Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЯЖДА́НАВА (Антаніна Васілеўна) (16.6.1873, г. Адэса, Украіна — 26.6.1950),

расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог; буйнейшая прадстаўніца рус. вак. школы. Нар. арт. СССР (1936). Герой Працы (1925). Д-р мастацтвазнаўства (1944). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1902, клас У.Мазеці), з 1943 яе прафесар. З 1902 салістка Вял. т-ра ў Маскве. З 1936 педагог студыі Вял. т-ра, пазней Опернай студыі К.Станіслаўскага. Валодала голасам рэдкага прыгожага тэмбру, вял. дыяпазону, роўным ва ўсіх рэгістрах. Яе выкананне вылучалася бездакорным вак. майстэрствам, рэалістычнасцю, прастатой і псіхал. асэнсаванасцю. Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Марфа, Снягурачка, Валхава, Шамаханская царыца («Царская нявеста», «Снягурачка», «Садко», «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Лакмэ («Лакмэ» Л.Дэліба), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Джыльда («Рыгалета» Дж.Вердзі), Царыца ночы («Чароўная флейта» В.А.Моцарта), Эльза («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Нінета («Любоў да трох апельсінаў» С.Пракоф’ева). Выступала ў т-ры «Гранд-апера» (1912). Вяла канцэртную дзейнасць разам з мужам М.Галаванавым. Творча дапамагала калектыву Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Кансультант Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940). Дзярж. прэмія СССР 1943.

Літ.:

Львов М. А.В.Нежданова. М., 1952;

Подольский В. А.В.Нежданова и ее ученики. М., 1960;

А.В.Нежданова: Материалы и исслед. М., 1967;

Поляновский Г. А.В.Нежданова. 2 изд. М., 1976.

І.В.Глушакоў.

А.В.Няжданава.

т. 11, с. 406

НЯЖНО́Ў (Валянцін Сцяпанавіч) (31.1.1915, г. Санкт-Пецярбург — 24.1.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Арджанікідзеўскае ваен. вучылішча сувязі (1942). На фронце з 1942. Камандзір узвода сувязі ст. лейтэнант Н. вызначыўся 28.9.1943 у Лоеўскім р-не Гомельскай вобл., дзе наладзіў тэлеф. сувязь з захопленым плацдармам, пераправіў туды боепрыпасы, неаднаразова ўзнімаў байцоў у атаку. Загінуў у баі.

т. 11, с. 407

НЯЗБО́ДЗІЧЫ,

вёска ў Свіслацкім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Калона. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПдЗ ад гар. пасёлка і 12 км ад чыг. ст.Свіслач, 107 км ад Гродна. 297 ж., 122 двары (2000). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. пагранічнікаў, помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 407

НЯЗГО́ДНАСЦЬ у геалогіі, нязгоднае заляганне,

межаванне рознаўзроставых пластоў горных парод па паверхні размыву, які ўтварыўся ў выніку перарыву ў асадканамнажэнні. Фіксуе прасторавыя і гіст. суадносіны рознаўзроставых горных парод. Няпоўны стратыграфічны разрэз геал. адкладаў наз. стратыграфічнай Н. (яўнай, або схаванай). У залежнасці ад залягання кантактуючых тоўшчаў адрозніваюць Н.: паралельную, вуглавую, азімутальную, покрыўную, структурную, лакальную і інш.

І.В.Клімовіч.

т. 11, с. 407

НЯЗМЕ́ННАСЦЬ СУ́ДДЗЯЎ,

адзін з асн. канстытуцыйных прынцыпаў судаўладкавання большасці дэмакр. краін свету. Заключаецца ў тым, што суддзя, які прызначаны (у рэдкіх выпадках — выбраны), займае сваю пасаду пажыццёва або да дасягнення пэўнага ўзросту. У Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995 суддзі выконваюць свае абавязкі бестэрмінова, акрамя назначаных на гэтую пасаду ўпершыню. Суддзі, назначаныя на такую пасаду ўпершыню, пасля 5 гадоў работы суддзёй назначаюцца бестэрмінова. Суддзі па адм. справах і выканаўчых вядзеннях назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь тэрмінам на 5 гадоў. Суддзі ўсіх судоў нязменныя: яны не могуць быць пераведзены на інш. пасаду або ў інш. суд без асабістай згоды. Паўнамоцтвы суддзі могуць быць спынены толькі ў парадку і на падставах, устаноўленых законам.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 11, с. 407

НЯКЛЕ́Я,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сосніца, за 37 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,95 км², даўж. 3 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 7 м, даўж. берагавой лініі 9,2 км. Пл. вадазбору 24,8 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Складаецца з 2 плёсаў, злучаных пратокай. Схілы выш. да 5 м (на ПнУ і Пд да 10 м) пад лесам. Берагі нізкія, на Пд і У зліваюцца са схіламі, параслі лесам і хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Зарастае. Упадаюць 2 ручаі, выцякае р. Няклейка. У возеры жывуць бабры.

