НЯША́ЎСКІЯ СТАТУ́ТЫ 1454,
прывілеі, дадзеныя польскім каралём Казімірам IV шляхце каля г. Няшава (адсюль назва) за падтрымку ў вайне з Тэўтонскім ордэнам і ў яго барацьбе з магнатамі. Адмянялі выключнае права магнатаў займаць вышэйшыя дзярж. пасады, рэгулявалі судаводства і мясц. кіраванне на карысць шляхты, адначасова значна абмяжоўвалі каралеўскую ўладу. Н.с. замацоўвалі паліт. перавагу шляхты як саслоўя. Выданне законаў, рашэнне пытанняў вайны і міру маглі ажыццяўляцца толькі са згоды шляхецкіх земскіх сеймікаў. Шляхта вызвалялася ад суда каралеўскіх чыноўнікаў (за выключэннем асобных выпадкаў). Н.с. часткова абмяжоўвалі правы гарадоў.
т. 11, с. 423
НЯШЧА́СНЫ ВЫ́ПАДАК у працоўным праве, пашкоджанне здароўя работніка пры выкананні ім прац. абавязкаў або пры інш. акалічнасцях, вызначаных заканадаўствам. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь наймальнік абавязаны сумесна з прадстаўнікамі прафсаюзаў своечасова і правільна праводзіць расследаванне (пры неабходнасці з удзелам прадстаўнікоў інш. органаў) і весці ўлік Н.в. на вытв-сці. Па запатрабаванні пацярпелага наймальнік абавязаны выдаць яму акт аб Н.в. не пазней як праз 3 дні пасля заканчэння расследавання. У адпаведнасці з заканадаўствам наймальнікі нясуць матэрыяльную адказнасць за шкоду, нанесеную работніку калецтвам або інш. пашкоджаннем здароўя, якія звязаны з выкананнем ім прац. абавязкаў.
т. 11, с. 423