Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КРАКЛЕ́ (франц. craquelé),

сетка тонкіх трэшчын на паліванай паверхні керамічных вырабаў, якая ствараецца дзеля дэкар. эфекту. Для гэтага выкарыстоўваюць неадпаведнасць каэфіцыентаў расшырэння чарапка і палівы пры абпальванні. Існуюць розныя віды К., у т. л. «кракадзілава скура».

т. 8, с. 446

КРАКО́СМІЯ, мантбрэцыя (Crocosmia),

род кветкавых раслін сям. касачовых. 7 відаў. Пашыраны ў Паўд. Афрыцы. На Беларусі інтрадукаваны садовы гібрыд К. звычайная (C. crocosmiiflora) у Цэнтр. бат. садзе Нац. АН. Мае шмат сартоў (напр., Везувій, Ледзі Аксфорд).

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 60—100 см. Сцябло прамое, разгалінаванае. Лісце мечападобнае, у густых пучках. Кветкі аранжава-чырванаватыя, дыяметрам 3—5 см у верхавінкавым мяцёлчатым суквецці. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.

т. 8, с. 446

КРА́КСІ ((Craxi) Беціна) (Бенедзета; н. 24.2.1934, г. Мілан, Італія),

італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык. Чл. Італьянскай сацыялістычнай партыі (ІСП; з 1952), яе ЦК (з 1957) і кіраўніцтва (з 1965), ген. (паліт.) сакратар ІСП (з 1976). Прыхільнік ідэй рэфармісцкага сацыялізму. Чл. муніцыпальнага савета Мілана (1960—70). Дэп. парламента (з 1968). Старшыня Савета Міністраў Італіі ў 1983—87. Прыцягваўся па справе аб карупцыі, у 1993 адышоў ад паліт. дзейнасці. Аўтар працы «Сацыялізм ад Сант’яга да Прагі» (1976) і інш. гіст. твораў.

т. 8, с. 446

КРА́ЛЕВІЧ ((Kraljević) Міраслаў) (14.12. 1885, Госпіч, Харватыя — 16.4.1913),

харвацкі жывапісец і графік; адзін з заснавальнікаў харвацкай школы жывапісу 20 ст. Вучыўся ў АМ у Мюнхене (1907—11), акадэміі Гранд-Шам’ер у Парыжы (1911). Зазнаў уплывы Г.Курбэ і Э.Манэ. У абагульненай свабоднай манеры рабіў партрэты, пейзажы, нацюрморты, анімалістычныя сцэны, якія вызначаюцца стрыманасцю колеравай гамы, рысамі схаванага эмацыянальнага напружання і драматызму. Сярод твораў: «Аўтапартрэт з сабакам» (1910), «Аўтапартрэт з люлькай», «Бонвіван», «Люксембургскі сад» (усе 1912) і інш.

т. 8, с. 446

КРАЛЬ ((Kráľ) Янка) (24.4.1822, г. Ліптаўскі-Мікулаш, Славакія — 23.5.1876),

славацкі паэт-рамантык. Па адукацыі юрыст. Удзельнік нац.-вызв. руху 1840-х г. Прыхільнік ідэі яднання слав. народаў. Аўтар антыфеад. («Выпадкі з Яношыкам», 1843—44), філас.-лірычнага («Драма свету», 1844—45) цыклаў вершаў, рамант. паэмы «Сын стэпу» (1846—47), шэрагу балад, дум, перайманняў нар. песень. Паэзія К. адметная выкарыстаннем рамант. гіпербалы, алегорыі, сімвалаў. Большасць яго твораў апублікавана ў 20 ст.

Тв.:

Рус. пер. — Моя песня. М., 1957;

У кн.: Словацкая поэзия XIX—XX вв. М., 1964.

А.​У.​Вострыкава.

т. 8, с. 446

КРАМ (Cram) Дональд Джэймс, гл. Крэм Д.​Дж.

т. 8, с. 446

КРА́МА,

памяшканне, будынак ці яго частка, прызначаныя для гандлю. У Беларусі вядома з часу вылучэння рамёстваў у самаст. галіну гасп. дзейнасці. У гарадах 10—12 ст. К. існавалі ў рамесніцкіх пасадах. У 15—16 ст. вакол дзярж. і прыватнаўласніцкіх таргоў фарміраваліся гандлёва-рамесніцкія паселішчы з вял. колькасцю К. Паводле арх.-планіровачнай і функцыянальнай будовы вылучалася некалькі тыпаў К.: невял. будынак з гандл. памяшканнем і каморай; 1- ці 2-павярховы будынак, які спалучаў уласна К., жыллё рамесніка-гандляра і яго майстэрню; памяшканне ў комплексе гандлёвых радоў на плошчы горада ці мястэчка. Адметнасцямі К. з’яўляліся ганак з адкрытай галерэяй, аканіцы, падвойныя дзверы з жал. заваламі для запірання дзвярэй, маляваныя шыльды на шчыце-франтоне. К., змыкаючыся дахамі, галерэямі, утваралі шчыльную забудову вуліцы ці плошчы. У гарадах, якія мелі магдэбургскае права, нярэдка былі аб’яднаны з будынкам ратушы. У наш час К. наз. невял. гандл. памяшканне.

А.​І.​Лакотка.

т. 8, с. 446

КРАМАНЬЁНЕЦ, неаантрап,

чалавек сучаснага тыпу (Homo sapiens), які з’явіўся на Зямлі 50—40 тыс. г. назад. Назва ад грота Кро-Маньён (Францыя), дзе ў 1868 франц. археолаг Э.​Лартэ знайшоў 5 чалавечых шкілетаў разам з крамянёвымі прыладамі працы арыньякскага тыпу. Асн. рысы К.: прамы высокі лоб, высокае скляпенне і вял. ёмістасць чэрапа, шырокі твар, малая адлегласць паміж вачамі і высокі рост. З самага ранняга перыяду свайго існавання К. па марфалагічным тыпе падзяляліся на некалькі расавых варыянтаў. Ад сучасных людзей К. адрозніваюцца толькі больш масіўным шкілетам.

Л.​І.​Цягака.

Выява краманьёнца Рэканструкцыя Мак-Грэгара па чэрапе з грота Кро-Маньён, Францыя.

т. 8, с. 446

Крамарэнка Віктар Уладзіміравіч

т. 18, кн. 1, с. 411

КРАМАРЭ́ЎСКІ (Леў Міхайлавіч) (27.7. 1896, г. Харкаў, Украіна — 24.3.1976),

балетмайстар і педагог. Па адукацыі ўрач. Танц. мастацтву вучыўся ў балерыны Ю.​Сядовай. З 1930 балетмайстар Бел. студыі оперы і балета, да 1937 у Дзярж. т-ры оперы і балета БССР. У 1933 з групай запрошаных ім артыстаў БДТ-1, навучэнцаў харэагр. класа Бел. муз. тэхнікума і танцораў-аматараў паставіў балет «Чырвоны мак» Р.​Гліэра, які даў пачатак балетнаму рэпертуару т-ра оперы і балета Беларусі. Сярод інш. пастановак: балет «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні, танцы ў операх «Кармэн» Ж.​Бізэ, «Князь Ігар» А.​Барадзіна, «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага і інш. Працаваў у т-рах оперы і балета Алма-Аты і Фрунзе, у мімічным ансамблі Вял. т-ра ў Маскве.

Б.​С.​Смольскі.

т. 8, с. 446