Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРУША́НКА

(Pyrola),

род кветкавых раслін сям. грушанкавых. Каля 40 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды: грушанка зеленаватая (Р. chlorantha), круглалістая (Р. Rotundifolia), малая (Р. minor) і сярэдняя (Р. media). Растуць у лясах (пераважна хвойных і мяшаных) і хмызняках.

Невысокія шматгадовыя травяністыя расліны з доўгім галінастым карэнішчам. Лісце сабрана ў прыкаранёвую разетку, на доўгіх чаранках, скурыстае, цёмна-зялёнае, зімуе. Кветкі белыя, ружовыя, чырванаватыя або зеленаватыя, у гронкападобных канцавых суквеццях на доўгіх кветаносах. Плод — шарападобная 5-гнездавая каробачка. Лек. (выкарыстоўваюць ў афіцыйнай і нар. медыцыне як мачагонны і процізапаленчы сродак) і дэкар. расліны. Надземная частка мае шмат дубільных рэчываў. Сухое лісце ўжываюць як сурагат чаю.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 467

ГРУ́ШАС (Grušas) Юозас

(29.11.1901, в. Жаджунай Шаўляйскага р-на, Літва — 21.5.1986),

літоўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Літвы (1971). Засл. дз. мастацтваў Літвы (1962). Скончыў Каўнаскі ун-т (1932). Друкаваўся з 1925. У празаічных творах (зб-кі апавяданняў «Спадарыня Бертулене», 1928; «Цяжкая рука», 1937; «Святло гневу», 1969; «Шчаслівец — гэта я», 1973; раман «Кар’ерысты», 1935) праблемы маралі, адказнасці чалавека перад гісторыяй, народам. Сучаснасць і гіст. мінулае адлюстраваны ў п’есах «Геркус Мантас» (паст. 1957), «Каханне, джаз і чорт» (паст. 1967), «Барбара Радзівіл» (паст. 1972), «Свідрыгайла» (паст. 1975), «Унія» (паст. 1978) і інш. Творчасці Грушаса ўласцівы філас. рэфлексія, гратэск, сімвалы-абагульненні. Дзярж. прэміі Літвы 1957, 1976.

Тв.:

Raštai. Т. 1—5. Vilnius, 1980—81.

т. 5, с. 467

ГРУ́ШАЎКА,

вёска ў Нацкім с/с Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. За 4,5 км ад Ляхавіч, 240 км ад Брэста, 10 км ад чыг. ст. Райтанаў. 93 ж., 38 двароў (1997). Помнік архітэктуры — сядзіба (19 — пач. 20 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

Вядома з 16 ст. як маёнтак. Належала Барбары Радзівіл, М.Залескаму, Рэйтанам, Грабоўскім. Пры Рэйтанах у 18 ст. створаны сядзібны комплекс (пл. 14 га) і пастаўлены мураваны сядзібны дом у стылі класіцызму. Тут нарадзіўся і памёр навагрудскі пасол Т.Рэйтан. У 2-й пал. 19 ст. ў маёнтку пабудаваны новы вінакурны завод, паравы млын, пашырана штучнае возера, прасвідраваны артэзіянскія калодзежы. У канцы 19 — пач. 20 ст. пастаўлены новы сядзібны дом у стылі мадэрн, у ім былі карцінная галерэя, паляўнічая зала. У 1905 адкрыты прытулак для дзяцей, шпіталь. У Вял. Айч. вайну ў Грушаўцы размяшчаўся санаторый для лётчыкаў.

т. 5, с. 468

ГРУ́ШЫН Пётр Дзмітрыевіч (15.1.1906, г. Вольск Саратаўскай вобл., Расія — 1993, расійскі вучоны ў галіне авіяц. тэхнікі. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. 1962). Двойчы Герой Сац. Працы (1958, 1981). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (МАІ; 1932). З 1948 у МАІ, у 1951—91 нам. гал. канструктара, гал. канструктар-кіраўнік спец. КБ «Факел». Асн. навук. працы па аэрадынаміцы, трываласці і канструкцыі лятальных апаратаў. Распрацаваў новыя метады канструявання і тэхналогіі працэсаў вырабу лятальных апаратаў. Ленінская прэмія 1963, Дзярж. прэмія СССР 1965.

т. 5, с. 468

ГРУШЭ́ЎСКІ Аляксандр Сяргеевіч

(1877, г. Уладзікаўказ, Расія — 1943),

украінскі гісторык. Брат М.С.Грушэўскага. Скончыў Кіеўскі ун-т. Гал. яго працы прысвечаны гісторыі паўд.-бел. зямель у феад. эпоху. У манаграфіі «Пінскае Палессе» [ч. 1. «Нарыс гісторыі Турава-Пінскага княства XI—XIII стст.» (Кіеў, 1901); ч. 2. «Тураў, Гарадок і Пінск у складзе Вял. кн. Літоўскага. Пінскае староства каралевы Боны. XIV—XVI стст. Пінскія акты XV—XVI стст.» (Кіеў, 1903)] на падставе летапісных звестак і актавых матэрыялаў прасачыў паліт. гісторыю рэгіёна, працэсы развіцця феад. адносін, гасп. і прававое становішча розных груп насельніцтва, гісторыю правасл. царквы на Палессі. Гарадам ВКЛ прысвечаны даследаванні Грушэўскага «Павіннасць гарадавой працы ў Вялікім княстве Літоўскім» (Петраград, 1914) і «Гарады Вялікага княства Літоўскага ў XIV—XVI стст.» (Кіеў, 1918).

