НЯЖДА́НАВА (Антаніна Васілеўна) (16.6.1873, г. Адэса, Украіна — 26.6.1950),
расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог; буйнейшая прадстаўніца рус.вак. школы. Нар.арт.СССР (1936). Герой Працы (1925). Д-р мастацтвазнаўства (1944). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1902, клас У.Мазеці), з 1943 яе прафесар. З 1902 салістка Вял.т-ра ў Маскве. З 1936 педагог студыі Вял.т-ра, пазней Опернай студыі К.Станіслаўскага. Валодала голасам рэдкага прыгожага тэмбру, вял. дыяпазону, роўным ва ўсіх рэгістрах. Яе выкананне вылучалася бездакорным вак. майстэрствам, рэалістычнасцю, прастатой і псіхал. асэнсаванасцю. Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Марфа, Снягурачка, Валхава, Шамаханская царыца («Царская нявеста», «Снягурачка», «Садко», «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Лакмэ («Лакмэ» Л.Дэліба), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Джыльда («Рыгалета» Дж.Вердзі), Царыца ночы («Чароўная флейта» В.А.Моцарта), Эльза («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Нінета («Любоў да трох апельсінаў» С.Пракоф’ева). Выступала ў т-ры «Гранд-апера» (1912). Вяла канцэртную дзейнасць разам з мужам М.Галаванавым. Творча дапамагала калектыву Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Кансультант Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940). Дзярж. прэмія СССР 1943.
Літ.:
Львов М. А.В.Нежданова. М., 1952;
Подольский В. А.В.Нежданова и ее ученики. М., 1960;