Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДАВЫ́ДАЎ (Юрый Уладзіміравіч) (н. 20.11.1924, Масква),

рускі пісьменнік. Аўтар аповесцей «У марах і вандроўках» (1949, пра ліцэйскага сябра А.​С.​Пушкіна рус. мараплаўца Ф.​Ф.​Мацюшкіна), «Паўднёвы Крыж» (1957, пра капітана О.​Я.​Кацэбу), гіст. аповесцей пра нарадавольцаў «Сакавік» (1959) і «Глухая пара лістапада» (кн. 1—2, 1968—70), рамана пра Г.​А.​Лапаціна «Саламяная вартоўня» («Дзве вязкі пісьмаў», 1986, Дзярж. прэмія СССР 1987) і інш.

Тв.:

Соч. Т. 1—3. М., 1996.

т. 5, с. 567

ДАВЫ́ДАЎКА,

вёска ў Гомельскім р-не, каля аўтадарогі Гомель—Калінкавічы. Цэнтр сельсавета. За 7 км на ПдЗ ад Гомеля. 1312 ж., 329 двароў (1997). Лясніцтва. Разлікова-каап. прадпрыемства. Сярэдняя школа, аддз. сувязі.

т. 5, с. 567

ДАВЫ́ДАЎКА,

вёска ў Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Іпа. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПдЗ ад Светлагорска, 135 км ад Гомеля, 9 км ад чыг. ст. Жэрдзь. 103 ж., 60 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі Давыдаўскае радовішча каменнай солі і Давыдаўскае радовішча нафты.

т. 5, с. 567

ДАВЫ́ДАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАМЕ́ННАЙ СО́ЛІ,

у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Давыдаўка. Адкрыта ў 1941. Паклады звязаны з верхнедэвонскай саляноснай фармацыяй, прымеркаваны да Давыдаўскага падняцця Рэчыцкага вала Прыпяцкага прагіну. Соль залягае асобнымі пластамі з тонкімі праслоямі глініста-карбанатных парод. Разведаныя запасы 20,7 млрд. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—69 м. Паверхня адкладаў залягае на глыб. 823,4—880 м.

А.​П.​Шчураў.

т. 5, с. 567

ДАВЫ́ДАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,

у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Давыдаўка. Адкрыта ў 1967. Распрацоўваецца з 1975. Паклады нафты пл. каля 11 км² прымеркаваны да падсалявых, міжсалявых і надсалявых дэвонскіх адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб. 2532 — 3110 м. Пароды-калектары — кавернозна-порава-трэшчынаватыя даламіты, даламітызаваныя вапнякі, вапнякі, ангідрыты з лінзамі вапнякоў. Нафта лёгкая, маласярністая, смалістая, парафінавая з вялікай колькасцю бензінавых і газавых фракцый.

А.​П.​Шчураў.

т. 5, с. 567

ДАВЫДЗЕ́НКА (Леанід Мікалаевіч) (н. 14.8.1941, в. Залатаміно Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне эканам. тэорыі. Д-р эканам. н. (1990), праф. (1991). Скончыў БДУ (1972) і працуе ў ім. Даследуе тэарэт. праблемы аграрна-прамысл. кааперацыі, дзярж. рэгулявання сац.-эканам. адносін, грамадскага падзелу працы ў АПК. Аўтар падручнікаў для ВНУ па асновах эканам. тэорыі, мікра- і макраэканомікі і інш.

Тв.:

Социально-экономическая эффективность аграрно-промышленного кооперирования. Мн., 1977;

Основы экономической теории. Мн., 1991 (у сааўт.);

Государственное регулирование социально-экономических отношений. Мн., 1996 (у сааўт.).

т. 5, с. 569

ДАВЫДЗЕ́НКА (Ніна Сцяпанаўна) (н. 8.5.1933, г. Віцебск),

бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1952). З 1952 салістка, у 1973—83 педагог-рэпетытар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Майстэрства Давыдзенкі вызначае лёгкасць, тэхн. дасканаласць танца, шчырасць і натуральнасць у перадачы пачуццяў гераінь. Выконвала разнапланавыя партыі ў балетах сучаснага, у т. л. бел., і класічнага рэпертуару: Ларыса («Аповесць пра каханне» В.​Залатарова), Насця, Анежка («Падстаўная нявеста» і «Святло і цені» Г.​Вагнера), Наталька («Выбранніца» Я.​Глебава), Эгіна («Спартак» А.​Хачатурана), Папялушка («Папялушка» С.​Пракоф’ева), Хасінта («Лаўрэнсія» А.​Крэйна), Адэта—Адылія, Маша, Аўрора («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Кітры, Гамзаці («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Жызэль, Медора («Жызэль», «Карсар» А.​Адана), Сольвейг і Доўрская дзяўчына («Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга), Анель і Францыска («Блакітны Дунай» на муз. І.​Штрауса). Шмат працавала з самадзейнымі калектывамі.

