Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЯМА́НІЧЫ,

правячая (з 1217 каралеўская, з 1346 царская) дынастыя ў сярэдневяковай Сербіі. Родапачынальнік — вял. жупан (князь) княства Рашкі Стэфан Няманя [каля 1170—1196], які заклаў асновы адзінай феад. сербскай дзяржавы, т.зв. дзяржавы Н. Найб. вядомыя прадстаўнікі: сын Нямані вял. жупан Стэфан Первавянчаны [1196—1227], які ў 1217 прыняў каралеўскі тытул; кароль Ураш III Дзечанскі (1321—31]; яго сын Стэфан III Душан [1331—55], які стварыў вял. серба-грэч. царства на Балканах і абвясціў сябе (1346) царом сербаў і грэкаў; яго сын цар Стэфан Ураш [1355—71], пры якім дзяржава Н. распалася і дынастыя спынілася.

т. 11, с. 409

НЯМЕ́ГЛЯ,

рака ў Старадарожскім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Пціч (бас. р. Прыпяць). Даўж. 20,2 км, пл. вадазбору 62 км². Пачынаецца за 1,3 км на ПнЗ ад в. Аляксандраўка, у ніжнім цячэнні называецца Руч. Вусце каля в. Лука. Рэчышча каналізаванае.

т. 11, с. 409

НЯМЕ́РЖА,

вёска ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл., каля аўтадарогі.Драгічын—Бяроза. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПнЗ ад горада і 23 км ад чыг. ст. Драгічын, 126 км ад Брэста. 407 ж., 149 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 409

НЯМЕ́ЦКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА ў Лейпцыгу,

нямецкая нац. бібліятэка. Засн. ў 1912. У 1950 у яе склад уключаны Ням. музей кнігі і пісьменства (засн. ў 1884) з каштоўнымі зборамі рукапісаў, інкунабул і старадрукаў, у 1959 — зборы Т-ва ням. кнігавыдаўцоў у Лейпцыгу (засн. ў 1825), у 1964 — Ням. музей вытв-сці паперы (засн. ў 1957). Збірае і захоўвае творы нямецкамоўнага сусв. пісьменства, даследаванні па германістыцы. З’яўляецца нац. бібліягр. цэнтрам (з 1931 выдае бягучую «Нямецкую нацыянальную бібліяграфію»). У 1991 разам з Ням. б-кай у Франкфурце-на-Майне і Муз. архівам у Берліне ўвайшла ў склад створанай у 1990 федэральнай установы «Нямецкая бібліятэка».

П.К.Мазоўка.

т. 11, с. 409

НЯМЕ́ЦКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ О́ПЕРА (Die Deutsche Staatsoper),

адзін з буйнейшых музычных тэатраў Германіі. Адкрыты ў 1742 у Берліне як Прыдворны оперны тэатр (арх. Г.В.Кнобельсдорф) пастаноўкай оперы «Цэзар і Клеапатра» К.Г.Граўна (заснавальнік і першы кіраўнік т-ра). Да 1918 наз. Каралеўская опера. Неафіц. назва — «Тэатр на Унтэр-дэн-Ліндэн» (ад назвы вуліцы, на якой размешчаны будынак т-ра). Напачатку ставіліся пераважна італьян. і франц. оперы (спявалі італьян. спевакі), з канца 18 ст. таксама творы ням. і аўстр. кампазітараў, у т. л. В.А.Моцарта, Л.Бетховена, К.М.Вебера, Г.А.Маршнера, Дж.Меербера (у 1842—50 генерал-музік-дырэктар), Р.Вагнера, Р.Штрауса, П.Дэсаў, А.Берга, К.Орфа, Граўна і інш. З 1923 у рэпертуары оперы і балеты П.Чайкоўскага, М.Рымскага-Корсакава, М.Мусаргскага, С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча, А.Хачатурана, В.Баснера, А.Пятрова і інш. У т-ры выступалі спевакі П.Віярдо-Гарсія, Л.Леман, П.Лука, Е.Лінд, Г.Мара, П.Г.Мільдэр-Гаўптман, А.Паці. У розныя гады калектыў узначальвалі дырыжоры Граўн (1742—59), Г.Спанціні (1820—42), М.Шылінгс (1919—24 і 1933), Э.Клейбер (1925—35), Ф.Канвічны (1955—62), О.Суітнер (з 1964—71 і з 1974), цяпер К.Тылеман (2000). Сярод балетмайстраў: П.Тальёні (1856—83), Г.Кролер (1919—22), Т.Гзоўская (1945—52), Л.Грубер (1955—70), Э.Бішаф (з 1972).

т. 11, с. 409

НЯМЕ́ЦКАЯ МО́ВА,

адна з германскіх моў (заходнегерманская падгрупа). Афіц. мова Германіі, Аўстрыі, Ліхтэнштэйна, адна з афіц. моў Швейцарыі, Бельгіі, Люксембурга. Мае 3 групы дыялектаў (ніжненям., сярэдненям. і паўд.-ням.), кожная з якіх падзяляецца на зах. і ўсх. падгрупы. У фанетыцы — наяўнасць доўгіх і кароткіх галосных, дыфтонгаў, адсутнасць проціпастаўлення зычных па цвёрдасці — мяккасці, дынамічны нефіксаваны націск. У марфалогіі — сінтэтычны і аналітычны спосабы перадачы граматычных катэгорый. У сінтаксісе — пераважна дзеяслоўны тып сказа, месца асабовай формы дзеяслова фіксаванае. Развітая сістэма сродкаў словаўтварэння; шырока ўжываецца словаскладанне. Сучасная ням. літ. мова Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі мае некаторыя нарматыўныя адрозненні, пераважна ў лексіцы і вымаўленні. Разыходжанні ў вусным маўленні паміж варыянтамі Н.м. больш значныя. Пісьменства з 8 ст. на аснове лац. графікі.

