ГРУ́ШАЎКА,

вёска ў Нацкім с/с Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. За 4,5 км ад Ляхавіч, 240 км ад Брэста, 10 км ад чыг. ст. Райтанаў. 93 ж., 38 двароў (1997). Помнік архітэктуры — сядзіба (19 — пач. 20 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

Вядома з 16 ст. як маёнтак. Належала Барбары Радзівіл, М.Залескаму, Рэйтанам, Грабоўскім. Пры Рэйтанах у 18 ст. створаны сядзібны комплекс (пл. 14 га) і пастаўлены мураваны сядзібны дом у стылі класіцызму. Тут нарадзіўся і памёр навагрудскі пасол Т.Рэйтан. У 2-й пад. 19 ст. ў маёнтку пабудаваны новы вінакурны завод, паравы млын, пашырана штучнае возера, прасвідраваны артэзіянскія калодзежы. У канцы 19 — пач. 20 ст. пастаўлены новы сядзібны дом у стылі мадэрн, у ім былі карцінная галерэя, паляўнічая зала. У 1905 адкрыты прытулак для дзяцей, шпіталь. У Вял. Айч. вайну ў Грушаўцы размяшчаўся санаторый для лётчыкаў.

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)