т. 11, с. 407

НЯКЛЮ́ДАЎ (Валянцін Леанідавіч) (30.7.1910, г. Омск, Расія — 20.5.1979),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Віцебскай і Вілейскай абл. у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Новасібірскі камуніст. ін-т (1931). З 1933 у органах НКДБ. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце. З лют. 1942 камісар, са жн. камандзір партыз. спецатрада НКДБ БССР «Баявы», які дзейнічаў на тэр. Асвейскага, Дрысенскага, Полацкага, Расонскага, Ашмянскага, Докшыцкага, Мядзельскага р-наў. У 1944—58 у органах Мін-ва дзярж. бяспекі БССР, МУС Малдовы.

т. 11, с. 407

НЯКЛЯ́ЕЎ (Уладзімір Пракопавіч) (н. 11.7.1946, г. Смаргонь Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1973). З 1972 працаваў у газ. «Знамя юности», з 1975 рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск», з 1978 на Бел. тэлебачанні, у 1987—99 гал. рэдактар час. «Крыніца». З 1998 старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1970. Аўтар зб-каў паэзіі «Адкрыццё» (1976), «Вынаходцы вятроў» (1979, з паэмай «Дарога дарог» прэмія Ленінскага камсамола 1979), «Наскрозь» (1985), «Прошча» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Выступае як празаік (аповесць «Вежа», 1988), эсэіст. Яго творчасць адметная публіцыстычнасцю, дынамічнасцю паэт. думкі, канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю.

Тв.:

Знак аховы. Мн., 1983;

Галубіная пошта. Мн., 1987.

Літ.:

Чабан Т. Рух слова // Маладосць. 1980. №8;

Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. № 7.

У.П.Някляеў.

т. 11, с. 407

НЯКРА́САВА (Марыя Аляксандраўна) (н. 13.11.1928, Масква),

расійскі мастацтвазнавец. Чл.-кар. АМ СССР (з 1990). Д-р мастацтвазнаўства (1983), праф. (1986). Засл. дз. маст. Расіі (1991). Скончыла Маскоўскі ун-т (1954). З 1971 працуе ў НДІ тэорыі і гісторыі выяўл. мастацтваў Рас. АМ. Даследуе рус. нар. мастацтва. У агульных тэарэт. працах закранае праблемы і бел. нар. мастацтва. Аўтар кніг «Мастацтва Палеха» (1966), «Айчынная вайна 1812 г. і рускае мастацтва» (1969, з С.М.Зямцовым), «Сучаснае народнае мастацтва» (1980), «Палехская мініяцюра» (2-е выд.), «Народнае мастацтва як частка культуры: Тэорыя і практыка», «Народнае мастацтва Расіі: Народная творчасць як свет цэласнасці» (усе 1983). Адна з аўтараў зб. «Мастацтва ансамбля: Мастацкі прадмет, інтэр’ер, архітэктура, асяроддзе» (1988). Аўтар-складальнік альбома-анталогіі «Руская лакавая мініяцюра» (1994). Дзярж. прэмія Расіі імя Рэпіна 1989.

т. 11, с. 407

НЯКРА́САЎ (Альберт Васілевіч) (20.4.1937, г. Красавіна Валагодскай вобл., Расія — 22.9.1992),

бел. мастак. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя В.Мухінай (1965). Выкладаў з 1965 у Віцебскім пед. (з 1977 — тэхнал.) ін-це. Творам уласцівы рамант. ўзнёсласць, лаканізм і дэкар. абагульненасць форм, матавасць жывапіснай фактуры, стрыманая гама колераў. Аўтар станковых кампазіцый «Дзяўчына з касой» (1969), «У восеньскім парку» (1971), «Раніца» (1974), «Дзеці» (1976), «Бацькоўскі край», «Хвіліна адпачынку» (абодва 1981), «Восень» (1982), «Першы снег» (1983), трыпціха «Зіма» (1982), серый акварэляў «Па родных мясцінах», «Лепельшчына», «Міжземнамор’е» (усе 1992), твораў манум. мастацтва: размалёўкі «Этапы вялікага шляху» (1967) у будынку ГПТВ-19 і «Чалавек і прырода» (1980) у вытв. корпусе швейнай фабрыкі «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску, мазаіка «Дзяцінства» на будынку сярэдняй школы № 4 г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1973) і інш.

М.Л.Цыбульскі.

А.Някрасаў. Дзеці. 1976.

т. 11, с. 407