Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЯЗБО́ДЗІЧЫ,

вёска ў Свіслацкім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Калона. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПдЗ ад гар. пасёлка і 12 км ад чыг. ст.Свіслач, 107 км ад Гродна. 297 ж., 122 двары (2000). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. пагранічнікаў, помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 407

НЯЗГО́ДНАСЦЬ у геалогіі, нязгоднае заляганне,

межаванне рознаўзроставых пластоў горных парод па паверхні размыву, які ўтварыўся ў выніку перарыву ў асадканамнажэнні. Фіксуе прасторавыя і гіст. суадносіны рознаўзроставых горных парод. Няпоўны стратыграфічны разрэз геал. адкладаў наз. стратыграфічнай Н. (яўнай, або схаванай). У залежнасці ад залягання кантактуючых тоўшчаў адрозніваюць Н.: паралельную, вуглавую, азімутальную, покрыўную, структурную, лакальную і інш.

І.В.Клімовіч.

т. 11, с. 407

НЯЗМЕ́ННАСЦЬ СУ́ДДЗЯЎ,

адзін з асн. канстытуцыйных прынцыпаў судаўладкавання большасці дэмакр. краін свету. Заключаецца ў тым, што суддзя, які прызначаны (у рэдкіх выпадках — выбраны), займае сваю пасаду пажыццёва або да дасягнення пэўнага ўзросту. У Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995 суддзі выконваюць свае абавязкі бестэрмінова, акрамя назначаных на гэтую пасаду ўпершыню. Суддзі, назначаныя на такую пасаду ўпершыню, пасля 5 гадоў работы суддзёй назначаюцца бестэрмінова. Суддзі па адм. справах і выканаўчых вядзеннях назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь тэрмінам на 5 гадоў. Суддзі ўсіх судоў нязменныя: яны не могуць быць пераведзены на інш. пасаду або ў інш. суд без асабістай згоды. Паўнамоцтвы суддзі могуць быць спынены толькі ў парадку і на падставах, устаноўленых законам.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 11, с. 407