья. Падзяляўся на 11 сельсаветаў. У 1957 ліквідаваны, тэрыторыя далучана да Вілейскага р-на.

т. 7, с. 204

ІЛЬЯ́НСКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ТЭ́ХНІКУМ Засн. ў 1957 у в. Ілья (Вілейскі р-н Мінскай вобл.) як вет. тэхнікум. З 1970 саўгас-тэхнікум. З 1990 с.-г. тэхнікум. Спецыяльнасці (1997/98 навуч. г.): ветэрынарыя, заатэхнія. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 7, с. 204

ІЛЬЯ́НСКІ ШКЛОЗАВО́Д.

Засн. ў сярэдзіне 18 ст. ў мяст. Ілья (цяпер вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл.). Спачатку дзейнічаў як прыгонная мануфактура, выпускаў шкляны посуд і аконнае шкло. У 1815 на заводзе былі 2 шклоплавільныя печы. З 1900 дзейнічаў лакамабіль. У 1905 працавала 157 рабочых. У 1908—13 выпускалі сталовы, хрустальны прасаваны, паліраваны і аптэкарскі посуд, лямпавае шкло.

т. 7, с. 204

ІЛЬЯШЭ́ВІЧ (Мікалай) (1903, г. Пружаны Брэсцкай вобл. — 2.9.1934),

бел. гісторык, географ, педагог. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1923), Пражскі ун-т (1928). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1928 на тэму «Беларусь як антрапагеаграфічная адзінка». Рэдагаваў час. «Маладое жыццё» ў Вільні. Адзін з заснавальнікаў і старшыня Бел. культ. т-ва імя Ф.​Скарыны ў Празе. Змяшчаў артыкулы па гісторыі Беларусі ў энцыклапедычных выданнях Чэхаславакіі. Аўтар працы «Культурна-геаграфічны характар Беларусі» (1928), інфарм. нарыса «Беларусь і беларусы» (1930), «Кароткага нарыса псіхалогіі» (1932). З 1929 выкладаў у Віленскіх бел. гімназіі і правасл. духоўнай семінарыі. У 1930—31 рэдагаваў час. «Саха».

Тв.:

Расейская палітыка на землях былога Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панавання Кацярыны II і Паўла I (1772—1801). Вільня, 1933.

т. 7, с. 204

ІЛЬЯШЭ́ВІЧ (Хведар) (17.3.1910, Вільня — 7.11.1948),

бел. паэт, празаік, гісторык. Магістр філасофіі (1936). Брат М.Ільяшэвіча. Скончыў Віленскую бел. гімназію, Віленскі ун-т. Выкладаў бел. мову ў Віленскай бел. гімназіі, удзельнічаў у рабоце Бел. навук. т-ва. За грамадскую дзейнасць арыштоўваўся польск. ўладамі, у 1927 зняволены ў Віленскую турму на Лукішках. У час ням.-фаш. акупацыі кіраваў «Беларускім аб’яднаннем» у Беластоку, рэдагаваў беластоцкую газ. «Новая дарога». З 1944 на эміграцыі. Жыў у Зах. Германіі. У 1946 у Рэгенсбургу стварыў літаб’яднанне «Шыпшына». Рэдагаваў час. «Шляхам жыцця» (1946—48), бюлетэнь «Апошнія весткі». Друкаваўся з 1925. Аўтар зб. вершаў «Веснапесні» (1929), «Зорным шляхам» (1932), «Захварбаваныя вершы» (1936), літ.-знаўчай працы «Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі): Жыццё і літаратурная творчасць» (1933). Даследаваў гісторыю друкарства на Беларусі («Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1572—1622)», 1938]. Выйшлі яго «Апавяданні» (Ватэнштат, 1948, пад. псеўд. Святаслаў Залужны), «Недапетая песня» (1982, 2-е выд. Ляймен, 1987). Выступаў як крытык («Максім Багдановіч як пясняр места», 1930). Перакладаў на бел. мову творы Г.​Гейнэ. Рукапісы І. захоўваюцца ў Бел. музеі г. Ляймена (Германія), б-цы АН Літвы (Вільнюс).

