Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРЫВАБЛО́ЦКАЯ (Галіна Пятроўна) (н. 26.6.1953, в. Янкі Докшьщкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). З 1976 на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва, з 1993 выкладчык каледжа мастацтваў у Мінску. Працуе пераважна ў галіне габелена ў тэхніцы аўтарскага ручнога ткацтва. Творы вызначаюцца стрыманай колеравай гамай, алегарычнасцю: габелены-заслоны «Жытнёвае поле» (1985) для гасцініцы «Беларусь», «Вясёлка» (1988—93) для Палаца Рэспублікі ў Мінску, «Бярдзічаў» (1986—87, з В.Грыдзінай) для Палаца культуры завода «Хіммаш» у г. Бярдзічаў (Украіна), серыі габеленаў «Краявіды» (1993), «Дыялог з прыродай» (1993—96), «Замкі Беларусі» (1997), габелены «Актава» (1978), «Ў Белавежскай дуброве» (1981), «Блакітны дзень» (1983), «Рэквіем. Трасцянец» (1984), «Шлях», «Курапаты» (абодва 1988), «Ахвярам 37-га» (1990), «Апошнія ліхтары» (1991), «Дзень» (1996) і інш. Аўтар сцэн. касцюмаў для ансамбляў «Харошкі», «Песняры» (1976—80) і інш.

Г.А.Фатыхава.

Г.Крываблоцкая. Апошнія ліхтары. 1991.

т. 8, с. 492

КРЫВАБЛО́ЦКІ (Уладзімір Васілевіч) (н. 17.2.1952, в. Хвалава Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. мастак-манументаліст, жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). З 1997 выкладчык каледжа мастацтваў у Мінску. Працуе ў тэхніцы вітража, мазаікі, размалёўкі. Творчасць вызначаецца філасафічнасцю, уменнем арганізаваць вял арх. асяроддзе: вітраж «Чалавек і прырода» (1978) y НВА «Цэнтрсістэм» у Мінску, размалёўка «У імя жыцця на зямлі» (1985) у Музеі нар. славы ў г. п. Ушачы Віцебскай вобл., мазаікі на тарцах жылых дамоў у Брэсце (1985) і Салігорску (1986, 1997) і інш. Сярод станковых карцін: «Дыялог», «Песня пра зубра» (абедзве 1982), трыпціх «Маці зямлі» (1985), «Дрэва жыцця» (1997) і інш.

Г.А.Фатыхава.

У.Крываблоцкі. Фрагмент мазаікі «Дрэва жыцця». 1997.

т. 8, с. 492

«КРЫВА́ВАЯ НЯДЗЕ́ЛЯ»,

дзень расстрэлу 9 (22).1.1905 урадавымі войскамі ў Пецярбургу мірнай маніфестацыі рабочых, якія хацелі перадаць петыцыю цару Мікалаю II. Шэсце арганізавана паводле рашэння «Сходу рускіх фабрычна-заводскіх рабочых Санкт-Пецярбурга» на чале з Г.А.Гапонам. Увечары 8 студз. дэпутацыя інтэлігенцыі (у т. л. пісьменнік М.Горкі) звярнулася да старшыні кабінета міністраў С.Ю.Вітэ, каб папярэдзіць магчымае кровапраліцце. Вітэ накіраваў дэлегацыю да міністра ўнутр. спраў П.Д.Святаполка-Мірскага, які яе не прыняў. Раніцай 9 студз. дзесяткі тысяч рабочых, а таксама старыя, жанчыны і дзеці з абразамі і партрэтамі цара накіраваліся на плошчу перад Зімнім палацам. Паводле загаду пецярбургскага ген.-губернатара вял. кн. Уладзіміра Аляксандравіча войскі (усяго больш за 40 тыс. вайскоўцаў і паліцэйскіх) адкрылі агонь. Было забіта і паранена каля 4,6 тыс. маніфестантаў. «К.н.» стала пачаткам Рэвалюцыі 1905—07 у Расіі.

