КРА́МА,
памяшканне, будынак ці яго частка, прызначаныя для гандлю. У Беларусі вядома з часу вылучэння рамёстваў у самаст. галіну гасп. дзейнасці. У гарадах 10—12 ст. К. існавалі ў рамесніцкіх пасадах. У 15—16 ст. вакол дзярж. і прыватнаўласніцкіх таргоў фарміраваліся гандлёва-рамесніцкія паселішчы з вял. колькасцю К. Паводле арх.-планіровачнай і функцыянальнай будовы вылучалася некалькі тыпаў К.: невял. будынак з гандл. памяшканнем і каморай; 1- ці 2-павярховы будынак, які спалучаў уласна К., жыллё рамесніка-гандляра і яго майстэрню; памяшканне ў комплексе гандлёвых радоў на плошчы горада ці мястэчка. Адметнасцямі К. з’яўляліся ганак з адкрытай галерэяй, аканіцы, падвойныя дзверы з жал. заваламі для запірання дзвярэй, маляваныя шыльды на шчыце-франтоне. К., змыкаючыся дахамі, галерэямі, утваралі шчыльную забудову вуліцы ці плошчы. У гарадах, якія мелі магдэбургскае права, нярэдка былі аб’яднаны з будынкам ратушы. У наш час К. наз. невял. гандл. памяшканне.
А.І.Лакотка.
т. 8, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)