Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭАПЕРА́ЦЫЯ,

паўтор аперацыі хірургічнай у выпадку недастатковай яе эфектыўнасці або пры ўзнікненні пасляаперацыйных ускладненняў.

т. 13, с. 537

РЭАРГАНІЗА́ЦЫЯ (ад рэ... + арганізацыя),

пераўтварэнне, перабудова, змена структуры і функцый установы, арганізацыі і інш. Р. юрыдычнай асобы — спыненне дзейнасці юрыд. асобы (аб’яднанне, зліццё прадпрыемстваў і г.д.) без ліквідацыі спраў і маёмасці.

т. 13, с. 537

РЭАСТА́Т (ад грэч. rheos цячэнне, паток + statos нерухомы),

электрычны апарат (пераменны рэзістар) для плаўнага або ступеньчатага рэгулявання (абмежавання) сілы току і напружання ў эл. ланцугах.

Залежна ад матэрыялу супраціўлення бываюць метал. (праваднікі з канстантану, ніхрому і інш.), вадкасныя (праваднік — электраліт) і вугальныя (слупкі з тонкіх вугальных шайбаў). Уключаюцца паслядоўна (для змены сілы току ці напружання ў невял. межах) ці паралельна (для рэгулявання ў шырокім дыяпазоне — ад нуля да макс. значэнняў) Выкарыстоўваюцца як пускавыя, рэгулявальныя, нагрузачныя, вымяральныя і інш. Гл. таксама Атэнюатар, Дзялільнік напружання, Патэнцыёметр.

Рэастат: а — лабараторнага тыпу з неперарыўнай зменай супраціўлення; б і в — паслядоўная і паралельная схемы ўключэння; U — напружанне крыніцы току; 1 — рэастат: 2 — нагрузка.

т. 13, с. 537

РЭАФІ́ЛЫ [ад грэч. rheos цячэнне, паток + ...філ(ы)],

арганізмы, прыстасаваныя да жыцця ў цякучых водах рэк, ручаёў, прыліўна-адліўных зонах мораў і акіянаў. Здольныя супрацьстаяць цячэнню, існуюць у патоку вады ўсе жыццё (напр., прахадныя рыбы) або ў пэўныя перыяды жыццёвага цыкла (напр., лічынкі аўсянікаў, шыцікі). На Беларусі сярод раслін да Р. належаць ніткаватыя зялёныя водарасці, сіне-зялёныя водарасці, мох фантыналіс, кветкавыя расліны — рагаліснік, разак, рдзесты, трыснёг, чарот; сярод жывёл — гідры, губкі, імшанкі, прымацаваныя інфузорыі, бентасныя калаўроткі, малашчацінкавыя чэрві, малюскі; ракападобныя, з рыб — сцерлядзь, некат. карпападобныя (верхаводка, гусцяра, краснапёрка, плотка і інш.), ласосепадобныя (рапушка, стронга, харыус звычайны і інш.).

Патрабуюць высокага ўзроўню кіслароду ў вадзе. Беспазваночныя Р. — фільтратары, улоўліваюць кармавыя часцінкі пры дапамозе лоўчых сетак (шыцікі), пасіўнай фільтрацыі вады праз лоўчыя шчацінкі на целе (лічынкі мошак), седыментацыі ў віры, які ствараецца рухамі шчацінак або шчупальцаў (інфузорыі, губкі, калаўроткі і інш.). Звычайна з павелічэннем скорасці цячэння памеры беспазваночных Р (акрамя каланіяльных форм) памяншаюцца.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 537