Літ.:

Жирмунский В.М. История немецкого языка. 5 изд. М., 1965;

Глушак Т.С. Функциональная стилистика немецкого языка. Мн., 1981;

Копанев П.И., Беер Ф. Теория и практика письменного перевода. Ч. 1. Перевод с немецкого языка на русский. Мн., 1986;

Копанев П.И., Хильтов Н.Г. Учебник немецкого языка: Деловое общение. Ч. 1—2. Мн., 1995.

т. 11, с. 409

НЯМЕ́ЦКІ НАРО́ДНЫ КАНГРЭ́С (ННК; Deutscher Volkskongreß),

сход дэлегатаў ад паліт. партый і масавых арг-цый, кіроўны Сацыяліст. адзінай партыяй Германіі (САПГ; засн. ў 1946) пасля 2-й сусв. вайны. Пасяджэнні кангрэса адбыліся ў снеж. 1947, сак. 1948 і маі 1949, ён выбраў у сак. 1948 1-ы, у маі 1949 2-і Нямецкі нар. савет (апошні 30.5.1949 прыняў праект канстытуцыі, а 7.7.1949 канстытуіраваўся як часовая Нар. палата і абвясціў Германскую Дэмакратычную Рэспубліку, ГДР). ННК праводзіў сав. палітыку адносна Германіі і служыў для САПГ інструментам у будаўніцтве аднапарт. сістэмы. У зах. акупац. зонах краіны забаронены ў пач. 1948. У сувязі з заснаваннем ГДР ННК канстытуіраваўся ў кастр. 1949 як Нац. фронт дэмакр. Германіі.

т. 11, с. 409

НЯМЕ́ЦКІ О́РДЭН,

гл. Тэўтонскі ордэн.

т. 11, с. 409

НЯМІ́ГА, Няміза,

рака ў Мінску, правы прыток р. Свіслач (бас. р. Дняпро). Даўж. каля 5 км. У канцы 19 — сярэдзіне 20 ст. заключана ў падземны калектар. Пачынаецца на ПдЗ горада, працякае пад зямлёй у раёне ўсх. часткі праспекта Жукава, вуліц Чыгуначная, Грушаўская, Разінская, Рамізніцкая, праспекта Дзяржынскага, з паўд. боку Тэатра музкамедыі, пад вуліцамі Мяснікова і Няміга, упадае ў Свіслач насупраць Траецкага прадмесця.

т. 11, с. 409

НЯМІ́ГА,

адна са стараж. вуліц Мінска. Знаходзіцца ў гіст. цэнтры горада, паміж р. Свіслач і вул. К.Цэткін; працягласць 1840 м. Назва ад р. Няміга (прыток Свіслачы, заключана ў падземны калектар), уздоўж якой вуліца пралягала. Узнікла ў 12 ст. як адна з цэнтр. гандл. магістралей, што злучала гандл. плошчу перад Мінскім замкам (Нізкі рынак) з б. Койданаўскім трактам. У дакументах 16—18 ст. наз. Нямізскай. У 19 ст. ўключала Нізкі і Рыбны рынкі, звязвала гандл. плошчу на Траецкай гары з рынкам у б. Раманаўскім прадмесці (раён сучасных вуліц Раманаўская слабада і Мяснікова). Да канца 18 ст. забудова была пераважна драўляная (у 1793 існавалі толькі 2 мураваныя дамы), шмат разоў гарэла (асабліва моцны пажар у 1835). У пач. 17 ст. на скрыжаванні вуліц Н. і Ракаўскай пабудаваны комплекс правасл. манастыра з Мінскай Петрапаўлаўскай царквой, на правым баку Н. да 1965 стаяў будынак сінагогі 18 ст. У 19 ст. забудавана 2—3-павярховымі жылымі будынкамі з крамамі, якія стваралі суцэльны вулічны фронт, мелі рысы класіцызму. Напачатку праезная ч. вуліцы была вымашчана драўляным насцілам, у 17—18 ст. забрукавана, у пач. 20 ст. заасфальтавана. У Вял. Айч. вайну ў раёне вуліц Н. і Ракаўскай было гета. У пач. 1970-х г. забудова Н. знесена ў сувязі з рэканструкцыяй трансп. магістралі — вуліца М.Горкага (цяпер М.Багдановіча) — Няміга. У 1990-я г. на Н. пабудаваны рэстаран «МакДональдс» (арх. А.Чадовіч), комплекс 12-павярховых жылых дамоў, гандл. цэнтр «На Нямізе» (кіраўнік аўтарскага калектыву арх. С.Мусінскі).

Э.М.Загарульскі.

Вуліца Няміга. Фота 1948.
Вуліца Няміга. 2000.

т. 11, с. 409