Літ.:

Сачанка Б. Беларуская эміграцыя. 2 выд. Мн., 1991;

Ліс А. Паэзія Хведара Ільяшэвіча // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 2.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 204

ІЛЬЯШЭ́ВІЧ (Яўгенія Вячаславаўна) (н. 22.4.1951, г. Брэст),

бел. вучоны ў галіне прамянёвай дыягностыкі. Д-р мед. н, (1992). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1974). З 1981 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, з 1995 гал. рэнтгенолаг Мін-ва аховы здароўя. Навук. працы па рэнтгенафункцыянальных даследаваннях страўнікава-кішачнага тракту, ультрагукавых даследаваннях органаў брушной поласці з ацэнкай кровазвароту. Распрацавала спосабы рэнтгенадыягностыкі дыскінезій тонкай кішкі і прагназавання язвавай хваробы дванаццаціперснай кішкі.

т. 7, с. 205

ІЛЬ-ДЭ-ФРАНС (Île-de-France),

гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на Пн Францыі. Уключае дэпартаменты Парыж, Івелін, О-дэ-Сен, Сен-Сен-Дэні, Валь-дэ-Марн, Валь-д’Уаз, Эсон, Сена і Марна. Пл. 12 тыс. км².

Нас. 10,8 млн. ж. (1992). Гал. горад — Парыж. Размешчана ў даліне р. Сена, на прылеглых плато і ўзгорках. Клімат мяккі, умераны, марскі. Сярэдняя т-ра студз. 3,4 °C, ліп. 18,8 °C. Гадавая колькасць ападкаў 645 мм. Высокаразвіты індустр. раён краіны. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (аўтамабілі, самалёты, станкі, вагоны, рачныя судны), хім. (угнаенні, пластмасы, фарбавальнікі, фармацэўтыка, парфумерыя), шкляная, паліграф., папяровая, швейная, мэблевая, харч. (у т. л. сыраварства), буд. матэрыялаў. ЦЭС. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Міжнар. турызм.

Тэрыторыя І.-дэ-Ф. уключае шэраг гіст. зямель: Лаанэ, Нуаянэ, Суасанэ, Валуа, Бавэ і інш. З’яўлялася ядром франц. дзяржавы, у канцы 10 ст. складала каралеўскі дамен Капетынгаў. Цэнтр рэв. падзей у канцы 18—19 ст. У 2-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў Руху Супраціўлення.

т. 7, с. 198

ІЛЮ́ВІЙ (ад лац. illuvies разліў, намыўная гразь),

арганічныя і мінер. рэчывы, вышчалачаныя дажджавымі і расталымі снегавымі водамі з верхніх глебавых гарызонтаў (гумусавага і элювіяльнага) і адкладзены ў ніжэйляжачым ілювіяльным гарызонце.

т. 7, с. 205

ІЛЮВІЯ́ЛЬНЫ ГАРЫЗО́НТ,

глебавы гарызонт, у якім намнажаюцца рэчывы, вынесеныя з вышэйляжачых (элювіяльных) гарызонтаў глебы. І.г. падзяляюцца паводле характару акумуляваных рэчываў (гумус, мул, карбанаты, гіпс і інш.), напр. гумусава-ілювіяльны, ілювіяльна-карбанатны і інш. Найб. выразны ў дзярнова-падзолістых глебах, залягае на глыб. ад 0,3 да 1,4 м. Жалезістыя злучэнні надаюць І.г. чырвона-бурую і жоўта-бурую афарбоўку (вокіснае жалеза) пры асушэнні і зеленавата-галубую ’(закіснае жалеза) у анаэробных умовах.

т. 7, с. 205