т. 8, с. 492

КРЫВА́ВАЯ ПО́МСТА,

звычай, што склаўся пры радавым ладзе як універсальны сродак абароны гонару, годнасці і маёмасці роду. Заключаўся ў абавязку родных забітага адпомсціць забойцу або яго родным. К. п. забаранялася, калі забойства было ўчынена па неасцярожнасці або выпадкова. К. п. існавала ў многіх краінах і рэгіёнах, а ў некаторых з іх (Албанія, Сербія, Паўд. Італія, Корсіка, Японія і інш.) захавалася да 20 ст. У Расійскай імперыі найдаўжэй захоўвалася ў некаторых народаў Каўказа і Сярэдняй Азіі.

т. 8, с. 493

КРЫВАЛІНЕ́ЙНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,

каардынаты пункта ў плоскай вобласці, на паверхні ці ў прасторы, адрозныя ад прамалінейных (дэкартавых) каардынат. Сувязь з дэкартавымі каардынатамі ажыццяўляецца праз каэфіцыенты Ламе. К. к. выкарыстоўваюцца ў выліч. задачах матэматыкі і фізікі, дзе яны з’яўляюцца ў пэўным сэнсе натуральнымі каардынатамі пунктаў (напр., сферычная сістэма каардынат у шаравых абласцях, цыліндрычная сістэма каардынат і палярная сістэма каардынат у кругавых).

А.А.Гусак.

т. 8, с. 493

КРЫВАЛІНЕ́ЙНЫ ІНТЭГРА́Л,

інтэграл, узяты ўздоўж крывой на плоскасці ці ў прасторы. Адрозніваюць К. і. 1-га і 2-га роду, якія зводзяцца да вызначаных інтэгралаў, у некаторых выпадках да двайных (гл. Грына формулы) ці паверхневых інтэгралаў (гл. Стокса формула). Упершыню сустракаюцца ў А.К.Клеро (1743) у агульным выглядзе ўведзены А.Кашы (1825). К. і. ўзнікаюць у задачах адшукання масы крывой пераменнай шчыльнасці (К. і. 1-га роду), работы ў сілавым полі (К. і. 2-га роду) і інш.

т. 8, с. 493

КРЫВА́ЛЬ,

меліярацыйны канал у Беларусі, гл. Асавецкі канал.

т. 8, с. 493

КРЫВАНО́С (Максім) (? — ліст. 1648),

дзеяч укр. нац.-вызв. руху, адзін з паплечнікаў Б.Хмяльніцкага. Казацкі палкоўнік. У 1648 узначаліў сял. і казацкі рух на Брацлаўшчыне, Падоліі і Валыні, вызваліў ад польск. панавання ўсю Левабярэжную і ч. Правабярэжнай Украіны. Вызначыўся ў Корсуньскай бітве 1648, перамог польск. войскі ў бітвах каля Піляўцаў, Махноўкі і Канстанцінава, авалодаў львоўскай крэпасцю Высокі Замак. Памёр у час эпідэміі чумы пасля аблогі крэпасці Замосце.

т. 8, с. 493

КРЫВАНО́С (1920, в. Альхоўка Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 27.6.1944),

Герой Сав. Саюза (1945).

Скончыў Бабруйскі лесатэхн. тэхнікум (1940), Саратаўскае танк. вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Камандзір танк. ўзвода мал. лейт. К. вызначыўся ў чэрв. 1944 у час ліквідацыі варожай групоўкі каля Віцебска.: бранёй свайго танка закрыў танк камандзіра палка, паранены працягваў камандаваць баявымі дзеяннямі ўзвода, памёр ад ран.

П.А.Крыванос.

т. 8, с. 493

КРЫВАНО́САЎ (Міхаіл Пятровіч) (н. 1.5.1929, г. Крычаў Магілёўскай вобл. — 11.11.1994),

бел. спартсмен і трэнер па лёгкай атлетыцы (кіданне молата). Засл. майстар спорту СССР (1954). Засл. трэнер Беларусі (1965), засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1971). Канд. пед. навук. Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1953) і працаваў у ім (заг. кафедры, з 1976 прарэктар). Сярэбраны прызёр XVI Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія). Чэмпіён Еўропы (1954, Берн), сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1958, Стакгольм). Чэмпіён СССР (1952, 1954—58). Рэкардсмен свету (6 рэкордаў), СССР (11 рэкордаў).

т. 8, с. 493