Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРАЦЭ́НТНАЯ СТА́ЎКА,

адносная велічыня працэнтных плацяжоў, якія выплачваюцца пазычальнікам крэдытору за пэўны перыяд часу (месяц, год). Ад П.с. залежыць прыбытак крэдытора. Ва ўмовах інфляцыі П.с. павялічваецца, паколькі ўключае ў сябе цалкам або часткова чакаемы ўзровень інфляцыі. Плаваючая П.с. — стаўка, памер якой не фіксуецца на ўвесь тэрмін крэдыту.

т. 13, с. 33

ПРАЦЭРКО́ІД (ад грэч. pro перад, раней, замест + kerkos хвост),

лічынкавая форма першай паразітычнай фазы ў жыццёвым цыкле некат. плоскіх чарвей з класаў цэстод (атр. псеўдафіліды — стужачнік шырокі, рамянцы і інш., тэтрафіліды) і амфілінаідэй.

Даўж. каля 0,5 мм. Задні канец цела (цэркамер) аддзелены перацяжкай і мае хіціноідныя кручкі. Развіваецца П. у целе першага прамежкавага гаспадара (ракападобных) з лічынкі лікафоры (у амфілінід) або з анкасферы ці карацыдыя (у цэстод). У наступнага прамежкавага гаспадара (рыбы) П. ператвараецца ў плерацэркоід — апошнюю лічынкавую стадыю амфілінід і цэстод.

т. 13, с. 33

ПРАЦЭ́С (ад лац. processus цячэнне, ход),

1) паслядоўная змена з’яў, стану ў развіцці чаго-н.

2) Сукупнасць паслядоўных дзеянняў для дасягнення пэўных вынікаў, напр., вытворчы П.

3) Судовая справа; парадак ажыццяўлення дзейнасці следчых, адм. і судовых органаў.

т. 13, с. 33

ПРАЦЭ́САР (англ. processor ад process апрацоўваць),

сукупнасць прылад ЭВМ або выліч. сістэмы, якая выконвае функцыі пераўтварэння інфармацыі. У шматпрацэсарных выліч. сістэмах можа быць да соцень (ці больш) паралельных П. У праграмаванні П. наз. складаная лагічная праграма ў складзе сістэмы аўтаматызацыі праграмавання, напр., сінтакс. кантролю, П. зборкі рабочай праграмы, тэкставы П.

У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць П.: цэнтральны, функцыянальна-арыентаваны і праблемна-арыентаваны. Цэнтральны П. — асн. частка ЭВМ, якая непасрэдна ажыццяўляе працэс апрацоўкі інфармацыі, а таксама кіруе ім і каардынуе дзеянні інш. вузлоў ЭВМ. Мае блок кіравання, арыфметычна-лагічнае прыстасаванне (адно ці некалькі), лакальную памяць, сродкі кантролю і дыягностыкі. Функцыянальна-арыентаваныя П. забяспечваюць выкананне тыповых функцый выліч. прылад апаратнымі спосабамі. Да іх адносяць сістэмны П. (выконвае службовыя функцыі ЭВМ, напр., увод—вывад інфармацыі, кантроль і апрацоўку станаў перыферыйных прылад), сеткавы П. (забяспечвае функцыянаванне выліч. сеткі), сервісны П. (для кантролю, дыягностыкі, статыстыкі і інш. аперацый абслугоўвання ЭВМ) і інш. Праблемна-арыентаваныя П. прызначаны для павышэння (адносна цэнтральнага П.) скорасці апрацоўкі некаторых класаў задач (напр., для апрацоўкі адна- і мнагамерных матрыц, рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў, задач тэорыі поля), а таксама асобных працэдур аперацыйнай сістэмы. Такія П. звычайна з’яўляюцца дадатковымі спецыялізаванымі П., якія далучаюцца да асн. ЭВМ, напр., праз інтэрфейс уводу—вываду.

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 34

ПРАЦЭ́СІЯ (польск. procesja ад лац. processio рух наперад),

урачыстае мнагалюднае шэсце.

т. 13, с. 34

ПРАЦЭСУА́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,

частка норм прававой сістэмы, якая рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць пры расследаванні злачынстваў, разглядзе і вырашэнні крымін. і цывільных спраў. П.п. непарыўна звязана з матэрыяльным правам, паколькі замацоўвае працэсуальныя формы, неабходныя для яго ажыццяўлення і абароны. На Беларусі пры захаванні норм П.п. разглядаюцца справы аб адм. правапарушэннях, арбітражных і гасп. спрэчках, а таксама ў парадку канстытуцыйнага судаводства.

т. 13, с. 34

«ПРАЦЭ́С 193-х»

Вялікі працэс»),

найбуйнейшы паліт. судовы працэс над рас. рэвалюцыянерамі-народнікамі — удзельнікамі «хаджэння ў народ» (арыштавана больш за 4 тыс. чал.). Праходзіў 30.10.1877—4.2.1878 у С.-Пецярбургу ў Асобай установе правячага Сената. Падсудных абвінавачвалі ў стварэнні арг-цыі з мэтай звяржэння існуючага дзярж. ладу. Падсудны І.​М.​Мышкін выступіў на працэсе з яскравай прамовай у абарону рэв. праграмы народнікаў. 28 чал. (Мышкін, П.І.Вайнаральскі, ураджэнец Магілёўшчыны С.П.Кавалік і інш.) прыгавораны да катаргі, іншым вынесены адносна мяккія прыгаворы, а 90 чал. апраўданы. З ліку апраўданых 80 чал. сасланы ў адм. парадку.

т. 13, с. 34

ПРАЦЯ́ГВАННЕ ў металаапрацоўцы,

апрацоўка рэзаннем унутраных і вонкавых паверхняў дэталей рознай формы на працяжных станках. Робіцца з дапамогай шматлязовага рэзальнага інструмента — працяжкі. Найб. прадукц. працэс з усіх відаў апрацоўкі металаў рэзаннем.

т. 13, с. 34

ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ,

уласцівасць матэрыяльнага цела займаць пэўную частку прасторы, валодаць прасторавымі памерамі (мець даўжыню, шырыню, вышыню). Вырашае ўзаемасувязь элементаў або часцей цел, момант іх адноснай устойлівасці; можа параўноўвацца па велічыні.

У гісторыі філасофіі П. разглядалася як атрыбут матэрыяльнай субстанцыі і нярэдка атаясамлівалася з самой прасторай. Франц. матэрыялісты 18 ст. Р.​Дэкарт, Т.​Гобс лічылі П. сутнасцю матэрыі. Для свайго тлумачэння П. патрабуе матэрыяльнага цела, без яго яна пустая абстракцыя. У матэматыцы дакладнае ўяўленне аб адрозненні геам. уласцівасцей прасторы, такіх, як П. і форма, ад яго фіз. уласцівасцей было дасягнута пасля адкрыцця неэўклідавых геаметрый.

т. 13, с. 34

ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ у музыцы,

час, які займае гук ці паўза. Абс. П. гуку вымяраецца мерамі часу (секунда, мінута). Важнае значэнне мае адносная П. гукаў, што выяўляе суадносіны гукаў у часе, якія праяўляюцца ў метры і рытме і ляжаць у аснове муз. выразнасці. Для абазначэння адноснай П. выкарыстоўваюць умоўныя знакі — ноты (брэвіс, цэлая, палавінная і інш.) і дадатковыя да нот знакі (кропкі, лігі). Ад умоўнага падзелу асноўнай П. ўтвараюцца рытмічныя групы (дуоль, трыёль і інш.).

В.​С.​Клакоцкая.

т. 13, с. 34