ГРУШЭ́ЦКІ Антон Антонавіч

(псеўд. А.Дамброўскі; 1734, Валынь, Украіна — 1798),

бел. і польскі жывапісец, прадстаўнік позняга барока. Жывапісу вучыўся ў Камянец-Падольску і Львове. Манах. У 1760 парваў з базыльянскім ордэнам і пераехаў у Кракаў, дзе атрымаў права цэхавага майстра. У гэты перыяд стварыў карціны «Самсон і Даліла», «Лот з дочкамі», партрэт рэктара Кракаўскага ун-та К.Ярмундовіча, аформіў алтар бернардзінскага касцёла ў Альверні (Польшча). У 1770 пераехаў у Супрасль, потым — у Гродна, дзе ўдзельнічаў у стварэнні (каля 1774) дэкар. кампазіцыі для інтэр’ераў палаца Тызенгаўза і касцёла бернардзінцаў (1788, з Ф.Міхалкевічам). Сярод работ 1770-х г.: «Святы Еранім», «Алегорыя вернасці», «Мужнасць святога Варфаламея», «Рознакаляровыя львы», «Забавы німфаў», абразы святых Антонія, Францыска і інш.

Я.Н.Мараш.

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)