КРАМАНЬЁНЕЦ, неаантрап,

чалавек сучаснага тыпу (Homo sapiens), які з’явіўся на Зямлі 50—40 тыс. г. назад. Назва ад грота Кро-Маньён (Францыя), дзе ў 1868 франц. археолаг Э.Лартэ знайшоў 5 чалавечых шкілетаў разам з крамянёвымі прыладамі працы арыньякскага тыпу. Асн. рысы К.: прамы высокі лоб, высокае скляпенне і вял. ёмістасць чэрапа, шырокі твар, малая адлегласць паміж вачамі і высокі рост. З самага ранняга перыяду свайго існавання К. па марфалагічным тыпе падзяляліся на некалькі расавых варыянтаў. Ад сучасных людзей К. адрозніваюцца толькі больш масіўным шкілетам.

Л.І.Цягака.

Выява краманьёнца Рэканструкцыя Мак-Грэгара па чэрапе з грота Кро-Маньён, Францыя.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)