НЯКРА́САЎ (Альберт Васілевіч) (20.4.1937, г. Красавіна Валагодскай вобл., Расія — 22.9.1992),

бел. мастак. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя В.Мухінай (1965). Выкладаў з 1965 у Віцебскім пед. (з 1977 — тэхнал.) ін-це. Творам уласцівы рамант. ўзнёсласць, лаканізм і дэкар. абагульненасць форм, матавасць жывапіснай фактуры, стрыманая гама колераў. Аўтар станковых кампазіцый «Дзяўчына з касой» (1969), «У восеньскім парку» (1971), «Раніца» (1974), «Дзеці» (1976), «Бацькоўскі край», «Хвіліна адпачынку» (абодва 1981), «Восень» (1982), «Першы снег» (1983), трыпціха «Зіма» (1982), серый акварэляў «Па родных мясцінах», «Лепельшчына», «Міжземнамор’е» (усе 1992), твораў манум. мастацтва: размалёўкі «Этапы вялікага шляху» (1967) у будынку ГПТВ-19 і «Чалавек і прырода» (1980) у вытв. корпусе швейнай фабрыкі «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску, мазаіка «Дзяцінства» на будынку сярэдняй школы № 4 г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1973) і інш.

М.Л.Цыбульскі.

А.Някрасаў. Дзеці. 1976.

т. 11, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)