КРАМАРЭ́ЎСКІ (Леў Міхайлавіч) (27.7. 1896, г. Харкаў, Украіна — 24.3.1976),

балетмайстар і педагог. Па адукацыі ўрач. Танц. мастацтву вучыўся ў балерыны Ю.​Сядовай. З 1930 балетмайстар Бел. студыі оперы і балета, да 1937 у Дзярж. т-ры оперы і балета БССР. У 1933 з групай запрошаных ім артыстаў БДТ-1, навучэнцаў харэагр. класа Бел. муз. тэхнікума і танцораў-аматараў паставіў балет «Чырвоны мак» Р.​Гліэра, які даў пачатак балетнаму рэпертуару т-ра оперы і балета Беларусі. Сярод інш. пастановак: балет «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні, танцы ў операх «Кармэн» Ж.​Бізэ, «Князь Ігар» А.​Барадзіна, «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага і інш. Працаваў у т-рах оперы і балета Алма-Аты і Фрунзе, у мімічным ансамблі Вял. т-ра ў Маскве.

Б.​С.​Смольскі.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)