Літ.:

Чурко Ю. Ніна Давыдзенка // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978. Кн. 3.

А.​І.​Калядзэнка.

Н.С.Давыдзенка.
Н.Давыдзенка ў партыі Адэты.

т. 5, с. 569

ДАВЫ́ДЗЬКА (Генадзь Браніслававіч) (н. 29.9.1955, г. Сянно Віцебскай вобл.),

бел. акцёр, рэжысёр. Скончыў Далёка-ўсходні ін-т мастацтваў (1977, г. Уладзівасток), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1991). У 1980—82 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча. З 1982 у Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Створаныя ім вобразы каларытныя, адметныя дакладным асэнсаваннем драматургічнага матэрыялу. Сярод лепшых роляў: Усходні Вучоны («Тутэйшыя» Я.​Купалы), Драгун («Парог» А.​Дударава), Малюцін («Апошні журавель» Дударава і А.​Жука), Мужык («Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева), Флар’яна («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі), Тарцюф («Тарцюф» Мальера). Ажыццявіў пастаноўкі: «Смех лангусты» Дж.​Марэла, «Звон — не малітва» І.​Чыгрынава (1992), «Гульня ў джын» Д.​Кобурна (1933). Стваральнік і кіраўнік т-ра «Бульвар смеху» (1995).

т. 5, с. 569

ДАВЫ́ДКАЎ (Іван Іванаў) (9.3.1926, в. Жываўцы Міхайлаўградскай акр., Балгарыя — 6.8.1990),

балгарскі пісьменнік, перакладчык. Засл. дз. культ. Балгарыі (1975). Скончыў Сафійскі ун-т (1951). З 1968 гал. рэдактар выд-ва «Балгарскі пісьменнік». Аўтар паэт. зборнікаў «Дняпро цячэ пад маім акном» (1960), «Азарэнне» (1970), «Танец кіпарысаў» (1975), раманаў «Кавалак хлеба для падарожніка» (1970), «Вячэрняя размова з дажджом» (1972), «Бывай, Акропаліс» (1973), «Рыфы далёкіх зорак» (1981). На балг. мову перакладаў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Куляшова, П.​Панчанкі, М.​Танка, П.​Броўкі, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча і інш. У перакладзе Г.​Бураўкіна, Гілевіча, А.​Разанава выйшла кніга выбр. лірыкі Давыдкава «Крокі вернасці» (1970), у перакладзе У.​Анісковіча — раман «Белы конь за акном» (1981).

У.​І.​Анісковіч.

т. 5, с. 569

ДАВЫД-ГАРАДО́К,

горад у Столінскім р-не Брэсцкай вобл., прыстань на р. Гарынь. За 35 км ад г. Столін, 280 км ад г. Брэст, 41 км ад чыг. ст. Гарынь на лініі Лунінец — Сарны. 7,2 тыс. ж. (1997).

Паводле археал. звестак, Давыд-Гарадок узнік у пач. 12 ст. У летапісах упамінаецца з 14 ст. У 14—18 ст. існаваў Давыд-Гарадоцкі замак. У канцы 14—16 ст. цэнтр Давыд-Гарадоцкага княства. З 1522 належаў каралеве Боне, з 1558 — Радзівілам. З 1579 цэнтр ардынацыі, з 1586 уваходзіў у Клецкую ардынацыю. Гараджане ўдзельнічалі ў Давыд-Гарадоцкім паўстанні 1648—50. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 спалены, прыйшоў у заняпад. З 1793 у Рас. імперыі, у 1795—96 цэнтр Давыд-Гарадоцкага павета, меў герб; з 1796 мястэчка Мазырскага пав. Мінскай губ. У 1897 — 7815 ж. З 1921 у Польшчы, мястэчка ў Столінскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, 11,7 тыс. ж. З 1940 горад, цэнтр Давыд-Гарадоцкага раёна Пінскай (з 1954 — Брэсцкай) вобл. З 7.7.1941 да 9.7.1944 акупіраваны ням-фаш. войскамі, якія загубілі ў горадзе 402 чал. У кастр. 1943 партызаны разграмілі ням.-фаш. гарнізон (гл. Давыд-Гарадоцкія баі 1943). З 1961 у Столінскім р-не. У 1970 — 8,9 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы металаапр. (Давыд-Гарадоцкі электрамеханічны завод), харч. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква (2-я пал. 17 ст.). Археал. помнікі — гарадзішча (12—14 ст.), каля Давыд-Гарадка грунтавы могільнік (1—5 ст.), селішча жал. веку, эпохі Кіеўскай Русі і позняга сярэдневякоўя.

т. 5, с. 567