т. 5, с. 468

ГРУШЭ́ЎСКІ Міхаіл Сяргеевіч

(29.9.1866, г. Хэлм, Польшча — 25.11.1934),

дзеяч укр. нац.-вызв. руху, гісторык. Акад. АН Украіны (1924) і АН СССР (1929). Брат А.С.Грушэўскага. Скончыў Кіеўскі ун-т (1890). У 1894 — 1914 выкладаў гісторыю Украіны ў Лембергскім (Львоўскім) ун-це. Кіраваў дзейнасцю Навук. т-ва імя Шаўчэнкі ў Львове (1897) і Т-ва ўкр. прагрэсістаў у Кіеве (з 1908). Адзін з арганізатараў Галіцка-ўкр. нац.-дэмакр. партыі (1899). У 1-ю сусв. вайну за арыентацыю на Германію арыштаваны і сасланы рас. ўладамі (1914—17). З сак. 1917 чл. Украінскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, адначасова (да крас. 1918) старшыня Цэнтральнай рады. У 1919—24 у эміграцыі, заснаваў у 1919 у Вене Укр. сацыялагічны ін-т. З 1924 на навук. і інш. рабоце ў Кіеве. З пач. 1931 у Маскве. Аўтар «Нарыса гісторыі Кіеўскай зямлі ад смерці Яраслава да канца XIV ст.» (1891), «Гісторыі Украіны-Русі» (т. 1—10, 1898—1936) і інш. прац, у якіх адстойваў адметнасць укр. народа, лічыў Кіеўскую Русь укр. дзяржавай, адмаўляў нарманскую тэорыю, з аб’ектывісцкіх пазіцый аналізаваў дзейнасць гетманаў Б.М.Хмяльніцкага, І.Я.Выгоўскага і І.С.Мазепы, у параўнальным аспекце звяртаўся да гісторыі беларусаў (асабліва перыяду ВКЛ).

Тв.:

Очерк истории украинского народа. Киев, 1990.

С.Б.Каўн.

т. 5, с. 468

ГРУШЭ́ЎСКІ Уладзімір Аляксандравіч

(н. 20.4.1952, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах баяна (1976) і кампазіцыі (1985, клас Дз.Смольскага). Працуе ў розных жанрах, апіраецца на бел. песенна-танц. фальклор.

Сярод твораў: араторыя «Гусаўца голас» на тэкст М.Гусоўскага (1985), кантата «Сэрца роднае» на сл. М.Багдановіча (1991); карціна «А хто там ідзе?» (1982), Рамантычная паэма (1984), Сюіта (1991) для сімф. аркестра; камерна-інстр. і вак. музыка.

т. 5, с. 468

ГРУШЭ́ЦКІ Антон Антонавіч

(псеўд. А.Дамброўскі; 1734, Валынь, Украіна — 1798),

бел. і польскі жывапісец, прадстаўнік позняга барока. Жывапісу вучыўся ў Камянец-Падольску і Львове. Манах. У 1760 парваў з базыльянскім ордэнам і пераехаў у Кракаў, дзе атрымаў права цэхавага майстра. У гэты перыяд стварыў карціны «Самсон і Даліла», «Лот з дочкамі», партрэт рэктара Кракаўскага ун-та К.Ярмундовіча, аформіў алтар бернардзінскага касцёла ў Альверні (Польшча). У 1770 пераехаў у Супрасль, потым — у Гродна, дзе ўдзельнічаў у стварэнні (каля 1774) дэкар. кампазіцыі для інтэр’ераў палаца Тызенгаўза і касцёла бернардзінцаў (1788, з Ф.Міхалкевічам). Сярод работ 1770-х г.: «Святы Еранім», «Алегорыя вернасці», «Мужнасць святога Варфаламея», «Рознакаляровыя львы», «Забавы німфаў», абразы святых Антонія, Францыска і інш.

Я.Н.Мараш.

т. 5, с. 468

ГРУШЭ́ЦКІ Казімір Міхайлавіч

(н. 25.3.1936, в. Ахімкавічы Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1994). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1959). З 1961 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1977 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па тэорыі малекул і іх спектраў (інфрачырвоных і камбінацыйнага рассеяння), а таксама па канфармацыйных ператварэннях палімераў.

Тв.:

Расчет производных высшего порядка в методах ССП МО ЛКАО (разам з А.А.Ахрэмам, Ю.А.Сакаловым) // Докл. АН СССР. 1977. Т. 236, № 4;

Теория интенсивности инфракрасных спектров многоатомных молекул в приближении МО ЛКАО // Там жа. 1984. Т. 279, № 2.

т. 5, с. 468

ГРЫБ Віктар Канстанцінавіч

(н. 20.10.1934, в. Стаўбуновічы Мінскага р-на),

бел. вучоны ў галіне механізацыі жывёлагадоўлі. Канд. тэхн. н. (1971), праф. (1989). Скончыў Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1959). З 1959 у Бел. агр. тэхн. ун-це. Навук. працы па кормавытворчасці, перапрацоўцы кармоў і тэхналогіі іх прасавання. Адзін з аўтараў вучэбных дапаможнікаў па механізацыі жывёлагадоўлі.

Тв.:

Комплексная механизация прудового рыбоводства. 2 изд. М., 1973 (разам з А.М.Моравым).

Л.В.Бароўка.

т. 5, с. 468